У Выдавецкім доме «Беларуская навука» выйшла кнiга Элiзы Ажэшкi. У выданне ўвайшлi найбольш значныя яе творы — «Над Нёманам» i цыкл «Gloria Victis» («Слава пераможаным»). Сёння мы гутарым з iх перакладчыкам Анатолем Бутэвiчам.

— Хочацца гарэзлiва спытаць: што ў вас з Ажэшкай?

— Мне здаецца, што чым больш мы будзем ведаць нашу даўнюю лiтаратуру, у тым лiку творы пiсьменнiкаў, якiя хоць i не на мове нацыi, але апавядалi пра падзеi, што адбывалiся на нашай зямлi, тым больш мы будзем упэўненыя, што наш гiстарычны падмурак моцны i што на iм можна будаваць новы дзень паспяхова i бесперашкодна. Мая вялiкая ўвага да Ажэшкi абумоўлена тым, што ў нашага чытача не так шмат магчымасцяў знаёмiцца з яе творамi: не ўсе яны перакладзены нават на рускую мову. На беларускай жа можна было знайсцi малавата. У «Беларускiм кнiгазборы» дваццаць гадоў таму выходзiла трошкi апавяданняў i аповесцi, традыцыйна аднесеныя да беларускiх: «Хам», «Нiзiны», «Дзюрдзi». Мне ж здавалася, што i раман «Над Нёманам» мае права быць перакладзеным на беларускую мову. Хоць польскiя матывы ў iм прысутнiчаюць, але i беларускiя не пакiнуты без увагi, тое, пра што пiша аўтар, адбывалася на нашай зямлi. Гэта па-першае. А па-другое, Элiза Ажэшка ўмела так выбудоўваць тэкст, каб ён не мог не захапiць, каб нельга было спынiцца, пачаўшы чытаць. Яна ўмела паказаць i характары людзей, i ўзаемадачыненнi класаў, як сказалi б у савецкi перыяд, i прыроду, якая ў яе выступае асобным героем. I яшчэ адметнасць: калi пiсаўся раман «Над Нёманам», у той краiне, у якой жыла аўтарка, iснаваў такi прэс цэнзуры, што яна была вымушана карыстацца схаванымi сэнсамi. I тое, як ёй удалося расказаць пра падзеi паўстання 1863 года, надае раману дадатковую прыцягальнасць. А тое, пра што яна распавяла, змушае нас верыць фактам i дае падставы сцвярджаць, што не ўсе тагачасныя загадкi раскрытыя. Вось чаму я захацеў перакласцi раман «Над Нёманам». Ну, а на пераклад цыкла «Gloria Victis» штурхае сама назва: «Слава пераможаным». Здавалася б, якая iм можа быць хвала. Але Ажэшка апявае ўчынкi паўстанцаў, называе iх сапраўдныя iмёны i апiсвае падзеi, сведкай i ўдзельнiцай якiх была i сама.

— Побач з кнiгамi якiх пiсьменнiкаў вы ставiце кнiгi Элiзы Ажэшкi?

— У розных матэрыялах, прысвечаных яе творчасцi, раман «Над Нёманам» згадваецца ў кантэксце паэм «Новая зямля» Якуба Коласа i «Пан Тадэвуш» Адама Мiцкевiча. Тое, што аб'ядноўвае гэтыя паэмы, прысутнiчае i ў рамане — у тым, як узвышана паказаныя пачуццi, i ў тым, што прырода апiсваецца як чалавек са сваёй рэакцыяй на падзеi, i ў тым, што сказана пра адносiны да зямлi i гаспадаркi. Перакладаючы твор, назiраючы ў iм мiтрэнгi памiж уладальнiкамi зямлi i тымi, хто яе арандуе i апрацоўвае, я заўважыў яшчэ адну паралель — з «Палескай хронiкай» Iвана Мележа. Тыя ж адносiны да зямлi, тое самае жаданне яе адхапiць, тыя ж бунтоўнасць i прага паразумення. А якая паэтычнасць у апiсаннi жнiва! Мележ працягнуў паэтычную нiтку, якую пачынала Ажэшка. Гэта яна апiсала жнiво так, быццам няма падзеi вышэй. Так для сялян i было. I яшчэ адна паралель: чытаючы пра жнiво ў Ажэшкi, я згадваю сваю мацi. Я нарадзiўся ў Нясвiжскiм раёне, на хутары Язавец, вакол якога калгасныя палi цягнулiся як вокам сягнуць. I жыта жалi сярпамi. Тады жняяркi з'яўлялiся дзе-нiдзе, а камбайнаў нiякiх i блiзка не iснавала. Дык вось, калi мацi з iмпэтам жала жыта сярпом, а я дапамагаў ёй складваць снапы ў мыдлi, так у нас iх называлi, яна заўсёды спявала. Вiдаць, так было лягчэй. Пачуццi, якiя ў мяне выклiкае апiсанне жнiва ў Ажэшкi, асацыiруюцца, такiм чынам, з тым, што я i сам бачыў i ў чым браў удзел.

— Што скажаце пра «цяжкасцi перакладу»?

— Прызнаюся, мне было трошкi складана, хоць польскiя словы ўва мне з дзяцiнства, ад памяцi людзей той зямлi, якая да 1939 года была пад Польшчай. Пачаў я перакладаць тады, калi працаваў генконсулам у Гданьску, з 1996 года, а працягваў, калi быў паслом у Румынii, i для мяне гэты пераклад стаў сцежкай да ўспамiнаў пра асабiстае, роднае, пра жыццё на хутары, дзе прырода вымушала падладжвацца, а не валадарыць. Такая прырода, як у рамане Ажэшкi. Вось гэтае жаданне — перакласцi для iншых тое, што замiлоўвае ўласную душу, — дапамагала шукаць патрэбныя словы. Наколькi ўдалося, ацэнiць чытач. Ва ўсякiм разе, першае выданне «Над Нёманам», якое выйшла ў «Мастацкай лiтаратуры» ў 2003-м у серыi «Скарбы сусветнай лiтаратуры», разышлося iмгненна. Дасць Бог, i новы том «Беларускага кнiгазбору», другi ў гэтай серыi том твораў Элiзы Ажэшкi, будзе добрым падарункам для чытача.

— Цi не здаецца вам, што Ажэшка недаацэнена?

— Калi мы параўноўвалi яе творы з творамi Якуба Коласа, Адама Мiцкевiча, Iвана Мележа, то рабiлi гэта ў першую чаргу на ўзроўнi захапляльнасцi для чытача. I гэта галоўная адметнасць яе творчасцi. Калi створыш нешта, на ўласны пагляд генiяльнае, але чытачу непатрэбнае, — ацэнены будзеш у «нуль». А калi напiсана нешта такое, што вымушае пранiкнуць глыбока ў сутнасць, абуджае жаданне зрабiць нешта вартае для зямлi, на якой жывеш... Ажэшка сваёй творчасцю выклiкае ўсё гэта, паказвае, як «радзiмаму краю служыць», вучыць быць годнай асобай.

Гутарыла Святлана Воцiнава;
крынiца: інтэрнэт-партал Выдавецкага дома «Звязда»