4 снежня 2018 года спаўняецца 75 гадоў беларускаму паэту і перакладчыку Казіміру Вікенцьевічу Камейшу.
Нарадзіўся ў вёсцы Малыя Навікі, што ў Мінскай вобласці, у сялянскай сям’і. У васямнаццацігадовым узросце ўпершыню выступіў з вершамі ў рэспубліканскім друку. З 1963 па 1966 гады служыў у Савецкай арміі. Пасля вяртання з армейскай службы некаторы час працаваў літаратурным супрацоўнікам валожынскай раённай газеты «Працоўная слава».
З 1968 года Камейша – старэйшы рэдактар на Беларускім радыё. У гэтыя ж гады малады паэт завочна атрымлівае адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на беларускім аддзяленні.
За плячыма творцы праца ў часопісах «Полымя», «Маладосць», «Вясёлка», альманаху «Вожык». Доўгі час К. Камейша займаўся перакладамі твораў рускіх, славацкіх і ўкраінскіх пісьменнікаў на беларускую мову.
Казімір Камейша – аўтар зборнікаў паэзіі «Восеньскія позвы» (1969), «Мембрана» (1972), «Нектар» (1974), «Тут мае вёсны прычалены» (вершы і паэмы, 1977), «Сябрына» (1978), «Плёс» (1982), «Галоўная вярста» (вершы і паэма, 1985), «Пярэймы дня» (вершы і паэмы, 1988), зборніка лірычных запісаў і мініяцюр «Паміж кубкам і вуснамі» (2010). Плённа Казімір Вікенцьевіч працуе і для дзіцячай аудыторыі. Сярод ягоных кніг для дзяцей – «Буслянка» (1985), «Дзятлава кузня» (1987), «Духмянае дзіва» (1984), «Добры дзень, шафёр» (1988) і іншыя.
Казімір Вікенцьевіч Камейша – лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў БССР імя А. Куляшова (1989) за зборнік паэзіі «Пярэймы дня», лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2010), пераможца ў Рэспубліканскім конкурсе «Нацыянальная літаратурная прэмія» ў намінацыі «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» за зборнік вершаў «Высокі бераг» (2018).
НІА