Пра станаўленне рэлігійнага жыцця ў краіне расказвае выстаўка ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Праваслаўе, каталіцызм, іўдаізм, іслам — усе асноўныя рэлігіі свету гарманічна суіснуюць у адной зале выстаўкі «Беларусь. Адраджэнне духоўнасці», як і ва ўсёй краіне. Не абышлося тут і без экспанатаў часоў язычніцтва — першых спроб нашых продкаў растлумачыць сутнасць чалавечага жыцця. Усе гэтыя вераванні — прыступкі, якія вызначылі нацыянальныя асаблівасці духоўнага аблічча беларусаў і працягваюць удзельнічаць у фарміраванні каштоўнасцяў грамадства.

Найкаштоўнейшы прадмет на выстаўцы — пражскае выданне Бібліі Францыска Скарыны 1517 го­да, якое захоўваецца ў дзяржаўным гістарычным музеі Масквы



Статус міжнароднага праект «Беларусь. Адраджэнне духоўнасці» атрымаў дзякуючы дапамозе Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы, адкуль адмыслова для ўдзелу ў выстаўцы прывезлі ў Мінск унікальны помнік кнігадрукавання — пражскае выданне Бібліі Скарыны 1517 года, які знаходзіцца ў музеі з ХІХ стагоддзя. Каштоўны асобнік Бібліі захоўваецца ў самых спрыяльных умовах: выданне змясцілі пад каўпаком, дзе падтрымліваецца тэмпература 15—17 градусаў і вільготнасць 50—60 працэнтаў. Аднак наведвальнікі экспазіцыі ўсё роўна могуць пагартаць старонкі рарытэта з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій: расіяне адсканавалі асобныя фрагменты Бібліі. Наяўнасць такога экспаната на выстаўцы ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — вельмі істотны ўнёсак у святкаванне Дзён беларускага пісьменства. Падчас адкрыцця экспазіцыі міністр культуры Барыс СВЯТЛОЎ зазначыў, што Францыск Скарына для яго — адна з найвялікшых загадак у культуры.

Абразы, карціны, нацыянальныя строі, уборы святароў, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, археалагічныя знаходкі — экспазіцыя аб'ядноўвае больш як 400 рарытэтаў. Пачэснае месца ў музеі займаюць пячатка Ефрасінні Полацкай ХІІ стагоддзя і сценапіс Праабражэнскай царквы Спаскага манастыра ў Полацку ХІХ стагоддзя. Сучасныя экспанаты для выстаўкі «Беларусь. Адраджэнне духоўнасці» прадставіў Свята-Елісавецінскі манастыр.

Звярнуцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны Нацыянальнаму гістарычнаму музею дапамаглі Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі, Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей, Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Музей Інстытута гісторыі НАН Беларусі і Музей старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі.

Аўтар: Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота: БЕЛТА