Вольга ШЫМАНСКАЯ
нарадзілася 23 чэрвеня 1981 года ў Мінску. Выпускніца факультэта беларускай філалогіі і культуры БДПУ імя Максіма Танка (2003), кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцей факультэта міжнародных адносін БДУ. Шматгранная асоба з невычарпальнай энергіяй і прагай жыцця: сумяшчае выкладчыцкую, навуковую і творчую дзейнасць з выхаваннем траіх дзетак, спевамі ў царкоўным хоры і няўрымслівым хобі — танцавальнай праграмай Зумба. Марыць усё паспяваць і быць шчаслівай.
ПАЧУЦЦІ НА ПАПЕРЫ
Пеўчая
Змоўкнуць спевы на хорах.
Сціхне роспеў званоў.
І царква апусцее да раніцы.
«Божа, літасціў будзь жа
На векі вякоў», —
З вуснаў пеўчай малітва зрываецца.
Пачакаць. Прыпыніцца.
Зазірнуць у сябе,
Каму служыш, нарэшце задумацца,
Ці на Божае славе,
Ці пышнай хвальбе
Твае ўчынкі штодзённа будуюцца.
Не да месца партэснасць —
Тут, у гулкай цішы,
У малітву так многа закладзена.
Толькі б шчырыя словы
Ліліся з душы,
А астатняе — будзе нам дадзена.
…Так яна разважае,
Быццам тое дзіця,
Дом з камення будуе з руплівасцю.
І ад Бога прымае
Варункі жыцця —
З паслухмянай і ўдзячнай цярплівасцю.
Трыялет
Я узышла на Эверэст,
Заснежаны і непрыступны.
З пакут будуючы прыступкі,
Я узышла на Эверэст.
Ды марны, марны подзвіг рупны,
Бо ў адзіноце праўлю фэст…
Я узышла на Эверэст,
Заснежаны і непрыступны.
Мае колеры
Сінія з шэрым думкі…
Вочы стальныя твае…
Дымкай над лісцем хрумсткім
Шызая восень плыве…
Збаў мяне ад пакуты
Быць у баку ад падзей:
Рукі мае закуты
У кайданы надзей.
Страшна, што я пачую
З вуснаў тваіх «ніколі».
Ды толькі яно ўратуе —
Можа, яно ўратуе? —
Ад сіне-шэрай любові…
***
Ад стомы чырвонае, сонца кранае
Глыб возера. Тае спакой у паветры.
Цягучай смугою мой крок аплятае
Бяскрылы пясок, што так марыць аб ветры.
***
Белы аркуш
Патрабуе складоў.
Не падманеш:
Назло табе
Я зрыфмую
Пачуцці з паперай.
***
Ён мне ніколі
Не здрадзіць,
Бо здрада чужой —
Не здрада.
Бо час размывае вобраз,
Боль чужы
Не кранае сэрца…
***
Як у сне: хочаш крок — ні з месца.
Толькі «хачу» імкнецца
Навыперадкі з «магу».