Рарытэтныя кніжныя помнікі ХV — XVII стст. з Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, а таксама доўгачаканыя выданні Скарыны — упершыню ў Беларусі прадстаўлены ўнікальны збор старадрукаў на адной пляцоўцы, у адным праекце: з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі працуе міжнародная выстаўка «Францыск Скарына і яго эпоха».


Аглядаючы выстаўку

Арыгінальныя выданні часоў Скарыны

Адразу тры «Малыя падарожныя кніжкі»: з калекцыі Белгазпрамбанка, Славеніі і Расіі; Псалтыр (Прага, 1517), самая першая кніга, выдадзеная Ф. Скарынам; Пражская Біблія Скарыны, прывезеная з Германіі; «Апостал» (Вільня, 1525), што прыехаў з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, і многае іншае — суквецце старажытнай кніжнай мудрасці на адной выстаўцы. На пашанотным месцы — факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны», падрыхтаванае Банкам БелВЭБ, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. У год юбілею ўпершыню ў Беларусі сабраны і выстаўлены ў такой колькасці арыгінальныя выданні заснавальніка беларускага кнігадрукавання. Яго роля адлюстравана ў кантэксце развіцця еўрапейскага кнігадрукавання, пачынаючы са знакамітай Бібліі Гутэнберга (каля 1454), арыгінальны аркуш якой даставілі з Германіі. Біблія Гутэнберга яшчэ называецца 42-радковай. Гэта інкунабула, з адметным аздабленнем: застаўкі зроблены ад рукі. Надзвычай каштоўны і рэдкі экспанат, бо ўяўляе сабой адзінае выданне Гутэнберга, якое захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Германіі і ўпершыню экспануецца за мяжой.

— Колькі ні кажы пра першыя кнігі, пра нашага першадрукара, лепей усё ж пабачыць: што ён зрабіў, як яго кнігі разышліся па свеце. Хацелі прывезці намнога больш выданняў Скарыны, каб адлюстраваць, у якіх краінах яны захоўваліся. Але галоўнае — не самі кнігі, а эпоха. Хто быў папярэднікам? Хто стаў паслядоўнікам? Мы паказалі старажытную кнігу яшчэ і праз розныя сучасныя прыстасаванні, — распавёў дырэктар НББ Раман Матульскі.

Так, з дапамогай інтэрактыўных экранаў кожны зможа прайсці шляхамі Ф. Скарыны, паўдзельнічаць у віктарыне: вібіраем горад з прапанаванай карты. Масква, напрыклад: лічыцца, што Скарына быў тут і прапаноўваў купіць свае кнігі, але іх спалілі за лацінства. «Ф. Скарына дазволіў сабе ўмяшацца ў біблейскі тэкст, разбіць яго на раздзелы, перакладаць, уключаючы элементы перакладаў з розных моў, таму не мог быць прыняты на той час у Маскве як кнігавыдавец», — лічыць метадыст аддзела экскурсійна-метадычнай работы НББ Вераніка Свірыдовіч.

— Францыск Скарына выкарыстоўваў новую тэхніку кнігадрукавання, вынайдзеную Гутэнбергам за паўстагоддзя да яго, — адзначыў пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар. — І першым надрукаваў кнігі ў моўнай форме, якая хоць і засведчвае ўздзеянне царкоўнаславянскай мовы, але і дэманструе прыкметы насельніцтва рэгіёна. Што падштурхнула Скарыну да гэтага? Адказ можна знайсці ў манаграфіі Ханса-Крысціяна Дзітрыха па гісторыі царквы і рэфармацыі ў Беларусі, што выйшла ў 2005 годзе. У ёй Дзітрых піша: «У сваім імкненні зрабіць Слова Божае, Святое Пісанне даступным для сваіх суайчыннікаў на іх роднай мове, у сваім імкненні паказаць кожнаму стваральны характар Бібліі ён правёў вырашальную работу для рэфармацыі. Скарына падрыхтаваў рэфармацыю на ўсходнеславянскай і беларускай прасторы, зрабіў Слова Божае зразумелым для людзей — не больш за тое, але і не менш».

Геаграфія кніг

Арыгіналы і факсіміле з сямі краін свету і фондаў НББ перадаюць моц мінулых стагоддзяў.

— Мы прывезлі тры «жывыя» кнігі. Адна з іх — «Апостал» (Вільня, 1525 г.), цікавы тым, што гэта першая друкаваная кніга на царкоўнаславянскай мове і апошняя ў выдавецкай дзейнасці Ф. Скарыны, — зазначыў в.а. генеральнага дырэктара Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Уладзімір Гняздзілаў.

Аглядаць, як спланавана экспазіцыя, зручней з другога паверха. У самым цэнтры гаспадарыць Скарына. Пражская Біблія, што з Германіі, досыць аб’ёмная — там адначасова каля 10 кніг. Можна разгледзець гравюры, пааркушавую нумарацыю, якая з’явілася якраз у Ф. Скарыны. Тэкст падзелены на сказы, прайшоў добрую рэдактарскую падрыхтоўку і лёгка чытаецца. Адмысловы шрыфт: за аснову асветнік узяў шрыфт беларускага паўуставу — зразумелы, лёгкі. Тры «Малыя падарожныя кніжкі», што ў экспазіцыі, падобныя. Сапраўды маленькія, але склад кожнай непаўторны. «Па сутнасці, “Малая падарожная кніжка” — гэта Псалтыр з дадаткамі богаслужбовых кніг. Кожны мог сабраць свой склад, сваю кнігу. Абавязковы элемент — менавіта Псалтыр. Таму ў кожным з гэтых выданняў свая колькасць уключаных кніг, а разам з 10 кнігамі з фонду НББ (у 1925 г. тады яшчэ Дзяржаўная бібліятэка БССР купіла 10 Скарынавых кніг у расійскага калекцыянера В. Камарніцкага; падчас Другой сусветнай вайны іх вывезлі эшалонам у Германію; пасля вайны кнігі былі знойдзеныя і вернутыя па бібліятэчных штампах), кнігай, прывезенай з Германіі, атрымліваецца 61 кніга Францыска Скарыны», — распавяла Вераніка Свірыдовіч.


Біблія Ф. Скарыны (Прага, 1517 — 1519) прывезена з Германіі (Верхнялужыцкая навуковая бібліятэка)

Белгазпрамбанк даў магчымасць пагартаць «Малую падарожную кніжку» ў электронным фармаце. Звернемся да экрана. Адгорнем на старонку 530. Тут незвычайнасць — анаграма Ф. Скарыны: першыя літары заставак абзацаў даюць найменне «Доктар Скарыніч Францыск». Цікава, што расшыфравалі анаграму толькі ў ХХ ст.

Але першай краінай, дзе ў Еўропе пачалося кнігадрукаванне, стала Германія. Побач з унікальным арыгінальным фрагментам 42-радковай Бібліі Гутэнберга з Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі — факсімільнае выданне Бібліі Гутэнберга з Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, падрыхтаванае больш як 100 гадоў таму ў Лейпцыгу. У Лютэраўскай Бібліі (пераклад М. Лютэра на нямецкую мову 1523 года) гравюры размаляваныя тымі, хто кнігай валодаў, уручную, самастойна (друку шматкаляровага на той час яшчэ не існавала). Далей — «Сентэнцыі» Пятра Ламбардскага, вядомага багаслова: да пачатку Рэфармацыі гэта, па сутнасці, галоўны дапаможнік па каталіцкім багаслоўі.

Унікальнае выданне Петэра Шофера, вучня Іагана Гутэнберга, — «Гербарый» (1484), першы траўнік Германіі, свецкі, нецаркоўны. Расліны размаляваны таксама ад рукі ўладальнікамі. Разам з кнігамі ў вітрыне Германіі — мадэль мініяцюрнага друкаванага станка (прыехаў з Лейпцыга). Ён працоўны і пры жаданні на ім можна друкаваць. Галоўнае — мець невялікую наборную касу.

У выданнях Італіі шрыфт больш лёгкі, чым у нямецкіх, як і гравюры. Адмысловае выданне — «Боская камедыя» Дантэ Аліг’еры. Адметнае тым, што аўтар гравюр да гэтай кнігі — Сандра Бацічэлі. Ён яшчэ быў жывы, калі кніга пабачыла свет. Яркі экспанат — асобнік аднаго з вядомых італьянскіх венецыянскіх выдаўцоў Альда Мануцыя. На тытульным аркушы — новы для таго часу шрыфт — курсіў. Менавіта тут яго сталі выкарыстоўваць упершыню. Альда Мануцый стварае вакол сябе аб’яднанне, якое атрымала назву «Новая акадэмія», і займаецца не толькі друкаваннем кніг, але і іх рэдактарскай падрыхтоўкай, навуковымі даследаваннямі. Таму ўзнікла неабходнасць стварыць друкарскі знак: дэльфін абвівае якар — каб ніхто не мог падрабіць унікальныя кнігі. Шрыфт «Венецыянская антыква» таксама ўпершыню сталі выкарыстоўваць альды.

Францыя і Швейцарыя — прадаўжальнікі традыцыі адначасова і італьянскай, і нямецкай. Шрыфты тут і гатычныя, і антыква. Адна з кніг — выдавецтва Эльзевіраў і швейцарскага выдаўца Ёгана Фрабэна. Нідэрланды вядомыя геаграфічнымі адкрыццямі і развіццём картаграфіі. Як прыклад — выданне з невялікай картай. Далей — вядомая Біблія 1566 г. славутага галандца К. Плантэна з унікальнымі рэнесанснымі гравюрамі: у цэнтры — чалавек, паказаны за простым заняткам.

Выданні каланіяльных краін Іспаніі і Вялікабрытаніі цікавыя тым, што кнігадрукаванне тут пачалося адразу на сваёй мове, а не на лацінскай. У прыватнасці, у Вялікабрытаніі — на англійскай.

У вітрыне Польшчы — Трыёдзь каляровая 1491 г. — адна з першых кніг, надрукаваных на кірыліцы Швайпольтам Фіёлем у Кракаве. Здавалася б, немец, але надрукаваў у Кракаве першую кнігу на кірыліцы. Таксама бачым польскі статут і знакамітую Біблію леапалітаў 1561 г. — Біблія, перакладзеная з вульгаты — не з арыгінальных моў. Вось чаму асаблівую карысць уяўляе Радзівілаўская (Брэсцкая) Біблія. Калі б была магчымасць перагарнуць тытульны аркуш, то ўбачылі б партрэт Жыгімонта Аўгуста.

У Чарнагорыі, услед за першымі выданнямі Швайпольта Фіёля, працягнулася кірылічнае кнігадрукаванне. З прычыны захвату туркамі яно было спынена.

У цэнтры ўвагі

Усярэдзіне залы — кнігі беларускіх выдавецтваў. Так атрымалася, што першых паслядоўнікаў Ф. Скарына атрымаў толькі праз амаль паўстагоддзя. Яго друкарня ў Вільні, лічыцца, згарэла. Пасля гэтага кнігадрукаванне ўзнавілася зноў у г. Брэсце, дзе заснавальнікам рэфарматарскай друкарні стаў прыхільнік ідэй рэфарматараў Мікалай Радзівіл Чорны. Адно з самых яркіх і галоўных выданняў гэтай друкарні — «Радзівілаўская (Брэсцкая) Біблія» 1563 года на польскай мове. Яна паступіла з прыватнай калекцыі, перакладзена з арыгінальных моў, мае 14 гравюр. Далей кнігадрукаванне працягнулася ў Нясвіжы. Першай кнігі на беларускай мове — «Катэхізіса» Сымона Буднага (1562), на жаль, у экспазіцыі няма. «Трыбунал» — намага больш позні: 1781 года. Побач — выданні Віленскай брацкай друкарні. Вільня — цэнтр кнігадрукавання. Немагчыма не звярнуць увагу на Грамату 1567 г., выдадзеную Жыгімонтам ІІ Міхаілу Гарабурдзе на адкрыццё друкарні ў Вільні. «Граматыка славянская Лаўрэнція Зізанія» (Вільня, 1596) — адзін з прыкладаў філалагічнай навукі на тэрыторыі ВКЛ. Каштоўныя экзэмпляры Віленскай друкарні братоў Мамонічаў і Пятра Мсціслаўца: Псалтыр 1576 г., Евангелле 1575 г. І ўнікальнае выданне Статута ВКЛ на старабеларускай мове 1588 года друкарні Мамонічаў (прадастаўлена Латвійскай нацыянальнай бібліятэкай). Паглядзіце, а то, можа, больш не атрымаецца.

У Куценскай друкарні працаваў Спірыдон Собаль, той самы, хто выдаў «Буквар» (1631). Менавіта пасля С. Собаля кнігі для навучання сталі называць букварамі. З прадстаўленых кніг Магілёўскай друкарні ўвагу варта звярнуць на гравюры: яны падпісаныя. Вядомы беларускі гравёр Васіль Вашчанка стаў першым на ўсходнеславянскіх землях, хто пачаў гравюры падпісваць. Яны лёгкія, «ачалавечаныя». Найвядомейшы асобнік Слуцкай друкарні — «Турэцкая манархія» (1678).

Адмысловыя выданні блізкіх да нас краін, кнігадрукаванне ў якіх пачалося пасля Ф. Скарыны. Выданне Літвы — першая кніга на літоўскай мове «Простыя словы катэхізіса» Марціна Мажвідаса, першадрукара літоўскага, — пабачыла свет у Кёнігсбергу ў 1547 г. Далей — фонды, якія прадстаўляюць Латвію. Кнігадрукаванне Латвіі пачалося дзякуючы нямецкаму ўздзеянню. Надзвычай багаты стэнд Украіны, дзе прадстаўлены львоўскі «Апостал» Івана Фёдарава 1574 г. з фондаў НББ, Астрожская Біблія (1581), якая стала першай поўнай друкаванай Бібліяй на царкоўнаславянскай мове.

Глядзець — не наглядзецца!

Аўтар: Наталля СВЯТЛОВА

Фота аўтара і Яўгена Пясецкага