28 лістапада ў межах ініцыятывы «„Маладосць“ & „Маладосць“»: культурны праект часопіса і кнігарні» пройдзе чаканая сустрэча АЙТМАТАЎ PLUS, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Чынгіза Айтматава.
У праграме прадугледжаны ўспаміны пра пісьменніка, абмеркаванне яго творчасці, прэзентацыя выданняў, а таксама акцёрскае чытанне апошняга рамана Чынгіза Айтматава «Калі падаюць горы. Вечная нявеста», пераклад якога на беларускую мову здзейснены сёлета з нагоды юбілею.
Паведамляем, што ў кнігарні можна купіць яшчэ адзін набытак юбілейнага года – нанова выдадзены раман «Буранны паўстанак» і сустрэцца з супрацоўнікамі выдавецтва «Народная асвета».
Кнігарня «Маладосць» ААТ «Белкніга» і рэдакцыя часопіса «Маладосць» РВУ Выдавецкі дом «Звязда» запрашаюць усіх, каму цікавая творчасць пісьменніка і хто нераўнадушны да культурнага жыцця горада і краіны.
Нагадваем, што запланаваная сустрэча, як і іншыя мерапрыемствы праекта «„Маладосць“ & „Маладосць“», пройдзе ў кнігарні «Маладосць» на Багдановіча, 68 з 16.00 да 17.00.
Рэдакцыя часопіса «Маладосць»