Лісімава гара
Я жыву ў вельмі прыгожай вёсцы з назвай Бяляеўка. Найперш яна прыгожая ландшафтам. Вёска мае ўзвышшы і ўпадзіны, і кожнае з такіх месцаў асабліва названа: Лёксіна гара, Лісімава гара, Марфіна крынічка, Федзікіна кладка, і з кожнай назвай, вядома ж, звязана гісторыя.
Мне хочацца расказаць, адкуль пайшла назва Лісімава гара.
Яшчэ ў той час, калі нашы бацькі былі школьнікамі, гэтае месца было вельмі папулярным. У зімовыя марозныя дні, асабліва ў час канікул, дзятва, узяўшы санкі, канькі і каталкі, шпарка неслася на гэтую гару. Пасеўшы на санкі па некалькі чалавек, адпіхнуўшыся нагамі, дзеці з віскатам і гучнымі воклічамі мчаліся ўніз. Колькі весялосці было ў рабят, колькі радасці!
А гэтая гара, дакладней, пагорак, не вельмі далёка ад хаты, дзе жыў стары сівы дзед. Усе яго звалі дзед Лісім, і ён ніколі не перашкаджаў мясцовай дзятве весяліцца каля сваёй хаты. Таму пагорак гэты дзеці, а за імі і дарослыя пачалі называць Лісімавай гарой.
Ну, а сёння ўжо мы, дзеці сваіх бацькоў, на зімовых канікулах, узяўшы санкі або лыжы, таксама спяшаемся на тую гару, каб весела правесці вольны час. І хоць старога Лісіма ўжо даўно няма на гэтым свеце, гара засталася ягонай, як светлая памяць аб добрым дзядулі.
Вольга ФАЛЕЕВА,
9 клас, Залеская СШ, Чачэрскі раён
Святое возера
У нашым раёне ёсць возера, якому назву далі Святое. Такая назва часта сустракаецца і ў іншых мясцінах. Але назва нашага возера пайшла ад таго, што нібыта раней на гэтым месцы стаяла царква. Падземнае цячэнне разбурала зямлю, і аднойчы царкоўны будынак праваліўся ўніз разам з вернікамі, якія ў той час былі ў храме. І амаль адразу ж на гэтым месцы ўтварылася возера.
Такая легенда. А ці так яно было на самой справе, невядома. Кажуць, яшчэ ніхто не дастаў дна возера, і якая яго глыбіня — невядома. А яшчэ кажуць, што пры моцным парывістым ветры, калі на возеры ўздымаюцца вялікія хвалі, можна пачуць, як дзесьці глыбока пад вадой гучаць званы. А ў ціхія зорныя ночы, знаходзячыся блізка каля возера, можна пачуць яшчэ і ціхія галасы людзей, якія працягваюць маліцца ў падводным храме.
Віталь ЛУФЕРАЎ,
8 клас, Залеская СШ, Чачэрскі раён