Андрэй Дуброва
нарадзіўся 19 жніўня 1993 года ў Гомелі, хоць радзімай лічыць Мазыр. У «Маладосці» дэбютаваў летась з перакладамі вершаў літоўскага паэта і святара Майроніса. Мінулай восенню надрукаваўся з уласнай паэтычнай падборкай «Віленская восень», а цяпер, вясной, дорыць чытачам вясновыя вершы. Зноў з Вільні.
Хутка зацвітуць сакуры
Вясновыя вершы з Вільні
***
Зіма сыходзіла цішком —
Знікалі хмары,
Мароз здалёку бёг трушком
Румяніць твары,
Не паспяваў, не дабягаў —
Мацнела сонца,
І скрып сцяжынак саступаў
Сініц гаворцы.
А снег кукожыўся, чарнеў,
Быў цвёрдым ноччу,
А ўдзень знясілена марнеў
І плакаў моўчкі.
Зіма сыходзіла цішком —
За дзень па кроку,
Каб высцілаць без перашкод
Вясне дарогу.
Песня
М.М.
Квітнеюць сакуры, Вялля зіхціць у промнях,
Ў Звярынцы ліпы над шпакамі шапацяць,
А над мурамі вулак Вільні векапомных
З далёкіх выраяў буслы дамоў ляцяць.
Прыпеў:
Красуня–Вільня прыбірае сум зімовы,
Сваіх дзяцей сустрэць рыхтуецца ізноў
Цаглінкай кожнай, мітуснёй будоўляў новых,
Старых пагоркаў ланцужком — адвечных сноў.
Буслы над Лу́кішкамі[1] кру́жаць, як анёлы,
Наіўным танцам сустракаючы вясну,
Узмахам крылаў бласлаўляюць наваколле —
І маладосць лясоў, і вежаў сівізну.
Прыпеў:
Красуня–Вільня прыбірае сум зімовы,
Сваіх дзяцей сустрэць рыхтуецца ізноў
Цаглінкай кожнай, мітуснёй будоўляў новых,
Старых пагоркаў ланцужком — адвечных сноў.
Казюкі[2] — 2014
Прыемнай мітусні
Вакол званы і гукі –
Дні першыя вясны,
Чарговыя Казюкі.
Народу — не злічыць,
Настрой лунае добры,
Тут можна квас купіць
Ці абаранак здобны.
Фантазіі майстроў
Здзіўляешся бясконца,
Над дахамі дамоў
Ласкава свеціць сонца.
Кірмаш сваёй душой
Ўвесь горад ахінае,
Бясконцаю чаргой
Прыход вясны вітае.
Балта́сіс ці́лтас — Белы мост[3]
Пагодны дзень. Балта́сіс ці́лтас.
У Вільні сакуры квітнеюць.
Да хмарачоса з рыжай шыльдай
Іду, і твар мой сонца грэе.
Салодкі пах маленькіх дрэваў
Па–над сцяжынкамі лунае.
Нябачных птушак гукі спеваў
Прастору мякка ахінаюць.
Вялікіх кветак дзіўны колер
Здалёку бачыцца ружовым;
Над незвычайным гэтым полем
Гудуць ужо чмялі і пчолы.
Усмешак столькі дзе пабачыш —
Прайсці між дрэваў так прыемна!
Але ізноў магу адзначыць:
На сэрцы без цябе нязменна.
Незабудкі.
Кублава́тыя аблокі,
Бэз, чаромха і язмін —
Так упэўненыя крокі
Робіць травень. Разам з ім
Мы імчымся шпарка ў лета,
Апранаемся лягчэй,
Робім вееры з газетак
І шчылінкамі вачэй
Углядаемся ў нябёсы,
Дзе паветраных шароў
Сілуэты–альбіносы
Вабяць вока зноў і зноў.
На зямлі шпачкі шукаюць
Штосьці ў маладой траве,
Незабудкі сціпла ззяюць —
Хтосьці кветачку сарве
І пакіне ў кніжцы тоўстай
Паміж вершаў на ўспамін —
Прыгажосці знак узнёслы,
Дыямент–аквамарын.
Каханай
Помніць твае вочы,
Бачыць цябе ў мроях,
Побач з табой крочыць —
Шчасце маё такое.
Гэта як дзень вясновы —
Разам з табой бываць,
Слухаць твае словы,
Думкі твае чытаць.
Ты для мяне — сонца,
Светлы мой сэнс жыцця,
Птушка, анёл–абаронца —
Сёння і да забыцця.
Каля бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта
Травень чаргуе сонца з дажджом,
Носікі круціць ад клёнаў.
Траўка між плітак лезе плішчом,
Места фарбуе ў зялёны.
Ёсць адчуванне, калі падыдзеш —
Счуеш і ў каменя сэрца.
Лісце яскравае ў купку збярэш —
Сок на далоні пальецца.
Моцна, яскрава травень ідзе —
Ўсім бы ісці так без мэты.
Маю таму самы шчыры спадзеў
На адпаведнае лета.
Вялікдзень.
Імкліва абуджаецца прырода —
У кветках вішні–сакуры стаяць.
Пачатак новага сонцаварота,
Які няма магчымасці суняць.
Чароўны дзень — працяг святочнай ночы,
Калі звяртаем позірк да нябёс,
Дамоў пасля бажніцаў з думкай крочым:
Хрыстос, Сын Божы,сапраўды ўваскрос.
Ў Вялікі дзень яскрава сонца ззяе,
Як быццам бы даносячы святло,
Ад свечак тых, што ноччу мы трымалі
Ад свечак тых, што шмат вакол было.
Вялікдзень ёсць жыццё і ёсць пачатак,
Дзень Збаўцы, што надзею ў свет прынёс,
Каб вызваліць ад д’ябальскіх пячатак;
Узрадуемся ж, што Хрыстос васкрос!
Антокаль[4]
Я люблю Антокаль. Мітусню
Ён з астатняй Вільні не пушчае,
Бо вядзе асобную гульню —
У фіесце вечнай спачывае.
А ўвясну Антокаль — гэта бэз,
Карагод бясконцых лёгкіх кветак,
Гэта музыкі тралейбуснай дыез,
Калі травень саступае месца лету.
Бэз ламаюць ды нясуць дамоў.
У кустоўі шмат нябачных птушак,
Ціш фіесты ўзносіць спеў далоў —
Да аблокаў — казачных падушак.
Не спяшаецца Антокаль ані ў чым:
Дзьмухаўцы, што ўсюль паабляталі,
Між антокальскіх зялёных далячынь
Ззяюць, нібы жоўтыя каралі.
[1] Лу́кішкі, або Лукі́шкі, Лукішскі пляц (па–літоўску: Lùkiškės, Lùkiškių aikštė, па–польску: Łukiszki, plac Łukiski) — пляц у цэнтры Вільні (раён Naujamiestis, або Новае места). На пляцы стаіць памятны крыж паўстанцам 1863, непадалёк знаходзіцца таксама сумнавядомая Лукішская турма.
[2] Казюкі (па–літоўску: Kaziukas, Kaziuko mugė, па–польску: Kaziuk) — традыцыйны сакавіцкі кірмаш вырабаў народных промыслаў, які праходзіць з пачатку XVII стагоддзя ў Вільні. Назва паходзіць ад імя святога Казіміра (памяншальная форма: Казюк, па–літоўску: Kaziukas, па–польску: Kaziuk,), які лічыцца апекуном Літвы, Польшчы, а таксама Гарадзеншчыны. Кірмаш ладзіцца ў бліжэйшыя выхадныя да дня памяці святога Казіміра, які адзначаецца 4 сакавіка.
[3] Baltasis tiltas, Балта́сіс ці́лтас (літ. Белы мост) — пешаходны мост у Вільні, які злучае гістарычны цэнтр (раён Naujamiestis, або Новае места) і сучасны дзелавы цэнтр (раён Šnipiškės, або Шніпішкі).
[4] Антокаль (па–літоўску: Antakalnis, па–польску: Antokol) — адзін з найбольш старых і вялікіх раёнаў Вільні. Знаходзіцца на паўночным ўсходзе ад цэнтра горада ўздоўж левага берага Вяллі.