Аляксей Сцяпанавіч Русецкі нарадзіўся 21 лістапада 1912 года ў вёсцы Студзянец Касцюковіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Закончыў пачатковую школу, Касцюковіцкую сямігодку і Аршанскі педтэхнікум. У 1931 годзе паступіў у Маскоўскі зоаветэрынарны інстытут. Пасля заканчэння з дыпломам ветэрынарнага ўрача камандзіраваны ва Узбекістан. У тым жа годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі працаваў у маскоўскім мікрабіялагічным інстытуце. У студзені 1938 года пераехаў у Мінск, працаваў загадчыкам бактэрыялагічнага аддзела абласной ветэрынарнай лабараторыі.
Са студзеня 1942 года прызваны на фронт. Служыў начальнікам палявой лабараторыі на Калінінскім, Заходнім, 3-м Прыбалтыйскім франтах. У Мінск вярнуўся ў 1947 годзе. Да 1951 года працаваў літкансультантам па паэзіі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, у 1952–1960 – загадваў аддзелам публіцыстыкі часопіса «Беларусь», намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» (1967–1973), старшым рэдактарам рэдакцыі часопіса «Беларусь» (1973–1980).
З першымі вершамі выступіў у друку ў 1934 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «У заўтрашні свет» (1951), «Святло акон тваіх» (1959), «Усход і Захад» (выбранае, 1962), «Яго вялікасць» (паэма, 1965), «Служба святла» (1967), «Вершы і паэма» (1969), «Зямля гаворыць зорам» (паэмы і вершы, 1971), «Два колеры жыцця» (выбранае, 1973), «Позірк» (вершы і паэмы, 1977), «Паэмы» (1979), «Крокі сэрца» (1980), «Хвала жыццю» (1987). У 1982 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Аляксей Русецкі – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1981) за кнігу паэзіі «Крокі сэрца». Заслужаны работнік культуры БССР (1983).
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі.
17 чэрвеня 2000 года Аляксей Сцяпанавіч Русецкі памёр.
Аўтар: НІА