Дзіцятка плача: «Хто такі пакутнік?» —
Працягвае яму лісток-трыпутнік.
Вялікая вясна: туга і снег.
А лета не для ўсіх. А лета — бег
На раніцы да ружаў небасхіла
І пятачкі нацёртыя Ахіла.
*
На самы дах, да галубоў, шпакоў,
Шклаваты жоўтай ды іржы цвікоў —
Агня ды сонца — дошак шалупіння,
Сухіх цыбулін. Там багі, багіні,
Як на Алімпе, пʼюць нектар і мёд,
Смяюцца, танчаць, бавяць новы год.
Ніхто не бачыў іх, а ты ўглядзеўся —
І сам світанкам сціплым заірдзеўся.
*
Ляжаць у гамаку і слухаць сон
Пад яблыняй, пакуль не прыйдзе скон, —
Юначых летуценняў посвіст птушак.
Ты бачыш, Зеўс агонь рукамі тушыць —
І попел аблятае да зямлі.
Па лыткі свае ногі загалі,
Не перапэцкай ды не апаліся.
Ідзі ў свой лес. Крадзі агонь. Маліся.
*
Мінае лета. Чоўнік прыплыве
Па хвалях Леты, па расе ў траве
Не за табой, а за тваім дзядулем,
Бабуляй, татам, маці. І ў агуле
Ты бессмяротны будзеш тут адзін.
І толькі кажуць звонікі «дзін-дзін»
З пяшчотнай выі, суцяшаюць быццам.
Ты спіш ці не? Прачнуцца ці забыцца?
І гладзіш у кароўкі круглы бок.
І плачаш, як пакінуты паўбог.