Аліна Агрэніч
нарадзілася 22 кастрычніка 1994 года ў вёсцы Калантаеўка Раздзяльнянскага раёна Адэскай вобласці. Жыве ў вёсцы Пярэжыр Пухавіцкага раёна. Працуе настаўніцай польскай і беларускай моў.
Кастусю Каліноўскаму
Прымружыўшы вочы ад сонца,
Усміхаўся ўсяму наваколлю:
«Сутоння сягоння не будзе,
На поўныя дыхайце грудзі,
А слёзы пякучыя соллю
Хай знікнуць ў чужое старонцы».
Не слухалі хлопца, не чулі.
«Падманваць узяўся, канешне!
Як можа быць свет... і без цемры?»
Ягоныя ціснулі рэбры,
Ягоныя ціснулі плечы
І спіну з нянавісцю гнулі.
Забралі Радзіму ды волю,
адзінае мэтай зрабілі —
Прынізіць, скарыць і знявечыць.
...А ён гартаваўся у сечы,
Не здаўся. Зрачыся Айчыны
ды праўды мужыцкай не здолеў.
Ён быў і ў няволі свабодным
І думаў: «Хай раніца ззяе
Мільярдамі кропель расістых,
Хай спеў жаўрукоў галасістых
Вясны абвяшчае вяртанне,
бо досыць нам зімак халодных».
І смешна глядзець на кайданы,
Калі закаваны ў іх вольны.
Азораны сэрцам прарочым,
Не здрадзіць ніхто, не захоча:
«Ды ён на палёт ужо здольны,
Свабоднага краю падданы!»
Дзве лісы размаўлялі ў лесе:
— Татусь! Наваколле наша?
— Праўду кажаш. Пад сонцам месца
Урваў я ў нашы пашчы.
— Слухай, тата, мы ж проста лісы!
Жыве тут зубрыны статак,
І ястрабы ёсць, і рысі...
Чаму ўсе пад нашай ўладай?
— А жывуць сапраўды асілкі,
І так летапісцы лічаць.
Ды абцяў я аднак ім грыўкі:
Сказаў, што яны ўсе мышы.
— І паверылі ў гэта? Дурні!
Хай толькі раскрыюць зяпы! —
Ліс маленькі з агідай буркнуў,
Па–бацькаву склаўшы лапы.
А я ззяла нястомна
У начы самай цёмнай,
каб шлях Яму асвяціць.
Праз духмяныя травы
да бяроз кучаравых
зорную кінула ніць.
Ён узяў тую нітку
ды уплёў ў сваю світку,
сказаў: «Далей іду сам».
Так пакінуў шаноўны
на душы маёй кволай
безліч кратараў–ран.
Не сцярпеў чорны Космас
майго ляманту. Злосна
скінуў мяне на Зямлю.
«Ззяць у небе не будзеш
ты ніколі больш людзям.
Сусвет цябе падмануў:
Не ад старасці зоры,
а праз смутак і гора
знічкамі падаюць ўніз».
Я ляцела, гарэла,
вар'яцела, шарэла,
страшэнны боль мяне грыз.
Кажаш, Космас, мне нельга
больш патрапіць на неба?
Не буду зоркай ужо?
А цярплю я пакуты,
сэрца поўна атруты
толькі праз здраду Яго?
Як жа так? Хіба гэта
справядліва? Ды дзе там!
Не, я так не хачу.
Залячыла я раны,
што не ўбачыць і шнараў.
Але ўжо ўніз я лячу..
Перайначу прастору!
Хопіць лёсу пакоры!
Сама зраблюся сабой!
І на дне акіяна
аджыла, не сканала —
зоркаю стала марской.
Марское
Мора.
Так сябруюць зямля і неба.
Неба кідае ў мора зоры,
І аблокі, і сонца промні,
А жыццё спараджае глеба.
Срэбрам
Спіны рыб рассякаюць хвалі:
Рыбы мераюць чаек пер'е....
...і ўзлятаюць, калі павераць,
Што крылатымі трошкі сталі.
Хапаць гэты вечар
лёгкімі поўнымі,
летучы ўздоўж ракі
па–ўсэйнаболтаўску
у кірунак мастоў,
зацягнутых воўнаю
туманоў,
што вада
нарадзіла
подыхам.
Там убачыць Сусвет
у люстэрку Свіслачы.
Срэбнай хваляй
ён лёг
і накрыўся горадам.
У ім адменскіх агнёў вечаровых
тысячы.
Я ж адна —
прадстаўнік
ад мясцовых
волатаў.
Захаваць у сабе
таямніцу гэтую —
што дзівосы сядзяць
вось каля
Кастрычніцкай.
Крок за крокам
назад.
—Дзе ты, дзеўка, бегала?
—Там, дзе горад дрыжыць, —
і ўсміхнуцца крышачку.
Вяртайся
Што адлегласць?
Скупыя лічбы?
Шлях па вадзе і сушы?
Не,
то ад сэрца да сэрца
ніці,
калі рукаюцца
душы.