12 снежня 2018 года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, перакладчыка, журналіста Кастуся Кірэенкі.

Канстанцін Ціханавіч Кірэенка нарадзіўся 12 снежня ў вёсцы Гайшын, што на Магілёўшчыне, у сялянскай сям’і. Скончыў літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута, пасля чаго маладым спецыялістам пайшоў працаваць у школу. Але настаўніцкая праца была нядоўгай. Пачалася вайна. К. Кірэенка быў прызваны на фронт, дзе спачатку служыў вежавым стралком танка, потым – карэспандэнтам армейскай газеты на Заходнім і 2-м Беларускім франтах. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе працаваў у часопісе «Беларусь», быў галоўным рэдактарам часопісаў «Бярозка» і «Полымя». У 1969 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічаў у рабоце XXIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Чатыры гады быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Творчы дыяпазон Кастуся Кірэенкі вельмі шырокі. Ён пісаў вершы, паэмы, прозу, рабіў мастацкія пераклады, займаўся публіцыстыкай. Ужо на пачатку творчага шляху паказаў сябе рамантыкам, бязмежна закаханым у жыццё.

Важнай, яркай і таленавітай стала першая кніга паэзіі – «Ранак ідзе» (1945). Змест зборніка склалі творы, напісаныя ў час вайны. Галоўныя тэмы вершаў – усенароднае змаганне, франтавыя будні салдата, вызваленне і радасць сустрэчы з роднай зямлёй.

Сярод іншых зборнікаў пісьменніка – «Пасля навальніцы», «Маякі», «Родны свет», «Любоў і дружба», «Светлая хваля», «Антонавы грахі» (вершаваныя фельетоны), «Смага» (Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (1964)), «Жывыя ідуць наперад», «Кніга ста песень» (Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1972)), «Сіні вырай», «Калыска вятроў» і інш.

Шмат твораў напісаў К. Кірэенка і для дзяцей: паэма «Алёнчына школа», кніжкі вершаў «Зялёнае рэха», «Вясна-красна», «Урачыстая песня», «Размова з капітанамі» (вершы і паэмы) і інш. Сярод кніг аповесцей і апавяданняў – «Сум і радасць дзеда Рэпкі», «Ручаіны шукаюць ракі», «Алесева кніжка».

На вершы паэта напісаны песні вядомымі беларускімі кампазітарамі – М. Аладавым, У. Алоўнікавым, У. Буднікам, Ю. Семянякай, С. Палонскім.

На доме ў Мінску, дзе ў 1977–1988 гадах жыў пісьменнік, устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

НІА