Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Першай сталіцай свята ў 1994 годзе быў старажытны Полацк, потым гасцей з усяго свету сустракалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў і іншыя старажытныя культурныя цэнтры Беларусі. Летась у Слонім Гродзенскай вобласці на свята прыехала больш за 50 тысяч гасцей.

Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Бялынічах Магілёўскай вобласці. Менавіта тут 6 верасня сустрэнуцца ўсе тыя, хто працуе дзеля захавання друкаванага слова, папулярызацыі традыцый нацыянальнай культуры і памнажэння духоўнасці беларускага народа.

Галоўнымі тэмамі свята вызначаны Год малой радзімы, 75-годдзе Вялікай Перамогі, 90-годдзе Уладзіміра Караткевіча.

Цэнтральнымі падзеямі Дня беларускага пісьменства стануць урачыстае адкрыццё, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі і закрыццё свята. Акрамя таго, у межах мерапрыемства адбудзецца экспедыцыя «Дарога да святыняў», пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Бялыніцкія чытанні», будуць падведзены вынікі конкурсу «Кніга з экрана», а таксама іншых творчых спаборніцтваў, што праводзіліся напярэдадні. Удзельнікі свята паспрабуюць свае здольнасці ў гістарычнай квэст-гульні «Скарб князя Гальшанскага».

На цэнтральнай плошчы Бялынічаў 5–6 верасня будуць працаваць павільёны «Друкарскі двор», «Слова пісьменніка» і іншыя, дзе ўдзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства змогуць азнаёміцца з кніжнымі навінкамі і сустрэцца з пісьменнікамі. Таксама будуць прадстаўлены экспазіцыі перыядычных выданняў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі і аўтограф-сесіі пройдуць на пляцоўцы «Слова пісьменніка».

Больш падрабязна пра праграму ХХVII Дня беларускага пісьменства можна даведацца тут.

 

НІА
па матэрыялах сайта Міністэрства інфармацыі
Рэспублікі Беларусь