На нацыянальным адукацыйным партале http://adu.by адкрылася новая віртуальная інтэрнэт-пляцоўка «Кніга_Log». «Кніга_Log» – сумесны праект Навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і часопіса «Полымя» (РВУ «Выдавецкі дом „Звязда“»). Ідэя гэтага праекта доўгі час выношвалася стваральнікамі, нягледзячы на кляймо неактуальнасці, пастаўленае аматарамі хуткага «стрававання» (інтэлектуальнага, эмацыйнага, эстэтычнага).

З часам ідэя вылузалася ў даволі пэўны намер: выштукаваць часопісны варыянт музея найноўшай гуманітарыстыкі. Вядома, беларускацэнтраванага. «Кніга_Log» фарміруецца па прынцыпе дыскурснай і/ці тэматычнай разнастайнасці (рэцэнзіі на даследаванні па культуралогіі і мовазнаўстве; архітэктуры і літаратуразнаўстве, гісторыі і музыказнаўстве і г. д.). Інтэрнэт-рэсурс «КнігаСвет», адзін з сегментаў нацыянальнага адукацыйнага партала, утрымлівае шмат інтэрактыўных сервісаў: інтэрнэт-гасцёўні, пляцоўкі для правядзення анлайн-канферэнцый, конкурсаў, літаратурных фестываляў і г. д. Пры гэтым для «Кніга_Logа» на «КнігаСвеце» створана спецыяльная віртуальная пляцоўка, дзе без інавацый, вядома, не абыдзецца. Запрашаем усіх зацікаўленых азнаёміцца з новай інтэрнэт-пляцоўкай і прыняць удзел у яе развіцці (http://knigasvet.adu.by/be/home-be/knigalog.html)!