Літаратары з 17 краін заявілі пра жаданне ўдзельнічаць у сімпозіуме да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, які пройдзе ў час XXIV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Пра гэта паведаміў сёння намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч на пасяджэнні рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенню святкавання памятнай даты.

У прыватнасці, намеснік міністра інфармацыі адзначыў, што ў чарговай Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы прымуць удзел дэлегацыі больш чым з 30 краін. Сярод знакавых мерапрыемстваў будучай выставы - прэзентацыя кніг, прысвечаных першадрукару Францыску Скарыне, якія выйшлі ў беларускіх выдавецтвах ў канцы 2016 года. Кніжныя навінкі будуць прадстаўлены пры ўдзеле замежных гасцей і ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання (пройдзе 8-9 лютага).

Па словах Аляксандра Карлюкевіча, пра сваё жаданне ўдзельнічаць у гэтым сімпозіуме ўжо заявілі прадстаўнікі 17 краін, у тым ліку вядомыя літаратары з Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Польшчы, Турцыі, Італіі, Сербіі. «На гэтых сустрэчах, круглых сталах, пляцоўках выставы будуць абмяркоўвацца варыянты прэзентацыі дзейнасці Францыска Скарыны і самой даты 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе і ў нашай краіне, і ва ўсім свеце», - заўважыў намеснік міністра.

На працягу года ў Беларусі будуць выпускацца тэматычныя выданні (кнігі, фотаальбомы), якія будуць прэзентаваныя падчас святочных мерапрыемстваў, у тым ліку за мяжой. Плануецца рэалізацыя міжнароднага тэлевізійнага праекта «Скарына на мовах народаў свету», стварэнне на нацыянальным адукацыйным партале (adu.by) раздзелу «500 гадоў беларускай кнізе» і інш.

XXIV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш пройдзе 8-12 лютага. Ганаровым госцем у гэтым годзе стане Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі. Буйныя калектыўныя экспазіцыі прадставяць Расія, Германія, Кітай, Іран, ЗША.

Аўтар: БЕЛТА