«Антрапалогія» — вельмі прывабнае слова. Яго любяць выкарыстоўваць як назву для нечага прэтэнцыёзнага, мудрагелістага, «не для ўсіх». Пры яго гучанні ў галаву раней за што іншае прыйдзе сацыяльна–філасофскае або псіхалінгвістычнае. Ёсць, аднак, месцы, дзе антрапалогія застаецца сабой.

У аддзеле антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі займаюцца адначасова рознымі справамі, кожная з якіх можа скласці сферу дзейнасці ледзь не асобнага інстытута. За мяжой яно так і ёсць. Напрыклад, вывучэннем палеаматэрыялаў насельніцтва старажытных гарадоў або маніторынгам фізічнага развіцця сучаснага насельніцтва ў некаторых краінах займаюцца асобныя цэнтры даследаванняў. Мы сабе такую раскошу дазволіць не можам. Чаму? Гэты артыкул пішацца не з мэтай вынайсці ўсе магчымыя адказы, а з мэтай дапамагчы вынішчыць іх без разбору і з надзеяй, што праз непрацяглы час (і не толькі ў беларускім часопісе) будуць рэгулярна з’яўляцца аб’ёмныя артыкулы і дробныя нататкі, бягучыя радкі і падрабязныя рэпартажы пад «шапкамі» кшталту:


«Новае ў беларускай антрапалогіі»
«Сенсацыйныя вынікі беларускіх антрапалагічных даследаванняў»
«Беларускія антраполагі зрабілі чарговае адкрыццё»
«Антраполагі Беларусі даказалі, што…»

…і каб чытачы рэагавалі на іх так, як яны рэагуюць цяпер на паведамленні пра любыя замежныя даследаванні, — даволі будзённа, прымаючы як належнае, хоць, канешне, і не без гонару.

Уяўляеце? Калі вы малады гісторык або біёлаг (гэта дзве самыя што ні ёсць профільныя для антрапалогіі спецыяльнасці, якія ў ідэале варта спалучыць у адной асобе (нездарма цяпер у трэндзе міждысцыплінарны падыход)), вы можаце не проста ўявіць сабе такі паварот падзей, а і прыпісаць сваё прозвішча недзе пад уяўным загалоўкам. Думкі матэрыяльныя…
Вяртаемся ў рэчаіснасць. У ёй загадчык аддзела антрапалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Республікі Беларусь Вольга Марфіна распавядае пра дасягненні мінулага і надзённыя тэмы, выказваючы спадзяванне, што яны зацікавяць моладзь.
У 1965 годзе ў Беларусі была адкрыта аспірантура па антрапалогіі. Прыйшлі ў яе паступаць тры чалавекі, усе ўрачы, — і ўсе паступілі. Кожнаму была дадзена тэма, за кожным замацавалі кіраўніка з Масквы. Інэсе Іванаўне Салівон было даручана вывучэнне старажытнага насельніцтва Беларусі.
— Яна першая ў нас занялася сур’ёзнымі антрапалагічнымі раскопкамі. Да гэтага ў 1950–х, было некалькі украінскіх і прыбалтыйскіх экспедыцый адпаведна на поўдзень Беларусі і ў частку, якая прылягае да Прыбалтыкі. А з 1965 года пачалася ў нас свая антрапалогія…
Усе тры даследчыкі аказаліся вельмі таленавітымі асобамі. Інэса Салівон, якая працуе ў аддзеле і сёння, падрыхтавала і абараніла дысертацыю, прысвечаную пытанням паходжання беларусаў па краніяматэрыялах ІІ тысячагоддзя, і стала — медык па адукацыі — кандыдатам гістарычных навук. Потым, пасля даследавання фарміравання фізічнага тыпу беларусаў з улікам экалагічнай, полава–ўзроставай і тыпалагічнай зменлівасці, — доктарам біялагічных навук. Такія кульбіты з навукі ў навуку — гэта ніякая не памылка — ні лёсу, ні друку: так у антрапалогіі як навуцы здараецца.
…Нам увесь час здаецца, што сапраўдная навука — недзе там, недаступная–недасяжная, папулярызаваная праз тэлеканалы з лагатыпамі на лацініцы, рамантызаваная праз фільмы з англійскімі цітрамі, прызнаная ў прозвішчах набелістаў з не–беларускімі канчаткамі. А можа ж выявіцца іначай… Трэба толькі больш глядзець на сваё і сваім ганарыцца. Не за тое, што класнае, а за тое, што ёсць, — і тады яно будзе класнае, і будуць тады прозвішчы рамантыкаў ад беларускай навукі ў цітрах праграм на сусветна вядомых тэлеканалах. Мо і ваша там будзе прозвішча…
— Першыя даследаванні нашых антраполагаў далі штуршок да таго, каб пачала ў Беларусі збірацца палеаантрапалагічная калекцыя, — працягвае тым часам Вольга Марфіна. — У экспедыцыі антраполагі ездзілі разам з археолагамі. Цяпер такія раскопкі ўжо не вядуцца, а раней, каб атрымаць матэрыялы сур’ёзнай вагі, даследчыкі мэтанакіравана капалі старыя вясковыя могілкі. Пазней, ужо ў 1970–х гадах, прыехалі да нас ленінградскія археолагі Фрыда Гурэвіч і К. Паўлава — капаць Навагрудак. Гэты горад зацікавіў іх тым, што быў сталіцай Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жэмайцкага. Гэта быў развіты ўсходнеславянскі горад з багатай і арыгінальнай культурай, і калі археолагі ім заняліся, выявілі багацейшыя культурныя слаі. Там было знойдзена шмат рэшткаў людзей з далёкіх часоў. Усё выкапанае перададзена ў нашу Акадэмію навук і падрабязна даследавана. З цягам часу ўзнікла ідэя зрабіць параўнальны аналіз развіцця гарадоў у адным векавым прамежку: узяць матэрыялы па гарадскім насельніцтве пачынаючы з ХІІ стагоддзя ў Беларусі і такія ж за той жа перыяд — у Расіі.
— Цяпер мы гэтай паралеллю займаемся з маскоўскімі калегамі. Тэма, па вялікім рахунку, падыходзіць да завяршэння: расійскія навукоўцы апісваюць свае пяць гарадоў, мы — свае. Рыхтуем манаграфію.
Вось вам ужо і цікава: якія нашы гарады «ўдзельнічалі» ў праекце. Цікава? Мінск, Полацк, Навагрудак, Горы Вялікія, Друцк. З іх Полацк — самы даследаваны, Горы Вялікія — цяпер вёска на Магілёўшчыне (хоць быў раней горад-крэпасць, а не развіўся), і з Друцкам прыкладна тая ж гісторыя. Але цікавей — прынамсі, для абывацеля — той вынік, які ўвасобілі супрацоўнікі аддзела антрапалогіі Ігар Чаквін і Леанід Яшэнка, вядомы ў навуковым свеце тандэм рэканструктара і скульптара. Карыстаючыся метадам пластычнай рэканструкцыі Міхаіла Герасімава, яны ўзнаўлялі абліччы гараджан ХІІ стагоддзя па знойдзеных у экспедыцыях чарапах. Дзякуючы іх працы мы можам бачыць увачавідкі мужчыну і жанчыну, якія жылі ў Мінску, мужчыну — жыхара Навагрудка, знакамітага палачаніна і нават хлопчыка з полацкага княжацкага рода — праўнука Усяслава Чарадзея.
Уявіце сабе: гэтыя людзі жылі сотні гадоў таму, а мы цяпер можам іх бачыць. Відаць, нешта вельмі добрае зрабілі яны пры жыцці, што вярнуліся нам іх абліччы. У тым, што выглядалі яны так, а не іначай, што рэканструкцыя аблічча па чэрапе — ніякая не фантазія ці гульня, а сур’ёзная навуковая дзейнасць, сумнявацца не трэба: метад М. Герасімава перадае антрапалагічны тып вельмі дакладна, і гэта не толькі даказана і праверана часам і шматлікімі рэстаўрацыямі, але і пацверджана з дапамогай 3D–тэхналогій.
— Чэрап і рэшткі шкілета чалавека могуць паведаміць, якімі былі яго твар і цела — даўжыня і нават вага, і гэта не ўрывак з рамана Страуда: вы па–ранейшаму чытаеце часопіс «Маладосць» — першую і лепшую пляцоўку для будучых рэпартажаў–сенсацый пра дасягненні беларускіх антраполагаў.
Вольга Уладзіміраўна Марфіна звяртаецца да маладых людзей, апантаных гісторыяй і адораных талентам скульптара ці мастака з прапановай зацікавіцца і працягнуць такую ўнікальную дзейнасць, што рабілі Ігар Чаквін і Леанід Яшэнка, якія пайшлі ўжо з жыцця.
— Справа гэтая і цяжкая, і марудная, і, разам з тым, рамантычная. Ёю трэба па–сапраўднаму захапіцца. З іншага боку, новыя тэхналогіі калі не зробяць яе прасцей, то дакладна паскораць атрыманне вынікаў. Тым больш цікава будзе гэтым займацца ў будучыні.
Аддзел антрапалогіі Інстытута гісторыі чакае і тэхніку, і тых, хто будзе з яе дапамогай шукаць адказы на тыя пытанні, якія заўсёды цікавілі чалавецтва. Шукаць пакутліва і, разам з тым, натхнёна. Як у Генрыха Гейнэ…

На берегу пред бурным морем ночью
Печальный юноша с тревогою ума
И болью в сердце волны вопрошает:
«О волны, разрешите мне
загадку жизни —
мучительную, древнюю загадку.
Скажите, волны, что есть человек?
Откуда он пришёл? Куда идёт?
И кто над нами среди звезд живёт?»

Антрапалогія хоць і вельмі цесна пераплецена з гісторыяй і археалогіяй, а ўсё ж гэта навука не пра старажытнага чалавека, як можа камусьці ўяўляцца. Настолькі ж цесна, як з гісторыяй, яна пераплятаецца і з біялогіяй, і з тэорыямі эвалюцыі. Антраполагі могуць даць адказ не толькі на пытанне, які чалавек быў, але і на пытанне, які чалавек будзе або, прынамсі, можа быць ў бліжэйшай будучыні — з улікам прапанаваных яму сёння (ці створаных ім на сёння) умоў існавання.
На пытанне, чым яшчэ настолькі ж захапляльным, як вывучэнне чалавека мінулага, займаюцца супрацоўнікі аддзела, Вольга Марфіна расказала пра маніторынг фізічнага развіцця дзіцячага насельніцтва. У гэтай частцы размовы якраз і была закранута адсутнасць у нас магчымасці праводзіць такі маніторынг кожныя пяць гадоў, як у іншых краінах, і сачыць па яго выніках за зменамі ў развіцці падрастаючага пакалення ў розных рэгіёнах.
— А ў нас жа таксама могуць назірацца тыя ці іншыя асаблівасці фізічнага развіцця дзіцячага насельніцтва па абласцях, з гадамі адбываюцца змены, у тым ліку і з прывязкай да рэгіёна, і варта было б рэгулярна іх фіксаваць і аналізаваць. Некалі гэтымі даследаваннямі займаліся медыцынскія цэнтры. Пасля Чарнобыльскай катастрофы гэтую працу рабілі і супрацоўнікі нашага аддзела. Пад эгідай камітэта «Дзеці Чарнобыля» разам з урачамі нашы супрацоўнікі ездзілі па населеных пунктах: урачы правяралі ў дзяцей шчытападобную залозу, антраполагі — фізічнае развіццё.
— І мы адлюстравалі потым усе зафіксаваныя перамены ў вялікай колькасці артыкулаў. Выснова была зроблена такая: тэндэнцыі, якія назіраюцца ў свеце, закранаюць наша насельніцтва роўна так, як дзе заўгодна яшчэ. Са зменай сацыяльна–эканамічных умоў змяняюцца параметры развіцця падрастаючага пакалення. Былі праведзены два маштабныя даследаванні — у 1995–1998 гадах і праз дзесяць гадоў пасля гэтага. Розніца паміж вынікамі паказала: за дзесяцігоддзе намецілася даволі заўважная тэндэнцыя выхаду часткі дзіцячага насельніцтва за межы шэрагу сярэдніх паказчыкаў фізічнага развіцця — масы цела, даўжыні цела і акружнасці грудной клеткі. У большасці яны прыблізна аднолькавыя — што сведчыць пра гарманічнае развіццё. Тым не менш, у пазнейшым даследаванні колькасць дзяцей з паніжанай і асабліва з павышанай масай цела стала большай: групы з адхіленнямі ў той і другі бакі пачалі павялічвацца. Гэта не вельмі добра. Але каб назіраць за працэсам актыўна і на яго ўплываць, трэба праводзіць новыя маніторынгі. Каб скласці новую базу дадзеных на 10 000 чалавек, трэба зноў праглядзець такую ж колькасць дзяцей і падлеткаў. На гэта патрэбныя працоўная сіла, матэрыяльныя сродкі і зацверджаныя праекты.
Праекты і сродкі з’яўляюцца толькі пасля таго, як з’яўляюцца людзі — працоўная сіла. Або наадварот: людзі прыходзяць на праекты і сродкі… У любым выпадку, мы даём тут гэты артыкул як разгорнутую аб’яўку: мо нехта наважыцца стаць антраполагам і падтрымаць добрую традыцыю вывучэння нашага народа?

 

 

Досця Звяздоўская