28 лістапада 2018 года стартаваў праект «„Маладосць“ & „Маладосць“» – вынік калабарацыі вечна маладога часопіса і яго кнігагандлёвага цёзкі, які належыць «Белкнізе». Цяпер такога кшталту імпрэзы з інтэлектуальнымі размовамі ў акружэнні кніг, выступленнямі пісьменнікаў і супольнымі чытаннямі будуць праходзіць на пастаяннай аснове ў другую і чацвёртую сераду кожнага месяца.
Першая «дабл-маладосцеўская» літаратурная серада атрымала простую і ёмістую назву – «Знаёмства». Культавая кнігарня «Маладосць» стала месцам, дзе «часопісныя» і «кніжныя» маладосцеўцы праз шмат гадоў зноў зрабілі вялікі крок насустрач адзін аднаму. У якасці надзвычайных і паўнамоцных паслоў выступілі начальнік аддзела арганізацыі гандлю і рэкламы ААТ «Белкніга» Андрэй Радыгін і галоўны рэдактар «Маладосці» Святлана Воцінава, якія выказалі надзею, што супрацоўніцтва літаратурна-кніжных сваякоў выйдзе на новы ўзровень.
Больш падрабязна пра багатую гісторыю ўзаемадносін абедзвюх «Маладосцей» распявялі ветэран кнігагандлю Святлана Гурына і адзін з былых рэдактараў нашага часопіса Алесь Камароўскі. Іх сентыментальныя ўспаміны перанеслі прысутных у часы, калі ў гэтым самым памяшканні выступалі Быкаў і Караткевіч.
Эстафету ад аксакалаў перанялі рэдактары «Маладосці» Дзмітрый Шулюк і Крысціна Бандурына. Хто ведае, магчыма ў будучыні і іх з’яўленне ў легендарнай кнігарні будуць згадваць з такой цеплынёй?
Фінальным акордам сустрэчы стала выступленне Алеся Камоцкага, які сваімі песнямі праводзіў, па яго словах, не толькі імпрэзу, але і… восень!
Наступная сустрэча ў межах праекта «„Маладосць“ & „Маладосць“» адбудзецца праз два тыдні ў тым жа месцы (вул. Багданавіча, 68) і ў той жа час (16:00). Гэты вечар будзе прысвечаны Чынгізу Айтматаву.
Рэдакцыя часопіса «Маладосць»