Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы сёлета адзначае сваё 75-годдзе. Ён быў створаны 19 мая 1944 г. пры Акадэміі навук БССР і да 1962 г. уваходзіў у яе сістэму.

Для наведвальнікаў музей адкрыўся 20 верасня 1945 г. На трэццім паверсе Дома прафсаюзаў у Мінску супрацоўнікі ўстановы прадставілі выставу аб жыцці і творчасці Янкі Купалы, якая дазволіла пазнаёміць першых экскурсантаў са спадчынай паэта.

Першым дырэктарам музея была прызначана Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры БССР. У розныя часы кіраўнікамі ўстановы былі Іван Шарахоўскі, Іосіф Жыдовіч, Уладзімір Юрэвіч, Алесь Бажко, Аляксей Кулакоўскі, Жана Дапкюнас, Сяргей Вечар. З 2007 г. дырэктарам музея Янкі Купалы з’яўляецца Алена Ляшковіч.

Навукова-даследчая дзейнасць музея, пачынаючы з 1945 г., была накіравана на камплектаванне матэрыялаў і прадметаў з мэтай стварэння пастаяннага музейнага збору, фарміравання экспазіцый і выставак, складання бібліяграфічных даведнікаў і правядзенне навукова-даследчай работы, звязанай з жыццём і творчасцю класіка беларускай літаратуры. Але ўсё ўскладанялася тым, што дом Янкі Купалы згарэў у першыя дні вайны, а разам з ім багаты архіў і бібліятэка паэта. У часы вайны загінуў і той архіў Янкі Купалы, які ён перадаў дзяржаўнай бібліятэцы ў даваенныя гады.

Толькі ў маі 1951 г. была створана першая стацыянарная музейная экспазіцыя, якая прадэманстравала тыя нешматлікія матэрыялы, сабраныя падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў першыя пасляваенныя гады. 9 лістапада 1959 г. Літаратурны музей паэта пераехаў у спецыяльна пабудаваны будынак па вуліцы Янкі Купалы, дзе супрацоўнікамі была створана новая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці песняра. У 1962 г. музей Янкі Купалы перайшоў у падпарадкаванне Міністэрства культуры БССР.

У 1973 г. супрацоўнікі музея пачалі працу над новым экспазіцыйным праектам, адметнай рысай якога стала тое, што ў ім, акрамя літаратурнай часткі, прадугледжвалася значная мемарыяльная: фрагмент пецярбургскай кватэры Янкі Купалы, гасцёўня і кабінет у доме паэта ў Мінску, куток маскоўскай кватэры мастака Елісеева і інш.

Новая экспазіцыя была створана за два гады і 5 мая 1976 г. урачыста адкрыта для наведвальнікаў (мастак – Эдуард Агуновіч). У 1990-я гг. праведзена мадэрнізацыя экспазіцыі, адлюстравана жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў 1920–1930-х гг. У 2007 г., да 125-годдзя з дня нараджэння паэта, былі адноўлены залы, прысвечаныя тэмам: «Жыццё і дзейнасць Янкі Купалы ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таямніца яго смерці» і «Пецярбургскі перыяд у жыцці паэта».

Да 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта 3 жніўня 2012 г. у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося ўрачыстае адкрыццё новай профільнай экспазіцыі «Шляхі».

 

НІА
па матэрыялах сайта Дзяржаўнага
літаратурнага
 музея Янкі Купалы