Кацярына РОЎДА
Нарадзiлася ў вёсцы Савiчы Валожынскага раёна Мiнскай вобласцi. Скончыла Маладзечанскi прафесiйна-тэхнiчны лiцэй. Студэнтка чацвёртага курса фiлалагiчнага факультэта (завочнае аддзяленне). Працуе бiблiятэкарам у фундаментальнай бiблiятэцы БДУ. Сябар клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа».
***
Па небе ціха зоркі рассыпаліся,
Бы хтосьці дзіўны рассцілаў абрус.
Чароўнай музыкай у сэрцы адзываліся
Твае напевы, продак-беларус!
Спяваў бярозкам вецер калыханачку.
А я сядзела ціха ля акна.
І бэзу куст, што вырас каля ганачка,
Шаптаў мне: «Не сумуй, ты не адна!
З табою Вера, Мова твая родная,
Cям’я і Праца, талент і сябры.
Здаровая, здаецца. Не галодная.
Вось гэта ўсё — бясцэнныя дары».
Пайшла па сцежцы я, cлязінка пакацілася.
Ды ветрык-брацейка сагрэў мяне, абняў.
Я ціха-ціха Богу памалілася…
Каб тое, што я маю, не адняў…
Тэлефон маўчыць…
У акенцы гэтым
Ёсць святло ўвячорку.
Дроў паленцы ў печы
Ціхенька трашчаць.
Хата гэтай бабкі
Ў вёсцы, на пагорку,
Затужыла, пэўна, —
Смеху не чуваць.
Тут павырасталі
І сынок, і дочкі.
Сем’ямі сваімі
Ў гарадах жывуць.
А яна штовечар
Праглядае вочкі:
«Можа, хто прыедзе?..
Можа, забягуць?..»
Моліцца да Бога,
Cочыць у акенца.
А ў суботу зноўку
Выпеча пірог.
Ды зашчэміць жалем
Той матулі сэрца,
Што яе наведаць
Зноў ніхто не змог.
Усё роўна любіць,
Крыўды не трымае,
Хоць, вядома, сумна
І душа баліць.
Маці сваіх дзетак
Кожны дзень чакае,
Ды не заязджаюць…
Тэлефон маўчыць…
Агеньчык веры
А Ён да кожнага ў сусвеце дакранецца.
Падасць нам знак і проста супакоіць.
Таго, хто верыць, да святла імкнецца,
Вадой звычайнай, бы святой, напоіць.
А Ён не кіне і не дасць зламацца.
Напоўніць душы сілай і цярпеннем.
Цяплом у сэрцах будзе адзывацца,
Сапраўдным, а не проста летуценнем.
Штодня Ён з намі: ў радасці, і ў горы.
Любоў Яго не мае дна і меры.
На сушы, у паветры і на моры
Ён там, дзе не пагас агеньчык веры.
Калыханка
Засынай, добрай ночкi, дачушка!
Будзе сон твой салодкi, як мёд.
Я табе праспяваю на вушка,
Падмурлыкае казачнiк-кот.
Пацалуюць на ноч брат i тата...
Ноч запросiць усiх адпачыць!
Ну а месячык, сябра зiркаты,
За табой будзе пiльна сачыць.
Фея сноў прынясе табе казку
I вясёлкавы светлы настрой.
Я ж аддам табе ўсю сваю ласку.
Спi, дачушка! Матуля з табой.