Без хайпу, пафасу, ненарматыўнай лексікі і кацянят

Вітаю. Неяк я пісаў пра тое, што часам здзіўляе кантроль над уласным целам. З мозгу дасылаецца сігнал, пальцы рухаюцца, амаль адначасова дасылаецца зваротны сігнал, які паведамляе, што гэта ты сам рухаеш пальцамі. Насамрэч цікавая з’ява, якая прыводзіць нас да размовы пра ўнутраны голас, сненні, а пасля ўжо галюцынацыі і г. д. Але я зусім не пра тое. Я пра здзіўленне. Чамусьці здзіўленне ўспрымаецца, як адсутнасць інфармацыі ці вопыту, і гэтым карыстаюцца. Адно паняцце замяняюць на другое, а мы стаім, разявіўшы раты, і з радасцю прымаем тое, што даюць, не жуючы.

Дзесьці ў класе шостым у нас пачалі слухаць «Сектар газа». Пра якасць размовы няма. Размова пра ненарматыўную лексіку. Усё недазволенае ў падлеткавым узросце робіцца больш прыцягальным. Магчыма, і не ўсё. Але ў большасці выпадкаў роўнасць «недазволенае»=«прыцягальнае» — правільная. Мне падаецца, што празмерна шмат людзей так і застаюцца ў падлеткавым узросце, не могуць знайсці прыцягальнае па–за недазволеным, не могуць здзіўляцца сапраўднаму, ім патрэбны хайп.
Хайп — гэта агрэсіўная рэклама. Хайп — гэта поўная адсутнасць інфармацыі: замест яе нам падаецца заклік, абавязак набыць і паглядзець. Хайп — гэта гульня. З аднаго боку, цудоўная гульня ў словы, з другога — хлусня. Псеўдагістарычныя кнігі раскупаюць сотнямі тысяч, бо яны гуляюць на здзіўленні, на псеўдапатрыятычным пафасе, на жаданні адчуць сябе выбранымі. Падлеткі ў 30, 40, 50, 60 — па–ранейшаму падлеткі.
Я не ведаю, у які момант усё пачынае ісці не так і чаму яно ідзе не так. Калі людзі прапускаюць гэты паварот на інфармацыю, аналітыку, самастойнае меркаванне? Я разумею чаму хайпастваральнікі і прапагандаробы старанна іх падтрымліваюць, але дзесьці павінны быць вінаватыя. Магчыма, вінаваты Дастаеўскі, які чамусьці не «заходзіць» у адзін час з «Гары Потарам», а можа, вінаватая біялогія, якая пралятае праз школьную праграму, калі не засяродзішся, — быццам таемная магічная дысцыпліна — і адкладаецца на дальнюю палічку ў галаве: ляжыць там побач з іншымі грымуарамі («Фізіка», «Хімія») і пакрываецца пылам. Не тое каб я вінаваціў нашу адукацыю — хутчэй, мне наадварот крыўдна, што столькі ўсяго праходзіць марна. Без нейкіх новых метадаў і спосабаў навучыць фільтраваць і ўспрымаць інфармацыю з кожным годам будзе ўсё горш.
«Шок: знакаміты спявак падзяліўся сваім сакрэтам», «Сенсацыя: безгаловыя куры таксама спяваюць», «Сабака бегаў па двары (фотафакт)». Гэта загалоўкі «інфармацыйных» матэрыялаў. Нагадаю: СМІ — сродкі масавай інфармацыі. На жаль, інфармацыі там часцей менш, чым масавай. Прывяду прыклад без назваў і канкрэтыкі (думаю ўсе зразумеюць, што тут ніякай канкрэтыкі і не патрэбна). Неяк у гэтым розыгрышы ЛЧ «ЦСКА» перамог «Рэал» з лікам 1:0. Зразумела, што спартыўныя калонкі не маглі прайсці міма гэтай з’явы. Толькі замест таго, каб прысвяціць свае артыкулы матчу, іх аўтары на працягу ўсіх сваіх тэкстаў узгадвалі, што «ЦСКА» трэніруе беларус, які ўжо некалі з «БАТЭ» перамагаў «Баварыю» і ў якога, зразумела, наперадзе кар’ера ў замежных топ–клубах. Ні слова пра футбол. Навошта? Гэта ўсё роўна, што пішучы пра літаратурныя прэміі, пісаць пра кнігі. Навошта? Хто іх чытае? Хто будзе чытаць тэкст пра кнігу? Літаратары цікавыя толькі ў сваіх спрэчках–сварках.
Калі спрэчак–сварак няма зараз, калі няма з якога кантэксту вырваць якую цытату, калі няма на каго выліць бруд, бо, здаецца, не было гучнай нагоды, то гэта ўсё роўна было раней. Ніхто не перашкаджае «паважаным журналістам» зрабіць крок у мінулае. На днях адзін палітык выдаў свае ўспаміны, дзе ўзгадваў, як другі палітык, здаецца, штосьці казаў не зусім карэктнае ў 2010–м годзе. Вы самі разумееце, наколькі «інфарматыўныя» артыкулы асвятлялі гэту «навіну». Разумееце, што вынеслі ў загаловак і якое дачыненне гэтыя загалоўкі мелі да аб’ектыўнасці і актуальнасці тэкстаў.
Насамрэч, я проста не люблю хлусні. А любая прапаганда — гэта хлусня. Любое «толькі ў нас», «сакрэтнае расследаванне», «вучоныя хаваюць» — якая б інфармацыя (а часцей яе адсутнасць) не хавалася за гэтымі загалоўкамі. Бо мэта гэтай інфармацыі — атрымаць спажыўца. Клік, лайк, рэпост.
На гэтым не ўсё. Ёсць іншы бок у манеты. Разам з жаданнем бунту ў людзях сядзіць жаданне справядлівасці. Вось гэтае жаданне таксама атрымлівае пачастункі. Жаданне спачуваць, жаданне шчаслівага фіналу, жаданне шчасця і любові — выдатныя пакупнікі для ўсялякага хламу. «Выдатныя» літаратары радасна і з усмешкай выдаюць такім пакупнікам кнігу за кнігай. Там на працягу трох–васьмі соцень старонак — чыстыя, незапакаваныя эмоцыі, здзекі з галоўнай гераіні ці героя, боль дзеля болю, шэрасць і тлен дзеля шэрасці і тлену і шчаслівы (трагічны) фінал (здагадайцеся, у чым яго прычына і сэнс). Здаецца, у людзей вакол жыццё настолькі эмацыйна беднае, што яны хапаюцца за такія «кнігі», як за выратавальны круг. Чытаюць адна за адной тыя ж гісторыі, тымі ж словамі, без формы, стылю, ідэі. Чытаюць са слязьмі на вачах і адчаем у сэрцы, бо самі ніколі не трапяць у… Хогвартс (?). То–бок узрост працягвае накоплівацца ў пашпарце, але мы застаёмся тымі ж. Тымі, на каго лёгка націснуць, — бо мы вельмі лёгка шкадуем. І спецыяльна дзеля нас на паперы з’яўляецца гвалт, прыніжэнні, боль — каб нам было што чытаць, бо мы не купляемся на загалоўкі, нам мала загалоўкаў, нам патрэбныя эмоцыі. А інфармацыя? А літаратура? А журналістыка? Не. Толькі эмоцыі. Чалавек — жывёла эмацыйная.
Раней мой тата ўжываў алкаголь. Я быў малы яшчэ. Часткова я такі і застаўся. Калі ён прыходзіў п’яны, то часцей за ўсё ўключаў на відэамагнітафоне адзін і той самы фільм: «Самаволка» з Жанам–Клодам Ван Дамам у галоўнай ролі. Кожны раз паўтары гадзіны прагляду завяршаліся татавымі слязьмі. Бо ў фінале ўсё так добра, так нечакана, так казачна, а ўжо і не верылася. Кожны раз не верылася. Сотні вечаровых праглядаў. Ніякай інфармацыі, нічога новага, толькі эмоцыі па замове.
Учора даслаў свой тэкст на вядомы інфармацыйны партал. Мне сказалі, што тэкст вельмі літаратурны, а ім патрэбная палеміка (спрэчка ў друку, на дыспуце, сходзе пры абмеркаванні якіх–н. пытанняў). Напэўна, ім падаецца, што «літаратурны» і «абмеркаванне» — штосьці несумяшчальнае і дакладна слова «інфармацыйны» бліжэй да крыклівых загалоўкаў, пафасных рэклам і ўсяго, што можа выклікаць рэзананс. Інфармацыя — гэта ж хайп.
Я гляджу, як рухаюцца мае пальцы. Я чую, што гавораць мае калегі ў рэдакцыі. Гэта складана сабе ўявіць — нейкія хвалі канвертуюцца ў маёй галаве ў тэкст. «Лось пераскочыў праз мяжу і ўцёк у Літву. (Фотафакт)», «Вы ахнеце, калі даведаецеся, што зрабіла …», «Праз два гады Месяц сыдзе са сваёй арбіты і зробіцца трэцім спадарожнікам Марса», «Паспрабуйце не ўсміхнуцца, пабачыўшы гэтых коцікаў».
Хачу падвесці вынік пад вышэйсказаным. Але не ведаю, як сфармуляваць, каб было без хайпу, пафасу, ненарматыўнай лексікі і кацянят.

 

Дзмітрый Шулюк