Вучні Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў нядаўна завяршылі працу над цікавым праектам. Яны стваралі макеты паштовак з выявай слуцкіх паясоў. Матыў у паштовак адзін, а выкананне – індывідуальнае.

Па меркаванні намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі-каледжа мастацтваў Яўгена Саковіча, такую працу не сорамна адрасаваць замежнікам. Хлопцы з 5 класа вывучаюць народныя рамёствы – саломапляценне, кераміку, ткацтва, мастацтва выцінанкі. Ідзе грунтоўная падрыхтоўка і па акадэмічным малюнку. Адміністрацыя Цэнтральнага раёна прапанавала хлопцам паўдзельнічаць у стварэнні паштовак. Праект дзеці ўспрынялі з натхненнем і зрабілі ў выніку сапраўдны нацыянальны прадукт.

У каледжы плануюць наладзіць супрацоўніцтва з «Белпоштай» і шэрагам паліграфічных цэнтраў, каб прадставіць працу ў друкаваным выглядзе. У 2019 годзе сталіца прыме другія Еўрапейскія гульні, у горад прыедуць турысты з усяго свету – ім будзе што павезці з сабой.

Вучаніцы 11 класа сёстры Надзея і Ганна Журун, паказваючы свае работы, адзначаюць, што праект цікавы, але няпросты, бо інфармацыі пра слуцкія паясы захавалася мала. Надзея распрацавала з дзясятак эскізаў. Калі яна вывучала арнамент паясоў нашых продкаў, звярнула ўвагу, што майстры выкарыстоўвалі шмат элементаў расліннага свету. Гэта лісце, кветкі, у прыватнасці васількі. На яе паштоўках яны таксама прысутнічаюць. Знешняя частка паштоўкі выканана ў тэхніцы выцінанкі. Сілуэты дрэў і кустоў выразаныя ўручную. Усярэдзіне – арнамент слуцкіх паясоў, намаляваны гуашшу і акрылам. У Ані работы атрымаліся не менш цікавымі. За аснову ўзятыя гістарычныя будынкі Мінска.

Аднакласнік дзяўчат Іван Аземша таксама паўдзельнічаў у творчым праекце. Рабяты сустракаліся з дырэктарам Музея старажытнай беларускай культуры, які даследаваў слуцкія паясы. Яго кніга стала для Івана асноўнай крыніцай, там ён знайшоў некалькі малюнкаў паясоў. У Беларусі іх засталося вельмі мала, у асноўным паясы захоўваюцца ў музейных і прыватных калекцыях свету. Іван пастараўся вельмі дакладна перанесці арнамент нацыянальнага аксэсуара на свае паштоўкі, паказаць яго ўнікальнасць.

Мінская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў стала ўдзельнікам праекта па стварэнні школьных бізнес-кампаній. Два выкладчыкі і два вучні зараз праходзяць навучанне прадпрымальніцкаму майстэрству ў БДУ, каб разумець, як правільна арганізаваць вучнёўскае прадпрыемства, рэалізаваць дзіцячыя ініцыятывы. Па словах Яўгена Саковіча, стварэнне аўтарскіх паштовак – адна з ідэй для іх будучай бізнес-кампаніі.

Аўтар: НІА па матэрыялах Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі