Іван БУЛВА
нарадзіўся 29 жніўня 1987 года ў Мінску. У выніку таго, што любоў да геаграфіі перамагла літаратурныя захапленні, паступіў на геаграфічны факультэт БДУ, які скончыў у 2010 годзе. З 2009 года працуе настаўнікам геаграфіі ў сталічных гімназіях. Вершы пачаў пісаць даўно, часта кідаў справу, пасля ізноў вяртаўся. Зрэшты, апошнія два гады піша без вялікіх перапынкаў. На думку Івана, без геаграфіі паэзія губляе вельмі шмат, таму яго творчасць – запаўненне тых прабелаў, якія засталіся пасля Гумілёва (хаця лічыць сябе на яго зусім непадобным). Пры ўсім тым любіць сваю Чыжоўку, пра якую напісаў (і, спадзяецца, яшчэ напіша) нямала вершаў.
СНЕЖНЫ ЗОЛАК
Мемарыял
1
Маналог Янкі Купалы
Я б хацеў глядзець на Фудзі –
няма як.
Нават Фудзі ў нашым брудзе –
не маяк.
Вось каб рады даць балоту,
узараць!
Даць нашчадкам асалоду
сузіраць.
Я б хацеў узысці на Фудзі
ў чыйсьці след,
Каб мае ўдыхнулі грудзі
цэлы свет,
Сцежкай на вяршыні сцірту,
як манах.
Толькі немагчыма йсці тут
як мінак.
Я б хацеў узняць на Фудзі
родны сцяг.
Свету напаказ. Ды людзі
у лапцях
не дацягнуць. Мы не зможам
да вяршынь.
Толькі ўпартым ціхім смоўжам.
Далячынь
рве не Фудзі, не Святая,
а курган.
І не ластаўка злятае,
а груган.
2
***[1]
Зрубалі бор – лясун загінуў
Максім Багдановіч
Справа аховы прыроды
ў рынкавы сабекошт
не закладае выгоды
для сціплых лесавікоў.
Вуснам на стрэчным ветры
цяжка закляцці шаптаць.
Казцы патрэбныя нетры.
Казкі не ходзяць ў шыхтах.
40 адсоткаў лесу
глуха і цёмна маўчаць
Над ракою Арэсай,
над ракою Моўчадзь.
А як на краі лезла
скура ад бізуна,
лапік маленькі лесу
мог прытуліць лесуна.
Месяц ад жудаснай цішы
воблакам шызым зацёк.
Лесу шыхты пасадзіўшы,
мы распладзілі зайцоў.
Лесу 40 адсоткаў
не прашумяць навіной.
Лесу – ў мільён асобнікаў,
кветак – ні на “Вянок”.
А як падыдзе ўдушша
рыпам чужых масніц –
хто расцярусіць на пушчу
Зоркі твае, Максім?
Каб светляковай ноччу
Я, праз сто год не госць,
рукі разняў і скочыў
ў родную шэрую поўсць.
Колькі гадоў я лезу,
а ўсё не ўзлезу на…
40 адсоткаў лесу –
ніводнага лесуна.
3
Два Міцкевічы
Столькі галубоў жыве ў горадзе, а ці бачыў хто калі іх птушанят?
(з народных назіранняў)
Адам быў першым, з добрай гліны Свіцязі.
Ты проста gniazdo мог заняць, што звіта ім.
Не крочыць камарынымі дарогамі
і ведаць галубоў, як мы, дарослымі.
І я з-пад электрычнасці дзіўлюся на
лучынку, што трымціць над сшыткам ў Люсіна.
Пяро снуе. Радкі кладуцца кроснамі.
Хай птушанятаў прычакаць дарослымі
Не стане жы́цця нават асцярожнага,
куды ж твайго – бадзяжнага, астрожнага.
А нам – каму ўсе ранкі ззяюць росамі –
нам галубы заўжды былі дарослымі.
Мы скарбы слоў дзяўбем на нізкі пацерак,
не памятаем бессані і памперсаў.
Да зорак, да бязважкасцяў дарослыя,
Курлыкаем, кахаемся… дарослыя.
…А як лучынка развярэдзіць раніцу,
прымроіш: птушаня пяром апранецца.
Гані, Кастусе, сон: тут тыя ж ростані.
Ды не, не тыя. Горшыя, дарослыя.
4
Гідрапоніка[2]
Мы раслі на вадзе,
як нішчымная каша, што лаюць ў сталоўках.
На бядзе, лебядзе,
ды праз тое маглі па аблоках,
у каналах адбітых –
танклявыя – крочыць, матляцца.
Лёс нічым не спавітых –
кахаць, пакідаць і вяртацца.
Ўцеха ўсіх непрыкутых –
з бязладнага лёсу смяяцца.
Мы праводзім у вечнасць мінуты,
як венецыянцы.
Карнавалам без межаў,
без сну, покуль змолваюць жорны
караваны над вежай,
пад ганкам Сан-Джоржэ-Мажорэ.
Як ў жыцці
мы спакусімся раптам на іх макароны –
Ты даруй:
мы ж прасілі сысці
пад твае баркаролы.
студзень-люты 2016
***
І нашы сілікатныя дамы –
дзе сваркі, звадкі, горыч, боль, дзе думкам
на метры не раз’ехацца квадратным –
далі прытулак ластаўкам. Паветра
густое, вечаровае ўпікае
пранізлівае ціўканне.
Ў цяснінах
двароў ліхія птушак піруэты
майстэрствам паядналі наша неба
з далёкім небам Буржа.
Можа быць,
і нашы сілікатныя дамы
так доўга нас трываюць, бо не хочуць
патурбаваць, пакрыўдзіць птушанятак,
што хутка стануць на крыло і будуць
кружыць і славіць цвіркам бесклапотным
бяскрылых архітэктараў саўковых.
І нашы сілікатныя дамы
не прамяняюць на шурпатасць бору
і стромасць берагоў.
Уславім дзіркі
і шчыліны ў парэпаных балконах:
ў іх залятаюць птушкі апраўданнем
ўсіх свар і звад у сілікатным доме.
Болдзінская восень
Я ў Болдзіне. Ўсё Болдзіна – ад крамаў
да волкага бяззорнага сукна.
У чорны час густы яго атрамант
душой Сальеры льецца давідна.
Збуцвелыя ваконныя шпалеры.
На іх разводы лісця і сцягоў.
Ўсе хворыя. На што? Відаць, халера
адна на свеце ведае яго.
І як у кожным Болдзіне, нясцерпна
Закрэсліваць наўскос лісты прасцін.
З кім ночыш ты, распусная Эўтэрпа?
Як высах па табе твой суччын сын!
Галосяць па нязбытным моры чайкі
над скурчанаю лужай у двары…
Ах, нянька, не пакінь хоць ты! І чаркі
дапітыя за намі прыбяры.
07-08.09.2016
Бэз
Так цяжка “з” і так бязважка “без”,
здаецца, і прыціснутым няймецца.
А пад вакном маім купчасты бэз
не мае лёсу і стаіць на месцы.
Дык пэўна, каб уласны шлях абраў,
ён высек бы сябе – цярпець дакукі
узвышанней, чым пах трываць абраз,
хаваць катоў, утойваць недакуркі.
Стог воблака кудысь плыве рабы…
Выгнанне, пошукі – зайздросны вырак.
Бязважкія на вецці вераб’і
і снежным золкам сноў не сняць пра вырай.
***
Душа, як мокры снег, ляціць наўскос.
І ўсё адно не вызнае закону
і адзіноты, што паўней за поўню,
і ветру, што працяў яе наскрозь.
І ўсё ж імкне імглу пераміргаць –
як светлафор начны, упартым вокам –
і перайсці рашучым, цвёрдым крокам
зіму, што пачала перамагаць.
[1] У 1917 годзе лясістасць Беларусі складала 22 %, а ў 2017 складзе 40 % (дадзеныя Міністэрства лясной гаспадаркі РБ).
[2] Гідрапоніка – вырошчванне раслін на штучных заменніках глебы з выкарыстаннем водных раствораў пажыўных рэчываў.