«Бібліятэкар, каб справіцца са сваёй працай, павінен валодаць эрудыцыяй Аспазіі, прыгажосцю Афрадыты, вынослівасцю Геракла, бескарыслівасцю святой Клары і фінансавым геніем Генры Форда», — пісаў адзін з польскіх часопісаў. Ці дастаткова гэтага ў час інавацый, імклівага развіцця?
У Светлагорскай бібліятэцы рухавіком лічаць кампетэнтнага і мабільнага спецыяліста, здольнага знайсці прафесійную нішу ў хутка зменлівых грамадскіх, інфармацыйных, тэхналагічных умовах. Светлагорская раённая сетка аб’ядноўвае 26 бібліятэк (7 гарадскіх (з іх 3 дзіцячыя), 2 гарпасялковыя, 17 сельскіх), усяго працуе 71 бібліятэкар (20 спецыялістаў ва ўзросце да 35 гадоў). Тут арганізавана навучанне па спецыяльнай праграме з 4 ступенямі павышэння кваліфікацыі. Для тых, хто не мае прафесійнай адукацыі, праводзяць практыку ў рамках бібліятэчнага ліцэя па схеме: практыкум + кансультацыя + наведванне мерапрыемстваў у гарадскіх бібліятэках.

Актыўная форма прафесійнага развіцця работнікаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй — практыкаарыентаваныя семінары. Выступаюць прадстаўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (дацэнт У. А. Акуліч), інфармацыйнага цэнтра Пасольства США ў Беларусі (у прыватнасці загадчык М. В. Шубіна), выдавецтва «МЕТ» (камерцыйны дырэктар А. Г. Корбут). Семінары спалучаюць трэнінгі, рэкамендацыі па выкарыстанні інфармацыйных практыкумаў. Авалоданню новымі тэхналогіямі садзейнічаў трэнінг «Буктрэйлер: прасоўванне кнігі і чытання», павышэнню прафесійных кампетэнцый — майстар-клас «Інтэлектуальныя рэсурсы і сучасны падыход да даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальніка».

На базе лепшых бібліятэк (пераможцаў рэспубліканскіх і абласных конкурсаў) арганізоўваюцца дні творчай ініцыятывы «Я прапаноўваю свой вопыт». Ладзяцца і дні прафесійных ведаў, у праграме якіх — майстар-класы і кансультацыі па новых формах работы. Дзень прафесійных ведаў «Стратэгія новых магчымасцяў» завяршыўся выязнымі майстар-класамі на базе сельскіх бібліятэк.



Маладыя бібліятэкары навучаюцца ў школе прафесійнага росту «Перспектыва»: так выхоўваюць спецыялістаў-лідараў.

«Прафесійныя якасці будучых кіраўнікоў дэманструюць дні дублёраў. Маладыя спецыялісты на адзін дзень замяняюць дырэктара, замдырэктара, загадчыкаў бібліятэк і аддзелаў, што раскрывае іх патэнцыял. Так, бібліёграф Цэнтральнай бібліятэкі Вікторыя Буцер хутка была прызначана намеснікам дырэктара бібліятэчнай сеткі», — расказала Валянціна Расашэнка, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк.

На прафесійнае развіццё кіраўніка сярэдняга звяна скіраваны факультатыў кампетэнтнага кіраўніка, дзе абмяркоўваюцца такія тэмы, як геакультурны брэндынг, новыя напрамкі краязнаўчай дзейнасці бібліятэк, выхаванне прафесіяналаў у калектыве.

Актыўна тут выкарыстоўваюць інтэрактыўныя формы навучання. Сумесна з Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкай зладзілі вэбінары «Бібліятэчны блог як новая мадэль узаемаадносін з карыстальнікам» і анлайн-дыялог «Бібліятэчны блог: адказы на пытанні». Дарэчы, інтэрнэт-дзённікі маюць 7 сельскіх бібліятэк Светлагорскай сеткі.

Пры падтрымцы РНТБ арганізаваны і мост «Сэрвісы вэб 2.0. Воблачныя тэхналогіі». Загадчыкі гарадскіх бібліятэк, спецыялісты раённых былі ўдзельнікамі вэбінара «Рэсурсы адкрытага доступу. Бліскучыя перспектывы і вялікія спакусы», анлайн-трэнінгу, арганізатар якіх — Універсітэцкая бібліятэка анлайн Масквы.

Творчаму развіццю бібліятэк, безумоўна, садзейнічаюць конкурсы: падчас падрыхтоўкі — нестандартныя ідэі, новыя праекты. Сур’ёзны стымул да творчасці, сродак рэалізацыі патэнцыялу — конкурсы прафесійнага майстэрства. Пераможцаў вызначаюць у выстаўках «Буктрэйлер — фантазіі на тэму кнігі», электронных прэзентацыях на лепшы прома-ролік, абіраюць лепшы турыстычны маршрут па малой радзіме.

Адна з творчых ідэй увасобілася ў конкурсе «Бібліятэкар чытацкіх сімпатый». Каля 1000 карыстальнікаў Цэнтральнай бібліятэкі Светлагорска сталі ўдзельнікамі галасавання. Бібліятэкара, які атрымаў найбольшую колькасць чытацкіх галасоў, узнагародзілі грашовай прэміяй.

Творчую актыўнасць стымулююць спаборніцтвы сярод бібліятэк. Па выніках года вызначаюцца пераможцы ў розных намінацыях, якія заахвочваюцца персанальнымі надбаўкамі да акладаў, грашовымі прэміямі і падарункамі. «За апошнія 10 гадоў нашы бібліятэкі 10 разоў станавіліся пераможцамі абласнога конкурсу “Бібліятэка неабходна грамадству” і рэспубліканскага “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, — адзначыла Валянціна Расашэнка. — Мы разумеем: каб бібліятэкі былі запатрабаваны, неабходна імкнуцца да інавацыйныга развіцця, мяняць вобраз звыклай бібліятэкі».

Аўтар: Наталля СВЯТЛОВА