Не пра сабаку
Ці любіце вы сабак? Не, не правільна… Ці любіце вы сабак так, як люблю іх я? З маленства я расла побач с кашлатай нянькай Бруна фон Дорфам — чарналапым, вастравухім і бязмерна кемлівым звяругам нямецкіх крывей. Каляндарыкі, паштоўкі і маркі з выявамі разнастайных парод і масцей «лепшых сяброў чалавека» запаўнялі мае кішэні, паліцы і заплечнікі. Ці варта казаць, што ўлюбёнымі кнігамі, якія перачытваліся літаральна да дзірак, былі «Чынк» Сэтана–Томпсана, «Белы Клык» Лондана, «Ромка, Фомка і Атос» Лагунова і, вядома ж, «Белы Бім Чорнае вуха» Траяпольскага?
Адкладаліся ўсе гульні і справы, не прапускаўся ні адзін фільм, дзе самая смелая і адданая жывёла ў свеце пераадольвае ўсе беды і перашкоды дзеля гаспадара: «Бетховен», «Лэсі», «Дзе ты, Багіра?»...
Нават калі мяне добра цапнула незнаёмая лайка і давялося перанесці некалькі балючых уколаў, менш любіць сабак я не стала — у рэшце рэшт, лайка сумленна выконвала свае абавязкі і бараніла ўласную тэрыторыю.
Калі ў цябе ёсць сабака, паўсюль і ў любое надвор’е ты зможаш спаткаць новых сяброў–сабакароў, вясёлых, актыўных і балбатлівых.
Калі ў цябе ёсць сабака, ты адчуваеш сябе патрэбным, адказным і не самотным. Ён разумее цябе з паўслова і ведае пра цябе значна больш, чым усе твае сябры і блізкія. Сабака — гэта дадатак да цябе. Не твая правая рука, а яе працяг. Сабака — гэта вернасць, парадак і паслухмянасць. Гэта падпарадкаванне і пакора. Цярплівасць і самаадданасць. Весялосць, энергія і аптымізм. Адлюстраванне тваіх звычак, інтарэсаў і настрою. Сабака адчувае твае хвалі і падладжваецца пад іх. З сабакам заўсёды ўсё лёгка і ўсё зразумела. Вы — з адной зграі.
Я вельмі люблю сабак.
Таму да мяне прыйшла котка…
Пушыстая, паласатая, з доўгімі белымі вусамі і дзягцярна–чорнымі лапамі. Уселася ноччу паміж высокімі блакітнымі сумётамі — і давай каўкаць, гледзячы на маё акно.
— Псік! Псік пайшла! — вызірнула я праз фортачку і нават махнула рукой. — Гэта не твой дом!
— Мі–яў?
— Не твой дом, кажу! Ідзі!
Праз імгненне котка была на маім плоце, а потым і ў двары.
Цяпер жаласлівае каўканне чулася пад самымі дзвярыма.
— Добра, хай так, — прабурчала я, разумеючы, што паспаць не атрымаецца. Накінула цёплы халат, прыхапіла з лядоўні кавалак каўбасы і адчыніла насустрач ветру і колкаму снегу дзверы.
Нахабная морда з жоўтымі вачыма толькі гэтага і чакала.
— На! — кінула я каўбасу. — Еш і ідзі! Ясна?
— Міяў.
— Міяў…Спаць людзям трэба… Мяўкае яна… (я чамусьці ні на хвіліну не сумнявалася, што перада мной менавіта кошка).
Марознай раніцай, захутаная ў шаль, я выйшла за дзверы — час бегчы на працу.
— Мі–яў! — радасна сустрэла мяне мая знаёмая.
— Дзяўчынка, ты домам памылілася, — цярпліва патлумачыла я, разглядаючы чорны нашыйнік. Асцярожна вынесла жывёліну з двара і замкнула брамку.
Ці варта казаць, хто чакаў мяне на ганку па вяртанні з працы?
У небе запальваліся першыя зоркі, а жоўтыя вочы неадчэпна сачылі за мной.
Ну што ж… Адзін–адзін.
Наступная спроба…
Падхапіўшы госцю на рукі, панесла яе па блізкіх і далёкіх суседзях:
— Са святамі! Ваша котка? Зноў не?
На шчасце, адна бабулька, якая жыве ў самым канцы вуліцы, ля чыгункі, злітавалася:
— Не, не мая. Але хай застаецца. Красу–у–уня…
Наступнай раніцай «красуня» зноў чакала мяне на маім ганку. Давялося пусціць у хату — пагрэць лапкі (я так адразу і папярэдзіла).
Красуня ганарліва прайшла ў залу і па–шляхецку размясцілася на канапе побач з батарэяй, задаволена напяваючы сабе пад нос.
Я яшчэ раз агледзела ашыйнік. Звычыйны, скураны. Ніякіх звестак і надпісаў. Але гэтую шляхцянку нехта шукае. Можа, і начамі не спіць…
У гэты ж дзень абвесткі з выявай знойдзенай пушыстай красуні аздаблялі кожны пад’езд, прыпынак і слуп у нашым раёне. Звярнулася і да знаёмых валанцёраў — раптам «згубляшку» шукаюць у іх?
Памільгаў жоўтымі вачыма старэнькі «Фіяцік» за плотам, і пад мае наддваровыя зоркі ступіла Вераніка — уладарка княства са шматлікімі клеткамі, у якіх чакаюць сваіх гаспадароў «згубляшкі», «падбірашкі» і «выкідушкі».
— Да ветэрынара насілі? — пацікавілася дзяўчына, разглядаючы маю паласатую госцю. — Маладзенькая, выхаваная, чысценькая. Здаецца, сібірская. Такую адразу забяруць.
Вераніка працягнула рукі, але сібірачка схавалася на маіх.
— А гэта дакладна не ваша котка? — недаверліва ўзняла брыво ўладарка клетак.
— Мі–яў! Ш–ш–ш!
Праз пару дзён красуня была стэрылізаваная (вой, колькі ж я ачухвала яе апасля наркозу! Вочкі капала, пялюшкі мяняла, булёнам з піпеткі карміла ды ноч не спала!) і забяспечаная багатым пасагам: міскамі, латком з напаўняльнікам, шчоткай для густой поўсці, цацкамі ў выглядзе мышак і мяшком даражэннага сухога корму.
Мае знаёмыя і сваякі атрымалі фота кашлатай нявесты з пасагам і надпісам: «Мне котку ніяк нельга — алергія, дактары і аналізы брахаць не будуць. Да таго ж, я злосная сабачніца і будую ў двары вальер! Усё разам у добрыя ручкі! Вось якая мілата!»
Тым часам котачка абжывала дом: грэлася на батарэях, вывучала паліцы і шафы, гуляла з елачнымі цацкамі і катала па падлозе алоўкі. Днём сачыла з падаконня за мінакамі і машынамі, а ноччу прыходзіла да мяне пад бачок: тыкалася ў шыю і падбароддзе халодным носам, уключала на поўную сваю «варкатушку» і засынала на маіх грудзях.
Высветлілася, што коткі ніяк не жадаюць падаваць лапу і прыносіць тапкі, але добра ведаюць стук дзверцы лядоўні. Сваіх гаспадароў чуюць, калі тыя яшчэ толькі ступілі на прыпынак з аўтобуса, і сустракаюць не менш радасна за сабак, але больш лагодна.
Коткі — гэта прадуманасць і асцярожнасць, хітрасць і гібкасць характару, індывідуальнасць і незалежнасць, здаровы эгаізм і пачуццё ўласнай годнасці, настойлівасць і самапавага — якасці, якіх мне, заўзятай сабакарцы, так бракуе.
Але я паслухмяна вучуся ў сваёй коткі. Нездарма ж яна з’явілася ў маім жыцці. Як і людзі: часам не зусім прыемныя і шчырыя, а часам — светлыя і душэўныя, але невыпадковыя — усе тыя, з кім я сутыкаюся на сваім шляху і кожны раз выношу для сябе новыя, неабходныя ў жыцці ўрокі.
Мы дакладна не з адной зграі — мы адной крыві, і я лёгка лаўлю яе хвалі і падладжваюся пад іх.
Калі маёй пляменнічцы дазволяць трымаць дома жывёлінку, каб стаць адказнай дзяўчынкай, яна завітае па маю сібірачку–красуню і скажа:
— Вой, якая мілата! Які цуд пухнаценькі!
Тады я смела і ўпэўнена адкажу:
— Гэта мой цуд. Я табе сабачку куплю.
Юльяна Пятрэнка