Лавінія Грынло нарадзілася ў Лондане, дзе і пражыла ладную частку жыцця. Выдала пяць паэтычных зборнікаў, сярод якіх — «Мінск» (2003). Апроч таго, яна піша апавяданні, раманы і здымае кіно. На дадзены момант выкладае прыгожае пісьменства ў Лонданскім універсітэце. Піша тэксты на музыку, адаптуе літаратурныя творы для радыё, а таксама вядзе дакументальныя перадачы.

 

Ён хацеў, каб хтосьці гатаваў курыцу

 і злізваў тлушч з яго пальцаў,

але яна выходзіла ноччу ў лес адна, пасля

стаяла ля ложка і выдзірала мёртвае лісце з валосся;

бачыла праз яго прымружаныя вочы і радавалася,

што драпіны ад папараці пякуць на нагах —

так яна хоць нешта адчувала.

Аднойчы ён пайшоў за ёй, але,

не паспяваючы, упаў і раптам зразумеў,

што здаўся змроку.

Пазней, назіраючы, як яна спіць, ён спужаўся таго,

якая моцная ў яе спіна.

 

Наступнай раніцай яны селі размаўляць

за стол, распухлы гадамі бруду.

Ён выціснуў колькі слоў, а потым яго пальцы

знайшлі нож, каб прайсціся па кожным рубчыку, кожнай

трэшчыне. Гадзіну яна шукала шлях да яго маўчання,

тады пайшла да вакна і малявала гару за гарой

на шкле. Нарэшце ён паклаў нож

і перасёк пакой ў два ці, можа, у тры крокі,

каб мякка абхапіць рукамі яе галаву.

Яму было цікава, як гэты сакавіты сіняк

зрабіў яе твар такім простым.

 

Нявіннасць радыю

 У думках пра гадзіннікавых майстроў са Швейцарыі,

яна ўладкавалася на фабрыку ў Нью–Джэрсі

фарбаваць зіхоткія лічбы, капіруючы стыль,

нібыта знойдзены ў асветленых свечкамі сенцах

заснежаных альпійскіх вёсак.

 

Паварочваючы цыферблат да святла,

яна лавіла позірк хіміка,

калі ён мераў і правяраў. Ён быў даволі стары,

меў ласкавы твар і замежнае імя,

якое яна не смела вымавіць: Сахоцкі.

 

Дзеля смеху яна намазала зубы й пазногці,

наскочыла на дзяўчат, што ішлі дадому.

Той ноччу ў ложку яна рагатала

і гладзіла сябе дзесяццю зялёнымі пальцамі.

Хімік не мог спаць — вывучаў кожную лічбу

 

на цыферблаце, што сцягнуў з фабрыкі.

Яму падабалася, як яна выгінала васьмёркі;

як падносіла вільготны пэндзлік да вуснаў

і далікатна падціснутым роцікам

ідэальна выроўнівала шчацінкі.

 

Гадамі ён назіраў, як яна блякне.

Дактары здаліся, выдалілі ёй палову сківіцы,

абвінавацілі сіфіліс, калі яна зламала сцягно,

спрабуючы падняцца па лесвіцы.

Дыягнастуючы злачынства, хімік абвясціў

 

нявіннасць радыю: проста такое выпраменьванне

не вытрымаць целу жанчыны,

толькі злавіць зубамі. Ён ганарыўся

сваімі фарбамі і рабіў публічныя прамовы

пра тое, як мастакі маглі б карыстацца імі,

 

малюючы святло месяца. Сахоцкі

паказваў тыя зіхоткія пейзажы ў сябе на сценах;

толькі яго вера вытрымлівала ў пакоі,

запоўненым цёплымі нябёсамі, што разрывалі цемру

і высмоктвалі колер з яго крыві.

 

Яго небяспечныя косткі не захавалі сакрэту.

Пад рэнтгенам, ніводная кнопка яшчэ не націснута,

яны засвечвалі негатывы і фатаграфавалі

сябе так, што выходзіў не шкілет, а здань, і фотаздымак

усё праяўляўся і замацоўваўся, непадуладны яму.

 

Смерць мясніка

 Ён расказваў анекдоты?

Толькі дазволеныя.

(Інтэрв’ю з жонкай мясніка, забітага

падчас Румынскай рэвалюцыі 1989 г.)

 

Ён дастаўляў мяса тайнай паліцыі, кумпякі

ды вантробы. Укормленая аксамітная

мерцвячына. Ён каштаваў яе толькі з ляза нажа,

а пах прыносіў на пальцах дамоў

да жонкі, якая варыла суп і марыла здрадзіць.

У кожнага добрага дня быў свой прысмак:

сэрца, трыбух, мазгі ці язык.

 

Пакрычаўшы на плошчы, пабіўшы шыбы,

яны прыйшлі да пастара. Вёска выбухнула.

Ён ні слова не сказаў пра бога і не меў адказу

на яе пытанне, толькі нацягнуў боты

і пацягнуўся на плошчу, да натоўпу,

што аб’яднаўся ў агульным запале.

 

Яго імя заўжды называюць,

калі згадваюць першы стрэл,

і тыя, хто там не быў, прыходзяць да яе,

каб мець на памяць хоць нешта, што ім рухала.

Яна расчыняе дзверы і прапануе на выбар:

сэрца, трыбух, мазгі ці язык.

 

*

Стамляюся ад песні кіта і рушу на поўдзень,

далей ад пяцігадзінных начэй і палымянае поўні,

што хітрасцю прымушае мяне выдумляць таямніцы. Паблізу

ад Арктыкі сеці выкідаюць на бераг

няясныя формы. Калыханне Паўночнага полюса.

 

Тыя семсот міль вярнуліся на сваё месца,

але канфеці абсыпаецца з мяне пры кожным кроку.

І я не магу ачысціць рукі ад

гэтага месіва салёнай, амаль што срэбнай лускі,

што ўпілася ў хвілю бездапаможнай інтымнасці,

 

гэтыя рэшткі пабляклай тканкі, такой

моцнай, што калісьці несла на сабе акіян.

 

Змяя ў капліцы

 (Тэнбі, Заходні Уэльс)

 Людзі больш не прыходзяць сюды маліцца,

і царкоўныя лавы саступілі акварыумам.

Трапічныя рыбіны расшываюць святло,

гуляюць сваімі колерамі, правяраюць эфект

на вадзе, на шкле, на старым валійскім каменні,

кожны пласт свету стварае магчымасць.

 

Уверх па лесвіцы тарантулы туляцца, прыкідваюцца

мёртвымі, калі турысты глядзяць у іх бок.

Чалавек прыхіліўся да вітража.

Ён усміхаецца перш Марыі, Ісусу, а потым

вітае рэптылій.

 

«На ўсіх пахаваннях я быў тут…»

Ён сціскае жменю сувенірнага пластыку,

падарунак дзяўчынцы, якая ніколі не бачыла пітона,

пакуль таго не дасталі з тэрарыума,

каб абкруціць вакол яе шыі. Яна не баіцца:

«Давай, дакраніся! Навобмацак — нібы сумачка!»

 

Пераклад з англійскай Ганны Комар;

фота сайта http://www.laviniagreenlaw.org