ХІІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні прайшлі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў межах кангрэса «500 гадоў беларускага кнігадрукавання».


Час для асобы

На пленарным пасяджэнні намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і рухавік усіх юбілейных мерапрыемстваў Алесь Суша ў дакладзе адзначыў: усе беларусы ведаюць Скарыну, але ў кожнага Скарына свой. Гэта, вядома, Скарына-першадрукар, перакладчык і выдавец Бібліі (уласную друкарню Скарына займеў у Вільні, а ў Празе друкаваўся ў іншых, таму Скарына пражскага перыяду — гэта менавіта кнігавыдавец, а не друкар). Але ён таксама быў дзяржаўным ды рэлігійным дзеячам: у яго біяграфіі ёсць пасады епіскапскага сакратара, пісара, дарадцы вышэйшых дзяржаўных чыноў. Скарына — першы беларускі доктар навук (ён і сам гэта пастаянна падкрэсліваў), медык, прыдворны лекар (прычым пры некалькі дварах!). Ён лячыў першых асоб, што паказвае яго значнасць у тагачасным еўрапейскім грамадстве. Скарына — гэта і абазнаны батанік, садоўнік. Нарэшце, Скарына — першы беларускі паэт, аўтар вядомых сёння паэтычных радкоў. Скарына — першы вядомы нам ураджэнец Беларусі, які стаў паўнавартасным прадстаўніком эпохі Адраджэння. Як Леанарда да Вінчы, Скарына праявіў сябе ў розных сферах дзейнасці.

Асобе і дзейнасці Скарыны была прысвечаная адна з секцый кнігазнаўчых чытанняў. Гэтая секцыя цягнулася даўжэй за астатнія — да самага закрыцця кангрэса (і працягвалася б яшчэ, каб прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі не ахвяравалі б сваімі выступамі). Адкрыццяў на секцыі не прагучала, але іх і не чакалася: новыя факты і інтэрпрэтацыі гучалі ўвесь год, і кангрэс стаў добрым месцам, каб іх падсумаваць.

Разам з тэмамі біяграфіі і кніг Скарыны важкім кірункам становіцца даследаванне скарыназнаўства і біяграфіі скарыназнаўцаў. З дакладамі ў гэтым рэчышчы выступілі госці з Расіі: сямейная пара даследчыкаў з Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук Юрый Лабынцаў і Ларыса Шчавінская зрабілі даклад пра польскае скарыназнаўства, дырэктар Музея кнігі Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі Джаміля Рамазанава расказала пра Скарыну ў працах Антаніны Зёрнавай — бадай самай аўтарытэтнай у свеце даследчыцы кірылічных старадрукаў. Выявілася, што ў А.  Зёрнавай засталася неапублікаваная работа пра Скарыну, якая стала б наватарскай у савецкі час і значна раней дала б штуршок для даследавання Скарыны. Сярод іншага, даследчыца вывучала ініцыялы Скарыны, вылучыла сюжэты, якія на іх выяўленыя, і здолела прасачыць, як багата пераймалі Скарынавы ініцыялы ў наступныя дзесяцігоддзі і стагоддзі: і ў Вільні (Пётр Мсціславец), і ў Астрогу (мясцовыя друкары), і ў Магілёве (Спірыдон Собаль), і нават у Маскве (друкар першага расійскага буквара Васіль Бурцоў). Шрыфт пераймалі пратэстанты — Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, славенец Прымаж Трубар. У Расіі ж перайманне такога «манернага шрыфту» яшчэ доўга было немагчымае.

Знакі для расшыфроўкі

Са Скарыны ў кірылічным кнігадрукаванні пачаўся звычай абрамляць кананічны тэкст суправаджальнымі выдавецкімі тэкстамі — калафонам, які мы прызвычаіліся называць прадмовамі і пасляслоўямі, распавёў вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Юрый Лаўрык. У яго дакладзе прагучала і тлумачэнне кур’ёзу, звязанага са Скарынавым Псалтыром. Справа ў тым, што тытульны ліст у Псалтыры аказаўся на адвароце. А на знешнім баку аркуша прадстаўлена гравюра з радаводам цара Давіда і подпісам пра спонсара Багдана Онкава, за чый кошт надрукаваная кніга. Верагодна, Скарына хацеў аздобіць тытульнік рамкай з віньеткамі, але не паспяваў. А без аздобы тытульны аркуш моцна прайграваў адвароту ў прыгажосці. Таму Скарына і яго памочнікі ў апошні момант вырашылі памяняць месцамі бакі аркуша.

А як інтэрпрэтаваць знакамітыя знакі са Скарынавых гравюр? Даследчык Алег Ліцкевіч прадставіў цікавую гіпотэзу: сонца і месяц — знак зацьмення, але таксама гэта сімвал сонечнага і месяцовага цыклаў, па якіх хрысціяне вылічваюць дзень Вялікадня. Табліца для вылічэнняў у часы Скарыны мела назву «скара», бо нагадвала краты для смажання мяса, якія таксама называліся «скарамі» ў беларусаў ХVI стагоддзя. На думку Ліцкевіча, у гэтым сімвале Скарына зашыфраваў сваё прозвішча. Але на гэтым нечаканасці не заканчваюцца. Схематычная ромбападобная выява з крыжам — яшчэ адзін загадкавы сімвал Скарынавых гравюр — можа азначаць Скарынава імя па бацьку — Лукіч. Гэта выява, мяркуе Алег Ліцкевіч, насамрэч задыякальная выява галавы цяльца. А цялец — сімвал апостала Лукі. А трохкутнік з крыжам — знак ордэна францысканаў і знак святой Троіцы — мог быць зашыфраваным іменем першадрукара. Такім чынам, з таямнічых знакаў складаецца подпіс — «Францыск Лукіч Скарына».

Месцы для сустрэч

Не ўсе дакладчыкі здолелі паўдзельнічаць у канферэнцыі, але ўсе даклады можна прачытаць у двухтомным зборніку «Матэрыялы міжнароднага кангрэса “500 гадоў беларускага кнігадрукавання”», які выйшаў да адкрыцця канферэнцыі. Сярод тэматычных дакладаў цікава пазнаёміцца, напрыклад, з тэкстам экскурсавода Івана Сацукевіча пра вуліцы Францыска Скарыны ў Беларусі. На дадзены момант вуліц з такой назвай у нашай краіне 52. А першая з’явілася ў Мінку ў 1926 годзе. Гарсавет прыняў рашэнне перайменаваць старажытную Казмадзям’янскую (яна ішла ад плошчы Свабоды ўніз, да цяперашняга метро «Няміга»). Праўда, назва не прыжылася, і ўжо ў пачатку 1930-х вуліца стала насіць імя Дзям’яна Беднага. У час нямецкай акупацыі імя Скарыны атрымаў Пушкінскі пасёлак — квартал паміж праспектам, вуліцамі Сурганава, Якуба Коласа і плошчай Калініна. У 60-я гады імя Скарыны атрымала вулачка ў Сяльгаспасёлку (1-ы завулак Скарыны існуе там і цяпер). З 1990-га імя Скарыны стала насіць Акадэмічная, а ранейшая вуліца ў сяльгаспасёлку стала вуліцай Алешава. Ну, і нарэшце ў 1991-м імя Скарыны атрымала галоўная вуліца Мінска, былы Ленінскі праспект. А праз 14 гадоў імя Скарыны стала насіць вуліца на ўскраіне горада, Скарына пераехаў на былы Старабарысаўскі тракт.

Лепш зразумець Скарыну і яго эпоху дапаможа ўнікальная выстаўка, якая працягнецца да канца года.

Аўтар: Паліна СКУРКО