Валянцін Антонавіч Лукша – беларускі паэт, драматург, аўтар кніг паэзіі для дарослых, зборнікаў вершаў і казак для дзяцей, п’ес, тэкстаў папулярных песень, публіцыстыкі, перакладчык. Нарадзіўся Валянцін Лукша 16 лістапада 1937 года ў г. Полацку ў сям’і служачага.

Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956) і аддзяленне друку Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС (1976). У 1958 годзе працаваў інструктарам Полацкага гаркама камсамола, быў камсоргам будаўнічага трэста. З 1961 года – літсупрацоўнікам полацкай газеты «Сцяг камунізма», загадчыкам аддзела міжраённай газеты «Ленінская іскра» (Полацк), карэспандэнтам Беларускага радыё, загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва рэспубліканскай газеты «Чырвоная змена», адказным сакратаром штомесячніка «На экранах Беларусі». З 1973 года Валянцін Антонавіч – старшы рэдактар, а з 1975 – галоўны рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, у 1980–1998-я гады – дырэктар выдавецтва «Юнацтва», член праўлення «Саюза беларускіх пісьменнікаў» і старшыня творчай секцыі дзіцячай літаратуры Саюза беларускіх пісьменнікаў. Пачатак літаратурнай дзейнасці Валянціна Лукшы датуецца 1956 годам, калі быў апублікаваны першы яго верш у «Віцебскім рабочым». У літаратурнай творчасці выйшлі кнігі вершаў «Гарады нараджаюцца сёння» (1964), «Атава» (1969), «Споведзь» (1973), «Белыя берагі» (паэма-хроніка, 1981), «Радзімыя плямы» (вершы і фельетоны, 1982), «Сляды памяці» (вершы і паэма, 1986), «Агонь і попел» (драматычныя паэмы, 1989), кніжкі вершаў, казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета – круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Чароўны камень» (1987). Як публіцыст выдаў кнігі «Наша полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973). На тэатральнай сцэне, тэлебачанні і радыё выйшлі п’есы «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976), «Вецер веку» (паводле аднайменнага рамана І. Гурскага, 1977), «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Асоль» (паводле твораў А. Грына, 1984), «Пад шыфрам „Зорачка“» (1985), «Чароўны камень» (1985). Акрамя таго, Валянціа Лукша пераклаў п’есы С. Міхалкова «Дарагі хлопчык» (1986), М. Рошчына «Уся Надзея» (1986), Е. Тарахоўскай «Казка пра Ямелю» (1990), напісаў лібрэта оперы «Барвовы золак» (пастаўлена ў 1979). Памёр Валянцін Антонавіч Лукша 15 верасня 2012 года. Аўтар: НІА