Рарытэтныя кніжныя помнікі ХV — XVII стст. з Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, а таксама доўгачаканыя выданні Скарыны — упершыню ў Беларусі прадстаўлены ўнікальны збор старадрукаў на адной пляцоўцы, у адным праекце: з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе міжнародная выстаўка «Францыск Скарына і яго эпоха».

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» прайшлі перамовы кіраўніцтва з прадстаўнікамі «Кітайскай выдавецкай групы».
Тэма абмеркавання сумесных кнігавыдавецкіх праектаў узнікла не выпадкова. У ранейшыя гады «Мастацкая літаратура» прадставіла айчыннаму чытачу кнігу публіцыстыкі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхася Шыманскага «Блізкі Кітай» і зборнік вершаў класіка кітайскай паэзіі Лі Бо. Абедзве кнігі пабачылі свет на рускай мове. Цяпер у выдавецтве рыхтуецца да выдання першая кніга з сямітомніка «Культура Кітая». Гэты праект рэалізуецца ўжо на беларускай мове.

Новы Запавет у сучасным перакладзе атрымалі вернікі праваслаўнай канфесіі Беларусі Такія прэзентацыі кніг бываюць нячаста: Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, сам прадставіў выданне: «Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста» ў перакладзе на беларускую мову. Вернікі праваслаўнай канфесіі чакалі гэтай кнігі даўно. Але прыспешванне ці недакладнасць у такой адказнай справе, як пераклад Свяшчэннага Пісання, недапушчальныя: часам нават адна літара, якая не на месцы, можа змяняць сэнс слоў. Мітрапаліт Павел узгадаў вядомы яму эпізод, калі аднойчы ўвесь тыраж выдання Евангелля прыйшлося зняць з-за таго, што лішняя літара «с» перад апошнім «а» ў імені апостала Марка кардынальным чынам змяніла сэнс. Не павінна такога быць у кнізе, якая дадзена дзеля Сэнсу.

Самае старажытнае, знакамітае і дарагое выданне Еўропы цяпер можна ўбачыць у Мінску. У Беларусь з Германіі прыбыла Біблія Гутэнберга. Кніжны помнік, які сведчыць пра пачатак гісторыі кнігадрукавання ў Еўропе, да 31 снежня можна будзе ўбачыць на міжнароднай выстаўцы «Францыск Скарына і яго эпоха» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


Адкрыццё выстаўкі пачалося з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка Францыску Скарыну. У ёй прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. З прывітальным словам да прысутных звяртаўся таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэр Дэтмар.

Дагэтуль выданне захоўвалася ў Нацыянальнай бібліятэцы Германіі ў Лейпцыгу. У нашу ж краіну яго дастаўлялі ў суправаджэнні экспертаў-кнігазнаўцаў, дыпламатаў і супрацоўнікаў аховы.
Біблія Гутэнберга лічыцца не толькі пачаткам гісторыі кнігадрукавання ў Еўропе, але і пазнакай пераходу ад Сярэднявечча да сучаснасці. Гэтая кніга, надрукаваная высакародным гатычным шрыфтам, прызнана шэдэўрам вытанчанага друку і мастацкага майстэрства. Біблія цалкам надрукавана ў дзве калонкі. Буквіцы і загалоўкі, аздобленыя каляровымі ўпрыгажэннямі, выкананы ўручную. У свеце захавалася толькі некалькі асобнікаў унікальнага выдання, і зусім невялікая колькасць краін свету можа дазволіць сабе прадэманстраваць гэтую кнігу публіцы.

Падчас цырымоніі адкрыцця акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, уладальнік медаля Францыска Скарыны Дзяніс Паршын з'явіўся каля галоўнага ўвахода ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі ў вобразе... самога Францыска Скарыны. «Тое, што сёння Нацыянальная бібліятэка сабрала маю спадчыну на адной міжнароднай выстаўцы — найлепшы доказ таму, што мая эпоха, мая дзейнасць вам неабыякавыя! Кожная краіна, дзе некалі я жыў і працаваў, зрабіла свой унёсак, каб гэтая выстаўка адбылася. І ў тым, што вы, удзячныя нашчадкі, здолелі гэты скарб захаваць, вывучыць і даць магчымасць усім людзям яго спазнаць, я бачу сувязь нашых эпох!» — дэкламаваў уяўны першадрукар.

Варта адзначыць, што побач з унікальным выданнем у экспазіцыі дэманструецца факсімільнае выданне поўнай Бібліі Гутэнберга, выкананае ў 1913 годзе ў Лейпцыгу. Сёння гэта выданне таксама лічыцца бібліяграфічнай рэдкасцю: яно прыбыло на выстаўку з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі ў Маскве.

Выстаўку адкрываюць старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі Выстаўка «Францыск Скарына і яго эпоха» справядліва лічыцца ўнікальнай. Наступную, аналагічную, можна чакаць хіба што праз 500 гадоў, у 2517-м. Аўтар: Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ Фота: Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Максім Танк – адно з самых яркіх імёнаў у гісторыі беларускай літаратуры. Паэт-бунтар, паэт-патрыёт, паэт-сатырык, паэт-філосаф, паэт-наватар… А ў жыцці – сціплы чалавек, які не любіў гучных слоў і бляску пражэктараў.

Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. А галоўная тэма, якая праходзіць праз усю творчасць М. Танка, – Радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, мілагучная родная мова.