Марыя Маляўка
нарадзілася 4 сакавіка ў 1990 годзе ў Кіеве, большую частку жыцця пражыла ў Беларусі. Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Працуе ў журналістыцы. Піша прозу ў розных стылях з ухілам у прыгодніцка-магічныя сюжэты. Евангельская хрысціянка. Аматарка Толкіена, Льюіса і дзікага агратурызму. Лічыць, што пісьменнік мае дзівосны дар — называць тое, што не мае імёнаў.
Адшукаць Мову
Знадворку дзьмуў вецер. Святло ў цесную каморку трапляла толькі праз цьмянае акенца ў скосе даху. Пасля змяркання яго зусім не стала. Відаць, неба цалкам зацягнула хмарамі.
Першая асенняя непагадзь сціскала сэрца: яна нагадвала, што час непазбежна сыходзіць. Ужо не менш як канец верасня. А значыць, гімназісты сядзяць за партамі і напоўніцу рыпяць пёркамі на паперы. Яны, гімназісты, бываюць тоўстыя і чырванатварыя, ім мамкі пасылаюць з дому пірагі ды вэнджаную грудзінку. Ён такіх бачыў каля будынка гімназіі; бачыў і дзяўчыну з кошыкам, з выгляду пакаёўку, якая не інакш як прыйшла з перадачай да нейкага сынка заможных бацькоў. Хоць, відавочна, такія не ўсе; можна быць і хударлявым гімназістам. Аднак гэтая думка слаба суцяшала: у свет навукі яго ўсё роўна не пускалі.
Ён пачаў мерзнуць і падцягнуў худыя вострыя калені да падбароддзя. Кажушка, якім накрыўся, не хапала на ногі. Кажушок быў хоць і стары, але з добрай аўчыны — грэў няблага і ўзімку. А вось ногі варта б накрыць якой дзяружкай, але ён пакуль не расстараўся здабыць.
Сюды ён прыйшоў пешшу з Полацка. Галодны, босы, але з надзеяй — вучыцца ў Віцебску ў гімназіі. Аднак вучняў у лахманах у гімназію не бяруць. Колькі дзён яшчэ ён сноўдаўся каля будынка з апантанай надзеяй, а потым пабрыў шукаць сабе пражытак. На вуліцы пазнаёміўся з мясцовымі хлопцамі. Хлопцы былі добрыя, не тое што смаркачы і крыўднікі з павятовага вучылішча; паважліва слухалі хлапчука, які хацеў вучыцца, і выклікаліся дапамагчы з прыстанкам, а адзін, Багуш Войцік, нават абяцаў здабыць яму школьную форму. Мала верагоднасці, але ж прыемна.
Гэта была трэцяя ноч у пакойчыку над карчмой. Раней, пакуль было цёпла, ён начаваў пры беразе, пад мастамі. І толькі калі стала дзьмуць з ракі, пастукаўся ў карчму, пра якую казаў Багуш: «Схадзі спытай пра пакой». Пан Юдэль, немалады габрэй без сям’і, згадзіўся пасяліць хлопца ў каморцы на гарышчы, сказаўшы, што будзе даручаць такую-сякую працу. Аднак на два дні пра яго амаль забыліся, толькі кухарка шкадавала і прыносіла тое-сёе з ежы — рэшткі са стала.
«Хлопчык імкнецца да ведаў», — казалі пра яго яшчэ зусім малога. Толькі сэнс гэтага слова — «Веды» — для яго так і застаўся не да канца зразумелым. Яно бачылася яму напісаным з вялікай літары, і заўсёды ва ўяўленні маляваўся высокі чырвоны будынак з вялікай колькасцю людзей. Людзі снуюць туды-сюды, чытаюць разгорнутыя скруткі і звяртаюцца адзін да аднаго з нейкай важнай патрэбы. А ў скрутках, думаў ён, невядомыя знакі, якіх нельга прачытаць простаму чалавеку. І хоць у школе ў Полацку ён вывучаў пісьмо, Закон Божы, гісторыю, геаграфію, маляванне, гэта было яшчэ не тое. Сапраўдныя веды ёсць у людзей магутных, вядомых, у цэрквах, палацах, кнігазборах.
На вялікай імшы рымскага абраду быў святар, які чытаў на лаціне. Ён меў высокую завостраную мітру і ўладу над тэкстам Пісання, бо валодаў мовай старажытнай, святой, мовай хрысціянаў даўніны. Хлопец заміраў, слухаючы. Гэтая мова зачароўвала плаўным працяглым гучаннем, што так нагадвала яго ўласнае імя. Непакоіла адчуванне, што ўсё вядомае яму на мовах, якія чуюцца сярод людзей: беларускай, рускай, польскай, — толькі цьмяны злепак з ведаў, захаваных на мовах найстарэйшых і найпершых. Калі б ён іх ведаў, то адкрыў бы шмат таямніц.
Ён заплюшчваў вочы і пачынаў разумець.
In nomine Patris, et Filii, et Spiritus Sancti.
Gratia Domini…
Gloriainexelsis Deo…
Christe, eleison…[1]
Гэта было нескладана — здагадацца па інтанацыі, параўнаць са словамі чутай раней уніяцкай літургіі.
А яшчэ была грэчаская мова, на якой калісьці пісаў апостал Павел. І гэтая мова была замкнёная ў куфары злоснага прэфекта Полацкага вучылішча. Той адразу прыкмеціў вучня, які мог прачытаць усё, што траплялася на вочы, і аднойчы заспеў яго на месцы злачынства: хлопец пралез за настаўніцкую кафедру і зазірнуў у разгорнуты том. У прэфекта страшэнна зледзянеў голас.
— Адыдзі ад кнігі!
А ён толькі і паспеў убачыць літары, здалёк падобныя да рускіх. Мабыць, прачытаць было б нескладана.
Але прэфект трымаў мову пад замком, не падпускаў вучня да яе. Відаць, крыўдаваў, што гэтаму ўбогаму хлапчуку мовы так лёгка даюцца, што такія спагадныя яны да яго — самі клічуць. А яму, чалавеку адукаванаму, прэфекту школы, даводзіцца сядзець са слоўнікам, бо праз усе намаганні не ўдалося ні адной мовай авалодаць як след — ні з сучасных, ні са старажытных. Вучні ведалі: прэфект у навуцы зорак з неба не хапаў. Цытаваў урыўкі з Пісання няўклюдна, па складах.
І таму ён прымушаў хлопца сядзець над лічбамі і караў жорстка за кожную няўдачу. «Навучыся спачатку грамаце элементарнай, а не па кніжках чужых лазь! Не для твайго розуму!»
Тады яму было шкада сябе, а зараз — мову. Як яна там была, пакінутая? Мове нельга надоўга заставацца ў адзіноце. Яна ж загіне. І тады ўжо ніхто не даведаецца, што яна значыць і як яе чытаць.
А ў гімназіі навучалі мовам. Калі б ён ведаў хоць дзве-тры і мог так, дзеля забавы, пераапранаць свет у іншыя словы!
Мацней праймаў холад. Заснуць было немагчыма. Ён устаў і пайшоў, мацаючы сцяну — адзіную, каля якой можна было выпрастацца ў поўны рост.
Пальцы ўперліся ў выступ — цагляны комін, умураваны ў сцяну. Цэгла была цёплая.
Відаць, у будынку запалілі печы. Ён ссунуўся на падлогу, спінай да коміна, і загарнуўся ў кажушок. Дрыжыкі суняліся, цела супакойвалася ў цяпле.
На акенца быццам набегла светлая пляма. Сёння павінна быць поўня. Дзве мінулыя ночы былі цьмяныя. Калі хмары разыдуцца, стане вельмі светла. Ён чакаў і ўжо амаль пачаў засынаць.
Круглы месяц выплыў з-за хмар і кінуў прамень святла акурат на комін і хлопца пад ім. Кожную цагліну можна было разгледзець. На адной, гладкай, унізе быў адціснуты надпіс «Liozno».
Потым ён заўважыў шафу, на якую раней не звярнуў увагі. Гаспадар загадаў яе не чапаць, але не надта строга. Кінуліся ў вочы інкрустацыі на дзверцах, пераплеценыя, схопленыя бронзавымі дужкамі. Сэрца забілася мацней — у такіх шафах не захоўваюць рызманы.
Ключ сядзеў нямоцна. Баўтануўся ў адтуліне. Пасыпалася драўляная труха. Ён пацягнуў за вечка і адчыніў адну створку. На паліцах залаціліся пераплёты. Адчыніў другую. Кнігі. Поўная шафа кніг.
З цяжкасцю ён выцягнуў адзін том са шчыльнага шэрагу. На вокладцы — надпіс у два радкі з невядомых знакаў. Кніга вельмі старая. Пахне зляжалай скурай.
Ён адгарнуў вокладку. Шчыльныя радкі гнуткіх літар з патоўшчанымі вертыкальнымі рыскамі. З выгляду здаюцца перавернутымі. Габрэйская мова! Вядома, у габрэяў радок пачынаецца з правага боку. Мова яшчэ больш старажытная, чым грэчаская ці лаціна, мова, на якой напісаны кнігі Старога Запавету…
Праз шмат гадоў, калі яму, ужо вядомаму навукоўцу, прынясуць рукапіс з кніжнае барахолкі, ён гэтак жа адразу пазнае іншую старажытную мову Усходу, мову святароў, і на ёй будзе чытаць іншыя Веды. І тады ён пацвердзіць здагадку прэфекта: «Так… Мовы самі знаходзяць мяне». Ён іх выбраннік, адораны іх любоўю.
Незнаёмыя літары ззялі ў святле месяца. Ён гладзіў пальцамі шчыльную жоўтую паперу. Было відаць кожную шурпацінку. Прытуліўшы кнігу да грудзей, сеў на ранейшае месца ля коміна. Цяпер ён будзе бясконца ўглядацца ў гэтыя знакі, шукаць іх падабенства, даваць ім назвы, знаходзіць словы — сходныя паслядоўнасці знакаў. Ён знойдзе імя Госпада і пазнае яго. Ён папросіць пана Юдэля дазволіць паслухаць чытанне Талмуда. Не, не дазволіць. Тады ён схаваецца і падслухае. Ён будзе запамінаць пачутае і даведаецца, у якой кнізе апавядаецца пра стварэнне свету, і запомніць знакі на яе вокладцы. Потым ён будзе чытаць па памяці славянскі тэкст кніг Майсеевых і параўноўваць з тэкстам гэтай кнігі.
1 В начале сотвори Бог небо и землю.
2 Земля же бе невидима и неустроена, и тма верху бездны, и Дух Божий ношашеся верху воды.
3 Ирече Бог: да будет свет. И бысть свет…
Доўгія-доўгія гадзіны асалоды ў гэтым пакоі сам-насам з Мовай. Багуш, верны сябар, дастане яму свечкі. Толькі трэба хавацца ад гаспадара. Але ён будзе вельмі-вельмі асцярожным. Ніхто не ўбачыць яго з кнігай.
Ён правёў даланёй па лбе. Лоб быў мокры. Вусны багавейна дакрануліся да радкоў, як да іконы. Адчуў, як на вочы набягаюць слёзы, і сумеўся. Ён не плакаў ні ад болю, ні ад суму, ні ад голаду. Але гэта было іншае — Мова не пакінула яго ў адзіноце, прыйшла да яго ў бедную каморку.
***
Габрэі абарочваліся яму ўслед. На тварах ён чытаў здзіўленне, цікавасць, недавер, нават страх — кнігі, якія іх народ старанна беражэ ад чужых вачэй, прачытаў малаадукаваны мясцовы падлетак. Чуліся абрыўкі размоў.
— Каэтан… Хлопец з Полацка… Чытае Талмуд… Ніхто не вучыў, не!..
— У Маскве будзе вучыцца, —з веданнем справы паведамляў суседзям пан Юдэль.
Чужая партыя
Каця трохі спазнялася на спеўку. Калі яна забегла ў памяшканне, Ларыса, дырыжор, ужо стаяла перад хорам. Гэта была высокая, зграбная жанчына гадоў трыццаці пяці, хударлявая, гнуткая, энергічная, з бездакорна прамой постаццю, быццам праз ўсё яе цела праходзіў металічны стрыжань. У Ларысы ўладны характар, але, відаць, такі і трэба, каб кіраваць хорам. Каця заўсёды здзіўлялася, як ёй удаецца чуць кожнае адценне супольнага гучання іх галасоў.
Яна накіравалася да свайго ўтульнага месца на першай лаўцы альтоў. На хаду паправіла падол салатавай з прынтам спаднічкі. Водгукі летняга вечара яшчэ дрыжалі ў галаве: над праспектам сёння стаяў няспынны гуд ад машын, а святло здавалася трохі цьмяным. Але такое бывае пасля спякотнага дня.
Ларыса раптам павярнула да яе галаву і кіўнула на прывітанне.
— Здароў, Карыся. Сядай.
Насамрэч Каця добра не расчула, як яе назвала дырыжор, але ў любым выпадку гэта не было падобна на любую з формаў яе імені. Яшчэ больш дзіўным было тое, што яна кіўнула на месца сярод сапрана, на верхняй лаўцы, паміж дзвюх дзяўчат. Тут Каці здалося, што нешта шчоўкнула ў яе мозгу, як бывала ў дзяцінстве ад моцнага гуку, і ўсё навокал стала выглядаць нерэальным. Яна разгубілася. Трэба было нешта сказаць, але яна пакутліва не магла зразумець, што. Між тым Ларыса глядзела на яе загадным позіркам. Каця павярнулася і на ватных нагах пайшла да сапрана. Цяпер яна адчула, што вечар сапраўды душны.
Нейкім чынам у яе ў руках апынулася папка. Яе суседкай была пухленькая Вестачка, гнуткі і звонкі «сапранчык». Кажуць, чым больш поўны чалавек, тым танчэйшы ў яго голас. Глупства, канечне, але… Ёлкі, пры чым тут гэта? Што адбываецца?..
Раптам, калі яны ўжо скончылі распявацца, Каця зразумела, што Вестачка нават не спыталася, чаму яна тут. І ўвогуле, ва ўсіх быў выгляд такі, як быццам усё ідзе як звычайна. У яе закружылася галава; у гэты момант Ларыса назвала песню, якую трэба адкрыць, але яна не разабрала словы. Аўтаматычна пачала гартаць папку, зазіраючы да суседзяў, каб знайсці патрэбную старонку.
Песню яны амаль што ведалі, хоць, канечне, партыя сапрана была Каці незнаёмая.
Жаночая палова хору запела. Каця цягнула за іншымі. Ноты неяк запознена выскоквалі перад вачыма, як слупы з-за павароту. Ёй здавалася, што яна разганяецца і імчыць наперад, як бывала ў сне: яна едзе на машыне, хоць ведае, што правоў у яе няма, і ўвогуле за рулём ніколі не сядзела. Аднак усё роўна неяк едзе, нават нясецца, толькі пранізвае думка, што зараз спатрэбіцца нейкі прыём, з якім яна не зможа справіцца. Тут яна ўбачыла, як небяспечна ноты набліжаюцца да верхняй мяжы радка. Вось яны ўжо ў другой актаве, а тут яна нічога вышэй за «мі-бемоль» не зможа ўзяць. «Ты, канечне, можаш скочыць і вышэй, — казала Ларыса. — Але гэта дорага абыдзецца. Парвеш звязкі». Як спець, каб ніхто не пачуў фальш? І што адчуваеш, калі рвуцца звязкі?
Вось і «мі». Каця паспрабавала спець фальцэтам, спадзеючыся, што за іншымі будзе не чуваць, але выйшаў поўны гук, як быццам нота сама прымушала сябе пець. І ў той жа момант яна адчула ў горле халодны сталёвы нож, які стаіць старчма і ўсё працінае. Мільгануў жах: «Парвала звязкі». Ад болю з вачэй пырснулі слёзы, хоць і боль быў нейкі нерэальны, як і ўсё навокал, інакш яна б проста страціла прытомнасць. Гледзячы на нотны радок, яна пахаладзела: далей былі і «фа», і «соль», яны раптам затрымцелі над радком, махаючы дробнымі металічнымі крылцамі, кожнае — быццам лязо. Яны пагражалі ўскочыць ёй у горла і парэзаць там усё на дробныя шматкі.
Каця хацела закрычаць, але зразумела, што рот у яе і так адкрыты, і замест крыку яна пяе. У гэты момант наверх з агульнага спеву вырваліся тэнары і ўзляцелі пад дах. Яна любіла тэнары і іх паднябеснае гучанне, але зараз яны набылі нейкую пагрозлівую моц, як галасы манахаў, якія пяюць падчас спалення ерэтыка на вогнішчы. Яна з цяжкасцю падняла вочы ад папкі і ўбачыла, што хор стаіць на высокім памосце, а навокал бездань і штосьці палаючае, чырвонае, а наперадзе мірыяды чорных ценяў, якія рухаюцца бязладна, аднак усе вочы павернутыя да іх, усе слухаюць. Адзенне Ларысы палала, валасы слаліся за спінай, а вочы свяціліся амаль д’ябальскім полымем. Вышыня пад імі была страшэнная, памост вузкі, вось-вось крайнія не ўтрымаюцца і пачнуць падаць у агонь. Каця адчувала, што трымае іх разам толькі песня, вось яна скончыцца — і ўсе пасыплюцца ў бездань.
Раптам ззаду штосьці шчоўкнула, так спакойна і рэальна, што як быццам пераключыла мозг у адваротным кірунку. Яна паспела азірнуцца і заўважыла здзіўлены круглы твар Аркадзя з басоў, які стаяў, шчыльна самкнуўшы вусны, і згінаў-разгінаў у карашку папку. Тут усё пачало знікаць у цемры.
***
Каця прачнулася. Было гадзіны чатыры ночы. Духата ў пакоі так і не паменшала. Скамечаная прасціна валялася на краі ложка. Ад слабага ветрыку стукнула адчыненая фортка.
Яна ляжала некалькі хвілін, а потым паспрабавала падумаць: «Ну і прысніцца ж такое!» — але пажартаваць са сну не атрымлівалася. Уражанне было занадта яскравым, круцілася брыдкай аскомай на зубах.
Увечары Каця збіралася на спеўку. З паліцы шафы глядзела адзінокая салатавая спаднічка з прынтам.
— Мама, дзе мае малінавыя шорты?
— У машыне. Брудныя. Ты ў іх на шашлыкі ездзіла.
— А сарафан?
— Таксама. Што, няма чаго апрануць? Вунь спадніца вісіць.
— Ай, надакучыла.
— Ну то трэба было раней думаць. А так бруднае ўсё.
У кватэры стаяла ліпкая духацень. Горла пяршыла, спяваць не хацелася. А Вестачка зноў будзе дражніць альтоў, што яны нічога не робяць, цягнуць тры ноты.
— Мама, ты ніколі не зразумееш усіх пакутаў харыста.
— А што там за пакуты? Спявай сваю партыю і не звяртай ні на каго ўвагі.
— Супер! Ты проста спасцігла дзэн!
Каця ўзяла сумку і трохі памарудзіла каля дзвярэй.
— Ладна. Прабач. Проста сон дрэнны прысніўся.
«Окей. Нядрэнная ідэя. Будзем спяваць сваю мілую родненькую партыю».
[1] У імя Айца і Сына, і Духа Святога
Ласка Пана…
Хвала на вышынях Богу
Хрысце, змілуйся… (лац.)