У мемуарах ці не кожнага прызнанага пісьменніка можна сустрэць развагі кшталту: што новага можна сказаць пасля Гётэ, Пушкіна, пасля старажытных грэкаў, на плячах якіх сядзяць усе сённяшнія мысляры, словам, пасля ўсіх вялікіх?.. І, тым не менш, знаходзіцца і што сказаць, і каму.
ПЕРШЫ — ЗНАЧНЫ?
...А кажуць усё пра тое ж. Каханне, якое часта робіцца першым штуршком да творчасці (Уладзімір Арлоў, прыкладам, сказаў, што кнігі ў мужчын нараджаюцца нібы дзеці ад жанчын). Па-юначы шчырая адданасць Радзіме (ці нейкай высокай справе, што каму да густу). Спробы самаідэнтыфікацыі: што я за чалавек? Што я магу?
Адпрэчваць значнасць літаратурнага дэбюту бессэнсоўна. Зрэшты, як і перабольшваць. Між тым фактычны дэбют, сапраўдны, часта застаецца як бы за кадрам. Так, агульнавядома, што першай кнігай Анатоля Сыса стаўся «Агмень». Наклад дэбютнага зборніка ў 1988 годзе разышоўся ўсяго за некалькі тыдняў. На фоне такога ашаламляльнага (як бачыцца з нашага дня) поспеху чытач не стане браць у разлік першую публікацыю будучага культавага паэта ў рэчыцкай раённай газеце «Дняпровец». Дый сам поспех першай кнігі, якая, лічы, «зрабіла» паэта, варта разглядаць з двух бакоў. З аднаго — неаспрэчны талент. З іншага — своечасовасць кнігі: на хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння вершы Сыса прыйшліся якраз да душы чытачу. Зваротны лёс напаткаў першую кнігу Максіма Танка: у 1936 годзе яго паэтычны зборнік «На этапах» канфіскавала паліцыя. Пра значнасць дэбютнай кнігі сведчыць і гісторыя «Таемнасці агню» Леаніда Галубовіча: за гэтую кнігу паэта прынялі ў Саюз пісьменнікаў.
Вяртаючыся да першай публікацыі ў друку: часцей за ўсё яны з’яўляліся ў той перыёдыцы, што была пад рукой у пачаткоўца. Гэта, зноў жа, Анатоль Сыс і рэчыцкая раёнка, Анатоль Вярцінскі — і студэнцкая газета «Беларускі ўніверсітэт», Генадзь Бураўкін — і полацкая абласная газета, Сяргей Законнікаў — і «Віцебскі рабочы», Навум Гальпяровіч — і наваполацкая газета «Хімік», Мікола Аўрамчык — і бабруйская газета «Камуніст». Вялікую ролю ў лёсе шматлікіх пачаткоўцаў адыграла творчае аб’яднанне пры газеце «Чырвоная змена». Менавіта тут з’явіліся першыя вершы Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц, Віктара Шніпа і многіх іншых. Тут праходзілі творчую школу, падтрымлівалі дэбютантаў.
Сёння значнасць дэбюту для асобнага творцы — і культуры краіны ўвогуле — таксама разумеюць (бо так ці іначай сярод сённяшніх пачаткоўцаў ужо цяпер знаходзяцца тыя, хто праз дзесяцігоддзі будуць «імёнамі» нашай літаратуры). Сведчаннем — асобная намінацыя «Дэбют» у межах Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі. Штопраўда, з’явілася яна толькі летась, калі й быў перайменаваны ў Нацпрэмію «Залаты Купідон». Першым у яе гісторыі намінантам-дэбютантам стала Алена Мальчэўская з дзіцячай кнігай «Ша-ша з левага чаравіка». Выбар годны, аднак прэмію чамусьці не ўручылі. Тым больш цікава чакаць сёлетняга прысуджэння Нацыянальнай прэміі.
ПЫТАННІ МОВЫ
Няцяжка заўважыць і такую заканамернасць у гісторыі літаратурных дэбютаў: многія пачынаюць пісаць не па-беларуску, і толькі затым, пад уплывам пэўных знешніх фактараў, пераходзяць «на мову». Найвядомейшы прыклад ― «наша ўсё» Янка Купала, які пачынаў пісаць па-польску (публікацыі 1903 ― 1904 гадоў у часопісе «Ziarno»). Між тым «сапраўдным» дэбютам прынята лічыць беларускамоўны верш «Мужык» 1905 года.
Перасягнём у наш час. Вядомая сёння прапагандыстка беларушчыны, паэтэса Людміла Рублеўская, якая звяртае да мовы многіх юнакоў (як некалі Караткевіч), пачынала з рускамоўных вершаў. Дый той жа Караткевіч адкрыў для сябе значнасць беларускай мовы ва ўкраінскім асяродку, у кіеўскім універсітэце. Пісьменнік цудоўна разумеў, што многа большую папулярнасць (і матэрыяльныя выгоды) можна атрымаць, пішучы па-руску. Якраз пасля публікацыі «Чазеніі» ў рускамоўным перакладзе ў часопісе «Маладая гвардыя» ён атрымаў усесаюзную прызнанасць.
І сёння многія пачынаюць пісаць па-руску. Прычына ўсё тая ж, што і на пачатку ХХ стагоддзя, ― асяродак. Так пра свае першыя спробы распавяла паэтэса Наста Кудасава: «Я пачала пісаць вершы ў шэсць гадоў. Але мяне нішто, здаецца, не падштурхоўвала, проста гэта было ўлюбёным заняткам, улюбёным станам ― пісаць. Хай не вельмі мастацкія рэчы, нічога з тых першых “спроб” не захавалася, і ўсё па-руску. Штуршком да больш свядомага пісьма стала захапленне беларушчынай. Гадоў з чатырнаццаці я пачала пісаць па-беларуску вершы і адразу ж атрымала ўхвальны водгук маёй настаўніцы рускай літаратуры Валянціны Максімаўны Сіманенка. Яна параіла і далей працягваць пісаць па-беларуску, бо ўгледзела штосьці сапраўды маё. Я, акрыленая, адправіла тыя вершы ў “Нашу ніву”, і іх надрукавалі. Што за вершы, ужо і не помню. Дый сачыць за публікацыямі перастала, цяпер больш іранічна стаўлюся да рознага кшталту літаратурных “дасягненняў”. Пішу, таму што пішацца. Але на той момант, у мае пятнаццаць год, гэта было, канечне ж, сапраўднай падзеяй. Той дэбют надаў веры ў сілы».
Што да першапрычын, падштурхоўваюць да творчасці не толькі рэчы ўзнёслыя. Прыкладам, Антон Рудак адказаў на пытанне пра літаратурны дэбют так: «Мне не падабаліся вершы, якія я чытаў».
З КРАЙНАСЦІ Ў КРАЙНАСЦЬ
У шэрагу партрэтаў сённяшніх дэбютантаў ёсць дзве скрайнасці, на якія цікава і карысна звярнуць увагу, бо яны даюць уяўленне пра стан літаратуры ўвогуле (прынамсі, па маіх адчуваннях). Так, ёсць маладыя, што ідуць пратораным шляхам, працягваючы матывы спачылых класікаў, не адчуваючы, што гэтыя матывы ўжо не гучаць дастаткова моцна, каб можна было казаць пра адкрыццё, нават больш: яны не заўсёды гучаць шчыра. Гэта ўсё тыя ж пейзажы і накіды з «роднага куточка», пазнавальныя настолькі, што, пачытаўшы першы радок узнёслага верша, з заплюшчанымі вачыма можаш прадказаць наступныя пятнаццаць. Таксама ― вершы ў абарону мовы. Прагледзеўшы некалі адзін такі мой тэкст, мудры Пятро Васючэнка задаў пытанне: «Ад каго вы мову абараняеце?» Падобная патрыятычная ваяўнічасць адразу выдае падлеткавасць аўтара, творчую нясталасць. Такім вершам заўжды ёсць апраўданне: аўтар верыць у тое, пра што кажа. Ён рамантык.
На супрацьлеглым краі нашай «дэбютанцкай парадыгмы» ― пачатковец з незашораным беларускасцю поглядам. Яго кругагляд ахоплівае многа больш за сярэднестатыстычную бібліятэчку класічнай беларускай літаратуры. Такі творца можа сказаць новае ― і не заўжды прыемнае. Ён падаецца крыху цынічным, часта ― хуліганам, і гэта вымушаная мера абароны ад банальнасці, ад паўтораў. Не ўсе, на жаль, гэта разумеюць і кідаюць смеламу пачаткоўцу папрокі, кажучы: «гэта не мастацтва!», разумеючы насамрэч на ўвазе: «мы да такога не звыклі!». Гэтыя дэбютанты часта выступаюць у друку з рускамоўнымі творамі. Прыклад на паверхні ― Андрэй Лазуткін.
ТВОРЧЫ ПАЛІГОН
Дзе пабачыць тэксты пачаткоўцаў? Як і сто гадоў таму, найперш — у перыядычным друку. Часопіс «Маладосць» ― хоць бы па назве ― скіраваны рэгулярна адкрываць свету новыя імёны. За 2015 год у рубрыцы «Упершыню ў “Маладосці”» прагучала 13 новых імёнаў паэтаў і 14 ― празаікаў.
Здавалася б, найбольш складана зрабіць першы крок. Але насамрэч якраз у дэбютанцкую рубрыку патрапіць найпрасцей. Намнога больш складана даецца другі крок ― публікацыя ў «сталым» целе часопіса. Тут як з будаўніцтвам кватэры: трэба патрапіць у чаргу, а потым доўга-доўга чакаць. Паэт Рагнед Малахоўскі не так даўно падзяліўся шчасцем з сеціўнымі сябрамі: у «Маладосці» з’явілася яго дзясятая з 2003 года публікацыя. Здаецца, многа. Ці ўсё ж такі мала: дзесяць падборак на паўтары сотні нумароў?..
Гэта не адзінае пытанне і не адзіная праблема. Так, пры тым, што «Маладосць» іграе вялікую ролю ў «агучванні» новых імёнаў, прасоўванне іх застаецца за самімі дэбютантамі. З аднаго боку, яно й правільна: талент, як кажуць, заўжды знойдзе шлях. Але з іншага — пры той колькасці новых імёнаў і плыні тэкстаў не хапае падсумавання, няхай і суб’ектыўнага. Не хапае адзнакі ад самога часопіса, хоць бы і не фінансавай (як прэмія «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў», якая мае намінацыю для рубрыкі «Дэбют»). Дастаткова скласці рэйтынг. Адныя пакрыўдзяцца, іншыя натхняцца, але і тое, і другое пойдзе толькі на карысць і часопісу, і самім дэбютантам.
Вялікая канцэнтрацыя маладых аўтараў — у часопісе «Верасень», які, паводле яго стваральнікаў, для таго і існуе, каб падтрымаць маладых літаратараў.
КНІГУ МАЮ
Між тым часопісная публікацыя ― толькі першая прыступка, ці, лепей сказаць, адна з форм дэбюту. Наступны ўзровень у гэтай складанай гульні ― кніга. Адны з іх паўстаюць адасобленымі з’явамі, выдаюцца за ўласныя сродкі, часам ― у электронным фармаце (прыкладам, кніга вершаў Івоны Шовк «З Эдэму на Зямлю»). Часцей жа дэбютныя кнігі выходзяць у серыях, заснаваных пісьменніцкімі супольнасцямі. Напрыклад, серыя «Мінскія маладыя галасы» выдавецтва «Чатыры чвэрці» і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першыя кнігі ― і вельмі актыўна! ― выдаюць у серыі «Маладая паэзія Беларусі» («Харвест»). Да слова, зборнік Аксаны Ярашонак-Камінскай «Звычайнае шчасце», выдадзены ў гэтай серыі, сёлета патрапіў у лонг-ліст прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.
Яшчэ адна «прысаюзная» серыя ― «Пункт адліку». І патрапіць у яе ― значыць давесці пэўны ўзровень літаратурнага майстэрства (калі ўвогуле адэкватна казаць пра нейкія ўзроўні). Дэбютныя кнігі Антона Рудака, Андрэя Лазуткіна, Кірыла Дубоўскага, Насты Манцэвіч, Андрэя Пакроўскага ды іншых прагучалі, не прайшлі незаўважанымі. Імавернасць таго, што аўтары «Пункта адліку» акажуцца так званымі «аднадзёнкамі» (на такую з’яву наракаў яшчэ Максім Багдановіч у 1911 годзе), зведзеная да мінімуму. Так, не ўсе творы дэбютантаў роўныя, у асобных выпадках адчувальнае перайманне (згадаць Таццяну Светашову, якую параўналі з Палазковай і ў адказ атрымалі неабдымную хвалю абурэння), але тут ёсць пра што гаварыць.
Дарэчы, пра абурэнне. Дэбютант — гэта толькі гучыць сціпла і нясмела. Насамрэч, у гэтым асяродку жарсці палаюць не меншыя, чым у канкурэнтным коле сталых аўтараў. Як прыклад — гісторыя сёлетняга ўручэння прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, калі ў намінацыі «Паэзія» пераможца вызначаны не быў. Патлумачылі гэта роўнасцю мастацкіх вартасцей кніг трох фіналістаў, аднак уважліваму чытачу зразумела: пераможцы сёлета папросту не было. У адказ журы атрымала адкрыты ліст з патрабаваннем усё ж прысудзіць некаму з трох галоўную прэмію, а таксама — выклік на паэтычны батл (які так і не адбыўся). Відавочна, не ўсе дэбютанты разумеюць: такога кшталту заахвочванні якраз заахвочванні, вялікі аванс. За рэдкімі выключэннямі.
Наста ГРЫШЧУК
Віталь Рыжкоў:
― Вершы намі (людзьмі) пішуць прачытаныя намі ж папярэднія паэты. Прымушае рыфмаваць ілюзія, што напісанае табой важна і што гэта нескладана. Ну і, вядома, пісьменніцкая вярэда, якую абуджае ці то эга, ці то прага выказацца, самавыявіцца.
Штосьці напісаць для сябе я вырашыў у першым класе, у сем гадоў. Бо застаўся дома адзін і не было чым заняцца. Бо нядаўна навучыўся пісаць. Бо навіны па ТБ чымсьці ўзрушылі тады ажно так, што захацелася напісаць першакласніку пачатку дзевяностых, маўляў, вайна ― гэта кепска ды паказаць маці. Не ацаніла.
Таму, калі ў 13 гадоў я зноў адчуў непераадольную вярэду напісаць пра свае думкі і пачуцці, бацькам нічога не паказваў. І доўга не паказваў яшчэ. Таму ўпершыню маці была на маім выступе, калі выявілася, што выступаю я ўжо 10 гадоў.
А дэбютны выступ адбыўся ў 19 на конкурсе для такіх жа пачаткоўцаў, як і я. Хваляваўся? Яшчэ як. Папрасіўся выступіць першым і пасля выступу сышоў. Праз тры-чытыры дні арганізатары мяне неяк усё ж адшукалі і перадалі дыпломы пераможцы. Так усё і пачалося. Я думаў выкласці аўдыязапіс таго самага першага выступу, але паслухаў, і зрабілася сорамна за сябе: адначасова і наіўна, і пафасна, і з нейкімі падвываннямі... Перадумаў, карацей.