УПЕРШЫНЮ Ў «МАЛАДОСЦІ»

Алена КАРАСЁВА

нарадзілася 12 мая 1982 года ў вёсцы Багушы Брагінскага раёна. У 2001 годзе скончыла Жлобінскае агра-ВПВ (бухгалтар), у 2013 — геаграфічны факультэт БДУ (геаэкалогія). Друкавалася ў часопісе «Вожык» і газеце «Наваполацк сёння». Любіць вандраваць па краіне, чытаць, спазнаваць новае і знаёміцца з цікавымі людзьмі.

ПЛЫНІ ЖЫЦЦЁВАЙ СТУЖКА

***

Першыя промні з блакітных азёраў

Здымуць вільготную коўдру туману.

Думкі, як коні, — няўрымслівы нораў —

«Поплаў» пакінуць услед за каханым.

 

Ты, маё шчасце, усе пажаданні,

Мары, пачуцці ад сэрца ўпотай

Здолеў украсці. Цяпер развітанне

Крочыць нячутна і хрысціць самотай.

 

Першыя зоры мігцяць прахалодай.

Піша ў вершы мне сэрцам абраны:

«Ноччу азёры празрыстыя воды

Хутаюць спешна ў абдымкі туману…»

 

Вусны

Маці кранулі ў шчокі ля школы

Вусны дзяўчынкі — крылы анёла.

Вусны дзявочыя — ружы пялёсткі,

На заляцанні адказваюць хлёстка...

Смак пацалунка зведаў адзіны.

Спелыя вішні — вусны жанчыны.

 

Дзякуй Богу

Прысвячаецца С.А. Лапцёнку

Iзноў агiдны замест малiтвы

Гучыць усюды праклён,

Крый Божа свет, калi раптам знiкнуць

Такiя людзi, як ён.

Няхай нiколi не ўбачу болей

Пад сонцам роснай травы,

Абы заўсёды былi на свеце

Такiя людзi, як вы.

А жыць стамлюся — прыйду нап’юся

З крынiц сцюдзёных, святых.

Бо дзякуй Богу, што ёсць на свеце

Такiя людзi, як ты.

 

***

Ты лічыш, што жыццё — несправядлівае,

І дзеліць не пароўну, і бярэ?

Адзін пахлёбку сёрбае з крапіваю,

Другі — кавалкі тлустыя жарэ.

Каго заўгодна вінаваціць можна:

Сябе ці Бога, гэтых альбо тых…

Жыццё — гульня без правілаў. Ды кожны

Гуляе ў ім па правілах сваіх…

 

***

Калi свiння з хлява аднойчы ўцекла,

Адчула ветру свежага павеў,

То зразумела, што жыла, бы ў пекле,

I здохла, зноў патрапіўшы ў хлеў.

 

Я не памру без сонечнага ззяння,

Без свежага паветра — пражыву…

Ды чым трываць такое існаванне,

То лепш на плаху ўскласці галаву!

 

***

Як на парозе маладосці

Ва ўзрост свядомы перайшла —

Шукаю згубленае штосьці,

Але ж дагэтуль не знайшла.

I ўрэшце, стомлена пытаю

Душу збалелую сваю:

«Усё жыццё сябе шукаю!

Дык, можа, я не iсную?..»

 

***

Усё змяняецца ў жыццi —

Крыўдую, выбачаю…

Цi крылы радасцi знайсцi,

Цi зведаць смак адчаю?

Была бяда — бяда сплыла,

I шчасце ў мiнулым.

Як шмат пабачыла я зла,

Як шмат дабра адчула!

Жыццё — яно, як паглядзець —

То сум, а то прыгоды.

Усё мінае. Толькi смерць

Аднойчы. Назаўсёды.

 

***

Жыццё — кінастужкаю перад вачыма,

Апошнія кадры павольна мінаюць.

І што адбылося — змяніць немагчыма,

А з’явы наступныя сэнсу не маюць.

Сумны сцэнарый, сюжэт нецікавы,

Дрэнна акцёры выконваюць ролі…

Мне надакучыла… Будзьце ласкавы,

Дрэнь гэту выключце! Хопіць! Даволі!

Столькі гадоў перабегла за плечы —

Ды навучыцца, як жыць, не паспела…

Мо хоць са смерцю-сяброўкай сустрэчу

Я адыграю прыгожа і смела.

 

Яшчарка

Побач подыхі чую халодныя

Ды баюся назад паглядзець,

І паветра такое смуроднае —

То мярзотная яшчарка-смерць.

 

Так павольна паўзе, набліжаецца,

Сапраўды, ёй спяшацца куды?

Яна ўсюды за мною цягаецца

Трыццаць тры з невялікім гады.

 

Хутка

Хутка мяне паклічуць

Людзі — мае ўспаміны,

Чуеш, гадзіннік лічыць

Кожнага дня хвіліны.

 

Плыні жыццёвай стужка

Рвецца рукою лёсу.

Зрынуцца мары-птушкі,

Бы камяні з нябёсаў.

 

Не дажыву, не ўбачу,

Нават не дакахаю

Што набыла — не страчу,

З тым адыду, што маю.