Грыбная пара
* * *
Хусцінка з павуцінкі
Павісла на галінках,
На кожнай павуцінцы —
Па пацерцы-расінцы.
* * *
Як хораша ў пару грыбную,
У ясны сонечны дзянёк,
У лесе пагуляць часок,
Сустрэць там восень залатую
І ёй адкрыць душы жаданне,
Але пра крыўды прамаўчаць,..
Ну, а затым, на развітанне,
Грыбоў кош поўны назбіраць.
Максім ПРЫГОЖЫ,
5 клас, Дзераўнянская СШ, Стаўбцоўскі раён
Хай не знікае наша мова
Хай не сціхае мова нашых вёсак,
Блакітных рэчак, велічных лясоў!
Хай мова, нам падораная лёсам,
Ярчэй гучыць, чым гучнасць новых слоў.
Ніколі хай яна не затухае,
Як зніч у печках прашчураў-дзядоў.
Няхай яна гарыць, ды не згарае
У гутарках аб сэнсе новых слоў.
Няхай зайграе непаўторнай флейтай
Ад рэчак і да самай вышыні,
I адгукнецца ў сэрцах нашых рэхам,
Як песні, што калісь спявалі мы...
Хай роўняй стане ў шэрагу выдатных,
Прыгожых і змястоўных іншых моў,
Хай не губляецца сярод астатніх
З-за падабенства гукаў, літар, слоў!
Хай мова разгарне свае далоні,
Расчыніць перад намi новы свет
У вершах, жартах , нават у размовах…
Каб зберагчы яе, як запавет!
Кацярына ТАРАСАВА,
9 клас, СШ № 157, Мінск
Любімая пара года
Люблю я восень залатую,
Адлёт прыгожых журавоў…
Хоць, часам, дожджыкам сумую
І не хапае нават слоў,
Каб напісаць пра непаўторны
Пах яблык у пагодны дзень
І пра букет, з якім у школу
Іду, трымаючы партфель.
Люблю зіму з бялюткім снегам,
З марозным снежаньскім дзяньком,
Калі на санках з горкі еду
І раптам стрэнуся з пяньком.
А потым Новы год, Каляды…
За святам свята ўсю зіму.
Мы ўсе зіме, вядома ж, рады!
І кожны ведае чаму.
Люблю вясну з зялёным лісцем,
Празрыстым небам і цяплом.
І спеў птушыны, звонкі, чысты,
І пах чаромхі за акном.
Вясной віншуем мам са святам!
І свята свят — сама вясна,
Што спала ў снегавых палатах
І прачынаецца ад сна…
А летам добра, як ніколі,
Яно ўслед за вясной ідзе…
Заняткі скончыліся ў школе,
На рэчцы плёскайся ў вадзе!
У лесе ягадак навалам,
З рамонкаў я вянок зраблю…
Аднак жа я не адказала,
Якую больш пару люблю!
Я летам восені чакаю,
Зімою мару аб вясне…
Я кожную пару вітаю,
Усе яны па сэрцы мне!
Марыя КРАЎЧОНАК,
8 клас, СШ № 179, Мінск
Дождж
Вечарам з захаду насунулася хмара. Чорная, страшная, велічная. За якiх-небудзь дзесяць хвілін яна накрыла ўвесь горад. Хмара вісела так нізка, што, здавалася, працягні руку i дакранешся да яе. Бесперапынна блішчалі маланкі, гром грымеў так, што здавалася, неба вось-вось расколецца на часткі. I раптам яно раскалолася, бо лiнуў такi дождж, быццам хтосьцi абярнуў вялiзную бочку з вадой, i тая рынулася з неба вадаспадам. Усё схавалася за гэтай суцэльнай вадзяной заслонай.
Раптам з-за гэтай завесы выскачыў чалавек. Ён, што было моцы, уцякаў ад навальніцы, а вада, здавалася, гналася за небаракам і літаральна хвастала яго срэбнымі пруткамі струменьчыкаў. У руках чалавека быў парасон, але ў такі лівень ад яго мала карысці.
Чалавек прабег пад маім акном і зноў згубіўся ў вадаспадзе. I зноў нiчога, акрамя вады.
Моцны лiвень працягваўся хвiлiн дваццаць. Потым ён крыху абяссілеў, сцiшыўся. Грымоты сталi ледзь чутнымi, маланкі пачалі бліскаць радзей. Але дождж не скончыўся, ён iшоў амаль усю ноч.
А ранiцай хмары разышлiся, за акном засвяцiла сонца. Дождж, змыўшы пыл i бруд, дадаў яшчэ больш смарагду дрэвам, кустам і траве. Будынкi выглядалі чыстымi i прыгожымi, і неба стала амаль бяздонным, i засвяцiлася нейкім асаблiвым блакiтам, нiбы дождж вымыў заадно i яго.
Захацелася хутчэй на вулiцу, падыхаць свежым вільготным паветрам, прайсцiся па мокрай траве, пакуль сонца яшчэ не ўсё высушыла.
А там, у вялізных лужынах, выразна адлюстравалiся i мокрыя дрэвы, i дамы, i блакiтнае неба. Сонечныя промнi залатымi зайчанятамi весела заскакалi па iх бліскучай паверхні.
Бярозкi звесiлi мокрае голле амаль да зямлi. За ноч яно набрыняла вадой. На лісточках яшчэ трымцяць празрыстыя кропелькi дажджу і нагадваюць маленькiя дыяменты, у якiх блішчаць-пераліваюцца тысячы яркіх вясёлак.
Але ранішняе сонца адразу ж прынялося старанна высушваць гэтыя дыяменты, і, як мог, дапамагаў сонцу ў гэтым лёгкi цёплы ветрык. Ён страсаў кропелькі з галiнак, і тыя ляцелі ўніз i ператвараліся ў дробны вадзяны пылок. Хутка бярозкi высахнуць i зноў уздымуць да неба свае тонкія галiнкi.
Птушкi, здаецца, больш за ўсiх радуюцца заканчэнню непагадзі. Яны весела i звонка зацвыркалi, зашчабяталі, заспявалі на ўсе галасы, распачынаючы свой ранiшнi канцэрт. I так хораша стала на душы, што захацелася закрычаць: «Людзi! Добрай ранiцы! Паглядзiце, як прыгожа вакол!» I заспяваць разам з птушкамi гiмн новаму шчаслiваму дню.
Маргарыта САДОЎСКАЯ,
6 «В» клас, СШ № 40, Магілёў