З Таццянай Раманоўскай, кандыдатам біялагічных навук, дацэнтам кафедры генетыкі БДУ размаўляем пра тэорыю Дарвіна, у якой сёлета, як і ў самога Дарвіна, юбілей.

— Ваш прадмет называецца «Тэорыя эвалюцыі», хоць выкладаеце вы на самой справе не адну тэорыю эвалюцыі і не адна яна такая існуе.

— Цалкам заканамерная ваша заўвага. За мяжой аналагічны прадмет мае назву «Эвалюцыйная біялогія». Гэта, безумоўна, больш адпавядае дысцыпліне, якая займаецца вывучэннем пытанняў, звязаных з эвалюцыяй жыцця, разглядае розныя канцэпцыі і гіпотэзы ў кантэксце гэтых пытанняў і распрацоўвае метадычныя падыходы для таго, каб на гэтыя пытанні адказваць. Калі ў часы Ламарка і Дарвіна прадпрымаліся прынцыповыя спробы сфармуляваць адказ на ключавыя пытанні — чаму жывое выглядае так, як яно выглядае, і ці развіваецца яно або застаецца нязменным, — то цяпер кола пытанняў значна шырэй, і на кожнае з іх разглядаюцца альтэрнатыўныя гіпотэзы. Сваім студэнтам на першай лекцыі я гавару, што правільней называць наш прадмет «Эвалюцыйная біялогія», як ва ўсім свеце, і што з часам у нас так і будзе.

— Якое месца ў гэтым курсе займаюць ідэі Дарвіна?

— Тэорыя Дарвіна менавіта ў тым выглядзе, як яна была ім сфармулявана, аказалася надзвычай паспяховай: усё, што ляжыць у яе аснове, цалкам захавала сваю сілу, але пры гэтым дапоўнілася і дапаўняецца фактамі, якія ў часы Дарвіна не маглі яшчэ абмяркоўвацца, таму што не было тады тых ведаў, якія дазволілі б гэтыя факты мець. Або тое, што магло быць тады абазначана як працоўныя гіпотэзы, цяпер правяраецца з улікам новых магчымасцей. Але нічога з таго, што Дарвін прапісаў у палажэннях сваёй тэорыі, не разглядаецца як непатрэбнае ці як нешта, у чым ён не меў рацыі. Дарвін аказаўся на дзіва празорлівы, і гэта пры тым, што разбежка паміж ведамі біёлагаў сёння і тымі, якія яны мелі тады, велiзарная.

— Але не можа тут не напрошвацца пытанне справядлівасці: чаму Дарвін аказаўся лепшым і большым празорцам, чым астатнія, хто працаваў над гэтымі пакутлівымі пытаннямі да яго і ў адзін час з ім? Ідэі тады літаральна луналі ў паветры і выказваліся ў друку многімі даследчыкамі. Ці справядліва аддаваць усё Дарвіну?

— У чым адназначна Дарвіна нельга абвінаваціць, дык гэта ў імкненні перацягнуць на сваё імя лаўры. Калі мы разгорнем яго кнігу, то ў самым пачатку ўбачым выкладзены ім пералік усіх яго папярэднікаў і іх заслуг. Ды і па ходзе самой кнігі, дзе ён выкладае ўжо ўласныя думкі, ён бясконца спасылаецца на працы іншых. Заўважым, што частка даследаванняў рабілася незалежна ад Дарвіна, а частка — па яго просьбе. Ён вёў актыўную перапіску з даследчыкамі ў розных канцах свету і часам прасіў іх даваць яму тую ці іншую інфармацыю, таму што яна была яму патрэбная для падмацавання нейкіх сваіх меркаванняў. І ён абсалютна на ўсіх спасылаецца.

— Я пра гэта і гавару. Тэорыя выглядае больш калектыўнай, чым аўтарскай, і, тым не менш, свет увекавечвае Дарвіна.

— Несумненна, ідэя паходжання відаў не ўзнікла на пустым месцы. У ліку ранейшых эвалюцыяністаў быў, як ведаем, і дзед Чарльза Дарвіна, Эразм Дарвін. Але што зрабіў менавіта Чарльз? Ён выбудаваў даволі стройную канцэпцыю, якая дазволіла зразумець прычыны. Розніца паміж ім і папярэднікамі ў тым, што быў ім не проста заўважаны факт зменлівасці арганізмаў, іх удасканальвання, а патлумачана, чаму гэта адбываецца. Вось менавіта на гэтае галоўнае пытанне — чаму адбываецца так? — Дарвін даў прыгожы і просты адказ: таму што яны прыстасоўваюцца.

— Самымі неадназначнымі бачацца стасункі Дарвіна з Ламаркам: па версіі адных навукоўцаў, тэорыя Дарвіна не пярэчыць Ламаркавай, па версіі другіх — нават вельмі пярэчыць. Як разабрацца?

— Ламарк надрукаваў свой твор, які называецца «Філасофія заалогіі» і ў якім выклаў свае ўяўленні, якраз у год нараджэння Дарвіна, так атрымалася. Роўна за пяцьдзясят гадоў да таго, як Дарвін надрукаваў «Паходжанне відаў…». Прынята цалкам супрацьпастаўляць Дарвіна Ламарку, хоць гэта не зусім правільна. Галоўнае пытанне, якое рашаецца ў эвалюцыйнай тэорыі, — як жывыя істоты здолелі развіць такую цудоўную прыстасаванасць і складанасць. Ламарк меркаваў, што жывыя істоты ад нараджэння валодаюць здольнасцю прыстасоўвацца і ўскладняцца, што арганізмам уласцівая накіраваная зменлівасць. Падпарадкоўваючыся патрабаванням асяроддзя, жывёлы могуць узмоцнена выкарыстоўваць нейкія органы — і тыя развіваюцца, а іншыя застаюцца незапатрабаванымі і дэградуюць. Мы ж і ў нашым жыцці гэта назіраем. Калі чалавек рэгулярна напружвае мышцы рук, маючы справу з фізічна цяжкай працай, то яны паступова «накачваюцца». Калі чалавек пастаянна рашае задачы, ён развівае свае інтэлектуальныя здольнасці. Мы гэта ведаем. Ламарк разглядае гэта як аснову i адаптацыі эвалюцыйнай. Гэтая здольнасць, паводле яго меркавання, рэалізуецца так, што прыкметы арганізмаў паступова змяняюцца ў той бок, у які патрэбна, каб адаптавацца. У чым тут сэнс? Атрымліваецца, што Ламарк прадугледжвае мэтанакіраваную зменлівасць. Наконт таго, звыш яна дадзена ці не звыш, — гэта асобнае пытанне, Ламарк яго проста не закранае. Ёсць у арганізмаў здольнасць змяняцца мэтанакіравана — вось яго тэза.

Галоўнае адрозненне тэорыі Дарвіна — увядзенне дадатковага дзеючага фактара — натуральнага адбору. Дарвін на самой справе дапускаў, што ламаркаўскі механізм мэтанакіраванай зменлівасці можа існаваць. Але Дарвіну трэба было дайсці ўва што б ні стала да адказу на пытанне: адкуль арганізм узяў здольнасць адэкватна адказваць на патрабаванні асяроддзя? Умоўна кажучы, адкуль узялася ў нас здольнасць нарошчваць мускулы, калі мы імі працуем. Ён імкнуўся знайсці натуральнае тлумачэнне, якое не патрабавала б прыцягнення гіпотэзы пра звышнатуральнае ўмяшальніцтва. І Дарвін робіць такую выснову: па меншай меры часткова павінен працаваць яшчэ адзін механізм. Сутнасць яго ў тым, што змяняцца арганізм можа сам па сабе, без сувязі з патрабаваннямі асяроддзя. Як у арганізмаў ёсць уласцівасць перадаваць у спадчыну свае прыкметы, так ёсць у іх яшчэ і здольнасць змяняць свае ўласцівасці. Сёння мы ведаем, што існуе малекула ДНК, якая можа капіравацца, але пры капіраванні не выключаныя памылкі і недакладнасці, ад гэтага ўзнікаюць мутацыі, а яны, як мы цяпер разумеем, і ёсць тым механізмам, які меў на ўвазе Дарвін, калі гаварыў пра ненакіраваную зменлівасць. Тую зменлівасць, якая ўзнікае «проста так», а не ў звязцы з неабходнасцю адказаць нейкім чынам на запыт асяроддзя.

— Выглядае не вельмі пераканаўча: выпадковыя мутацыі ствараюць складаныя механізмы, якія працуюць у жывых арганізмах! А мімаходзь яшчэ і забяспечваюць усю тую прыгажосць, якая вакол нас існуе.

— Так, на першы погляд. Мы з уласнага вопыту ведаем, што для таго, каб стварыць нейкі механізм, трэба яго спачатку прыдумаць, разумеючы, навошта ён нам спатрэбіцца і як ён будзе зладжаны. Але калі мы маем справу з абсалютна новай задачай, для рашэння якой у нас няма неабходных ведаў, мы спачатку прымяняем метад спроб і памылак. Вось гэта і ёсць механізм эвалюцыі па Дарвіну. Выпадковыя мутацыі — гэта спробы, а адбор — гэта адсяванне няўдалых варыянтаў. Затое ўдалыя — карысныя мутацыі — накопліваюцца і ствараюць усе тыя мэтазгодныя механізмы, якія мы назіраем у жывой прыродзе. Ускладненне Дарвін таксама разглядаў як адаптацыю. Вось наш мозг, напрыклад, моцна разросшыся ў ходзе эвалюцыі, дазволіў нам надзвычайна пашырыць даступныя асяроддзі, уключаючы і падводны свет, і нават космас.

— Вы сказалі, што нічога з таго, што Дарвін прапісаў у палажэннях сваёй тэорыі, не апынулася сёння за бортам. Але бачылася так не адразу… Іншымі словамі, ці эвалюцыяніравала тэорыя эвалюцыі?

У час Дарвіна не было генетычных адкрыццяў. Хоць быў ужо Грэгар Мендэль са сваімі гарошкамі, але пра яго тады ніхто яшчэ не ведаў. Пачынаецца ХХ стагоддзе, развіваецца генетыка, пераадкрываюцца законы Мендэля — і закладаюцца асновы таго, што будзе названа сінтэтычнай тэорыяй эвалюцыі, якая аб’яднае ідэі Дарвіна з разуменнем таго, што ляжыць у аснове спадчыннасці. Зразумець, як гэта працуе ў звязцы — генетыка і ўласна натуральны адбор — будзе дадзена нашмат пазней. І таму спачатку цэлы шэраг дарвінаўскіх ідэй адкідваецца як сапраўды непатрэбнае або лішняе, тое, без чаго можна наўпрост абысціся. Напрыклад, трэба згадаць ідэю палавога адбору, якая ў Дарвіна заключалася ў тым, што некаторыя прыкметы замацоўваюцца ў пакаленнях нягледзячы на тое, што для выжывання яны сэнсу не маюць. Напрыклад, прыгожае апярэнне і спевы птушак — тое, што робіць самца больш прывабным для самкі і тым самым дае магчымасць пакінуць больш патомства. Спачатку ідэя падалася наіўнай, а праз паўстагоддзя пры развіцці сінтэтычнай тэорыі ўсё ж прыйшлі да высновы, што гэта факт, які нельга не браць у разлік. А далей ужо выбудоўваліся тэорыі пра тое, чаму ў самак узнікае жаданне рабіць такі, здавалася б, далёкі ад логікі выбар партнёра. Ёсць шмат гіпотэз наконт гэтага, i вельмi верагодна, што справядлівыя адначасова некалькi. Бiялагiчныя з’явы ўвогуле часта маюць цэлыя комплексы прычын.

Яшчэ адна ідэя — роля выпадковасці ў эвалюцыі. Дарвін сярод іншага ўказвае на тое, што некаторыя прыкметы не абавязкова тлумачацца тым, што яны карысныя для выжывання альбо размнажэння. Некаторыя прыкметы сталі такімі проста таму, што так гістарычна складвалася. Цяпер гэтая ідэя называецца тэорыяй нейтральнай эвалюцыі. Калі спачатку гэтаму практычна не надавалі ўвагі, таму што здавалася, што ўсе прыкметы павінны быць для нечага апраўданыя, то цяпер мы вяртаемся да ідэі, што, відаць, не так ужо і рэдка прыкметы могуць станавіцца такімі, якія ёсць, проста таму, што так выйшла. У якасці прыкладу: у Беларусі расце шмат розных дрэў, і ўсе маюць рознае лісце. Пры гэтым усе з гэтым розным лісцем аднолькава добра сябе адчуваюць. У адным асяроддзі, аказваецца, можна існаваць і з пальчатымі лістамі, і з перыстымі, і з простымі, і са складанымі, і неабавязкова шукаць у іх формах адаптыўнае значэнне.

З’явiлася і разуменне новых эвалюцыйных механiзмаў — напрыклад, гарызантальнага пераносу генаў памiж вiдамi. I ўсведамленне асобнай ролi вiрусаў у эвалюцыi — якраз яны часцей за ўсё выконваюць ролю пераносчыкаў чужародных генаў. Новая навука «evo–devo» — эвалюцыйная бiялогiя развiцця — дапамагае зразумець, як змены у ДНК прыводзяць да змен у будове i здольнасцях жывых арганiзмаў.

— Наколькі бясспрэчнае сцвярджэнне, што асноўнай рухаючай сілай эвалюцыі з’яўляецца натуральны адбор? Многія называюць кааперацыю як асобную сілу. Ці слушна?

— Калі размова ідзе пра барацьбу за існаванне, то, на жаль, гэтае словазлучэнне досыць часта ўспрымаецца ў перакрыўленым выглядзе. «Барацьба за існаванне» чытаецца як «вайна ўсіх супраць усіх». На самой справе яно азначае іншае. Арганізмы — гэта вельмі складаныя прыстасаванні. Фізікі называюць іх нераўнаважнымі сістэмамі. Нераўнаважныя сістэмы самі па сабе імкнуцца перайсці ў стан раўнавагі. Але для жывога арганізма набліжэнне да раўнавагі азначае паміранне, а набыццё яе — смерць. Арганізм на працягу ўсяго свайго існавання павінен здзяйсняць работу, накіраваную супраць сіл, якія імкнуцца прывесці яго да раўнавагі. Гэтая работа заключаецца ў тым, каб захаваць сябе — нягледзячы на тое, што іншыя арганізмы таксама імкнуцца сябе захаваць. Адпаведна, для кожнага існуе неабходнасць абараніць сябе ад драпежнікаў, якія хочуць задаволіць свой голад, а таксама ад паразітаў, якія жадаюць таго ж. Так зладжаны гэты свет. Работа арганізма па самазахаванні і ёсць тое, што называецца барацьбой за існаванне. Дыханне, каханне, бацькоўскі клопат, разгортванне лicця на дрэвах — усё гэта таксама з’яўляецца часткай барацьбы за iснаванне. Поспех у ёй — гэта ўмова наяўнасці ў арганізма нейкіх шанцаў на працяг роду, а значыць і перспектыў на далейшы ўдзел у эвалюцыі. Дарвін імкнуўся выказвацца як мага больш зразумела, але розначытанні, як ні круці, узнікаюць. Што да кааперацыі, то калі арганізмы навучваюцца з некім кааперыравацца так, што гэта дапамагае ім самазахоўвацца і перадаваць удалыя гены нашчадкам, то ці не ёсць кааперыраванне таксама часткай барацьбы за існаванне? Гэта не асобная пазіцыя натуральнага адбору як рухаючай сілы, а яе частка. Хіба мы не ведаем, што кааперыравацца, рабіць нешта гуртам карысна і больш эфектыўна? Той жа прынцып дзейнічае і ў прыродзе.

 

***

— Эвалюцыйныя біёлагі спрабуюць адказаць і на пытанне, адкуль узялася рэлігія ў чалавечай культуры.

— Эвалюцыйная біялогія і гэтым пытаннем задаецца?

— Так. Таму што ніякі іншы від жывых істот рэлігіі, відавочна, не мае. Адказ можа быць дадзены з эвалюцыйнага пункту гледжання, сыходзячы з таго, што зрабіла нас людзьмі. А людзьмі нас зрабіў пераход да жыцця ў складана арганізаваным соцыуме, у якім ключавым момантам з’яўляецца перадача культурнага вопыту ад пакалення да пакалення.

— Але культурны вопыт павінен быў неяк узнікнуць.

— Культурны вопыт нарошчваўся паступова і натуральным чынам: спачатку ўзнік навык апрацоўкі каменю, каб ім можна было рэзаць, на гэта паступова нарошчвалася ўсё больш і больш складанае. З накапленнем вопыту ўзнікала і імкненне яго пераймаць. Раней ці пазней гэта павінна было прывесці да ідэі, якая асацыіруе вопыт чалавецтва з нейкай вярхоўнай істотай, якая сказала, як трэба. Імкненне пераймаць вопыт як правіла прадугледжвае, што нехта ўспрымаецца грамадствам як транслятар гэтага вопыту, як найбольш разумны і здольны, той, ад каго астатнія гатовыя пераймаць. Гэта з аднаго боку. А з іншага, тое самае нас прывязвае да нашых бацькоў, прымушае нас шукаць увесь час іх адабрэння, ацэнкі. Мы ў думках прывыклі сістэму этычных каштоўнасцей асацыіраваць з нейкім суддзёй. Мы самі сябе пастаянна ацэньваем з пункту гледжання нечага большага, але гэтае большае насамрэч ёсць чалавечым вопытам. Такім чынам, людзі спарадзілі вобраз Бога, які насамрэч сабраў у сабе духоўны вопыт чалавецтва.

Святлана Воцінава