Кірыл Стаселька
нарадзіўся 25 ліпеня 1990 года ў Барысаве. Скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ і магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры НАНБ. Вучыцца ў аспірантуры Акадэміі навук, з’яўляецца дырэктарам «Агенцтва інфармацыйных тэхналогій «Буцэфал». У 2015 годзе выдаў дэбютны зборнік «Дзіцячы маніфест», які быў намінаваны на шэраг літаратурных прэмій.
Кніга ў вянку з церняў
Бедныя раёны Фларэнцыі ніколі не адрозніваліся асаблівай цішынёй, а ў гэты дзень да агульнага гулу галасоў, крыкаў і віску далучыўся яшчэ адзін. У сям’і Марка Мальябекі і Гіневры Бальдарыета з’явіўся сын, якога назвалі Антоніа. Адбылася гэта знамянальная падзея, знамянальная не толькі для сям’і Мальябекі, у XVII стагоддзі за год да 1634 года і на наступны дзень пасля 19 кастрычніка. Справядліва будзе сказаць, што менавіта з Антоніа Мальябекі пачынаецца гісторыя кнігі, аб якой у далейшым пойдзе гаворка, але зараз, 20 кастрычніка 1633 года, нават да яе з’яўлення яшчэ далёка.
Бесклапотныя гады хлопчыка доўжыліся нядоўга. Як гэта нярэдка бывала ў бедных сем’ях, Антоніа ўжо з дзяцінства прыстроілі працаваць. Мабыць, менавіта з крамы бакалейшчыка пачалося знаёмства хлопчыка з кнігай. Яго штодзённыя абавязкі не вылучаліся разнастайнасцю, любому іншаму яны маглі падацца самым сумным заняткам на свеце, але толькі не яму. Кожны дзень, працуючы ў краме, ён беражліва запакоўваў тавар для чарговага кліента. Для гэтай мэты Антоніа звычайна браў старонку з кнігі ці нават рэшткі старых бухгалтарскіх запісаў, якія ляжалі стосам недалёка ад прылаўка. Старанна разгладзіўшы старонку, хлопчык браў пучок кропу і ўкладваў яго па цэнтры. Затым плаўна здзяйсняў некалькі няхітрых рухаў, і тавар быў гатовы выправіцца ў рукі чарговага пакупніка або пасыльнага. Для хлопчыка гэта было чымсьці накшталт рытуалу, сакральнасць якога заключалася не ў саміх рухах, і нават не ў тым, што трэба было спакаваць. Сакральнасць заключалася ў самой абгортцы.
Маленькі памочнік бакалейшчыка не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, і наўрад ці яму — сыну небагатых бацькоў — пашчасціла б гэтаму калі-небудзь навучыцца. Але непісьменнасць не перашкаджала хлопчыку атрымліваць задавальненне ад чарнільных завіткоў. А можа, нават наадварот: загадкавасць незразумелых знакаў яшчэ больш прыцягвала ўвагу дапытлівага хлопца. Кожную новую старонку ён быццам смакаваў ўсім сваім нутром, на імгненне зліваючыся з ёй у адно цэлае. Вочы прагна беглі па радках, нос шчасліва ўдыхаў водар паперы і чарніла, а маленькія ручкі дрыгатліва абмацвалі лісток, адчуваючы кожны выгіб або шурпатасць. Нешта, адначасова мілае і інтымнае, было ў гэтым рытуале. Быццам юнак упершыню смакуе цуд першай сустрэчы з жаночым целам.
Але пачуццё захаплення і задавальнення мяшалася з нейкай горыччу. Хлопчыку так не хацелася расставацца з лапікам паперы, так не хацелася аддаваць яго ў чужыя рукі. Страх, што аб’ект яго сакраманту можа быць кім-небудзь апаганены, прыводзіў да роспачы. Антоніа ён здаваўся жывым, і сумна было нават уявіць, што яго могуць выкінуць ці, што яшчэ горш, кінуць у камін, каб развесці агонь. Каб яго воля, Антоніа забіраў бы кожную старонку сабе і аберагаў ад любой пагрозы: няхай то вада, агонь ці грубыя рукі, здольныя апаганіць крохкую рэліквію.
Магчыма, яго мог чакаць лёс непісьменнага вар’ята, што нюхае і мацае старыя паперкі з незразумелымі крамзолямі, калі б аднойчы хлопчыка не заўважыў гандляр кнігамі, які працаваў непадалёк. Той быў гэтак уражаны трапяткім стаўленнем юнага памочніка бакалейшчыка да рознага кшталту паперак, якія цяпер выкарыстоўваліся ў якасці пакавальнага матэрыялу, што неўзабаве ўзяў хлопчыка да сябе ў вучні. Рыжабароды гандляр даўно адчуў у непісьменным Антоніа нешта дзіўнае, нейкую здольнасць, нейкую таямніцу, што радніць яго з кнігамі. І пацвярджэнне гэтага пачуцця не прымусіла сябе доўга чакаць.
Хлопчык усмоктваў як губка ўсё, чаму вучыў яго гандляр, і ўжо зусім хутка навучыўся чытаць, разумець сімвалы, якія яшчэ нядаўна здаваліся чымсьці загадкавым. Аднойчы гандляр узяўся паказваць Антоніа літары і тлумачыць іх значэнне, і той адразу ж здолеў усё паўтарыць, як быццам вучыўся грамаце ўжо даўно. Здзіўлены і ўзрушаны, гандляр кінуўся да адной з паліц і дастаў Біблію. Вялікую важкую кнігу ён паклаў перад хлопчыкам, і той пачаў бегла чытаць тэст, пераскокваючы ад радка да радка. З кожным днём здзіўленне і захапленне хлопчыкам расло. Хутка высветлілася, што ён памятае ўсё, што прачытаў. Антоніа мог у момант успомніць размяшчэнне любой з тысяч кніг з дакладнасцю да пазіцыі на канкрэтнай паліцы. Амаль за месяц ён вывучыў не толькі ўсе назвы кніг, але і назвы раздзелаў кожнай з іх. Для кнігагандлёўца гэты юны памочнік бакалейшчыка апынуўся не толькі каштоўным «набыткам» для кніжнай крамы, але, у першую чаргу, асабістай радасцю.
Гандляра зацікавіла як доўга і як шмат з прачытанага можа захоўвацца ў гэтай маленькай галаве, і праз некаторы час ён вырашыў праверыць хлопчыка, спытаўшы яго пра першы прачытаны ўрывак з Бібліі. Малы з дакладнасцю ўсё аднавіў. Настаўнік не мог стрымаць захапленне і кожнаму распавядаў пра незвычайныя здольнасці свайго вучня. Многія пачалі прыходзіць у краму толькі для таго, каб асабіста пераканацца ў тым, што здавалася такім незвычайным, нават цудоўным. Прыходзілі як прафаны, так і вучоныя мужы горада. Не было чалавека, якога б Антоніа пакінуў абыякавым. Асабліва дзіўна выглядала гульня, калі хлопчыку задавалі тое ці іншае пытанне, а ён імгненна даваў на яго адказ і нават называў кнігу, нумар старонкі і абзац, дзе знаходзіўся ўрывак.
З павелічэннем патоку наведвальнікаў павялічвалася і кліентура самой крамы. Справы ішлі ўсё лепш і лепш. Гандляр не мог і чакаць такога эфекту, калі рабіў прапанову гэтаму юнаму дараванню.
Немалую ролю ў развіцці Антоніа адыграла знаёмства з выдатным бібліятэкарам Мучыа Эрміні. Той бясплатна навучаў яго мовам: латыні, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай. Акрамя таго, Мучыа шчодра дзяліўся з Мальябекі асаблівасцямі і таямніцамі свайго рамяства, даючы яму мноства парадаў па працы з кнігамі. А той, як і раней, усё гэтаксама старанна і трапятліва ўбіраў у сябе новыя веды і навыкі. І ўжо праз некалькі гадоў, дзякуючы незвычайным здольнасцям у спалучэнні са спрыяльнымі ўмовамі іх развіцця, Антоніа Мальябекі можна было смела назваць адным з самых адукаваных людзей Фларэнцыі.
Слава пра Антоніа распаўсюджвалася так хутка і так далёка, што неўзабаве дайшла да Казіма ІІІ — герцага Тасканскага з роду Медычы — які прызначыў яго сваім бібліятэкарам, а з часам і захавальнікам Лаўрэнцыяны, найбагацейшай фларэнційскай бібліятэкі. Герцаг плаціў восемсот ліўраў на год, але Антоніа быў гатовы працаваць і бясплатна, бо для яго адкрылася самая сапраўдная скарбніца. Там ён праводзіў увесь час і не мог наталіцца, чытаючы з раніцы да вечара. Не выязджаючы за межы горада, Антоніа здабываў каталогі найбуйнейшых бібліятэк свету, сістэматызуючы іх згодна з распрацаванай ім сістэмай. Праз некаторы час для яго ўжо не засталося невядомых кніг ці аўтараў. Ён мог нават па памяці згадаць уладальніка той ці іншай рэдкай кнігі.
Але для Антоніа Мальябекіі гэтага было мала. У сваім доме ён збіраў асабістую бібліятэку з кніг і рукапісаў. Кніг было так шмат, што яны займалі ўсю прастору, у якой неўзабаве стала досыць складана перасоўвацца нават самаму худому чалавеку. Здавалася, дом мог існаваць без сцен, бо стосы кніг цалкам паўтаралі ўсе ягоныя контуры ды распасціраліся да самай столі. Яны знаходзіліся на першым і другім паверсе, на падлозе, яны былі ўсюды. Праз некаторы час іх было так шмат, што нават гаспадару дома даводзілася дзяліць свой ложак з кнігамі.
Фігура незвычайнага бібліятэкара не магла застацца незаўважанай, слава пра яго хутка распаўсюджвалася далёка за межы Фларэнцыі. Да Антоніа прыязджалі з усёй Еўропы: хто пагутарыць з вялікім бібліятэкарам, а хто проста паглядзець на дзівоснага кніжніка. Многіх абстаноўка дома і лад жыцця гаспадара прыводзілі ў жах. Тут было цесна і душна, і здавалася, што гаспадарыць тут не чалавек, а кнігі. Не ў меншай ступені наведвальнікаў дзівіў неахайны, у запэцканай вопратцы ўладальнік бібліятэкі.
Гэта і нядзіўна, бо чытанне было галоўным заняткам Мальябекі. Падоўгу ён не мыўся, не пераапранаўся, не стрыгся, вельмі сціпла і амаль мімаходзь еў штось накшталт хлеба з яйкам ды зусім не спаў. Рукавы кашуль, якія ён заношваў да лахманоў, былі запэцканыя тытунём. Недагледжаныя валасы падалі на твар. Будзь магчымасць, ён ніколі б не еў, не піў, не мыўся, нікуды не выходзіў, каб нішто не адцягвала яго ад любімага занятку. Антоніа гняла неабходнасць адкласці кнігу, як гэта бывае, калі на некаторы час даводзіцца расстацца з родным дзіцём. Таму нават есці і мыцца ён прызвычаіўся з кнігай у руках.
Жыві ён хоць дзвесце гадоў, распарадак Антоніа зусім не змяніўся б. Мабыць, справа была нават не ў часе — кнігі ён не чытаў, але літаральна праглынаў. Проста чым больш ён аддаваў часу кнігам, тым больш яны яго паглыналі. Ён быў падобны да азартнага гульца, які пастаянна прайграе і бярэ ў пазыку. Кнігі якраз і былі яго заганнай жарсцю, а час — грашыма. Як гэта здараецца ў падобных выпадках, цяжка было разабраць, ці з’яўляліся аб’ектам жарсці самі кнігі ці ўсё ж веды, якія змяшчалі старонкі. Хутчэй за ўсё — апошняе, інакш складана патлумачыць далейшыя падзеі, што прывялі да стварэння таямнічага тома.
Аднойчы позна ноччу ў дзверы яго сховішча пагрукалі. Антоніа быў гэтак паглынуты чарговым рукапісам, што покліч з вонкавага свету, магчыма, так бы і застаўся без адказу, калі б зусім выпадкова яго ўвага не была адцягнутая на долі секунды.
Пераканаўшыся, што яму не падалося, Антоніа спусціўся ўніз ды адчыніў дзверы. На парозе стаяў хлопчык гадоў трынаццаці, яго звалі Сімоне. Самому Антоніа Мальябекі на той час мінула ўжо шэсцьдзясят шэсць.
Бойкі хлопчык, не чакаючы, выпаліў даўно падрыхтаваны тэкст пра тое, хто ён і чаго хоча. Сімоне прасіў Антоніа прыняць яго ў вучні. Старога бібліятэкара заспелі знянацку, але, нягледзячы на гэта, ён паспрабаваў добразычліва растлумачыць усю немагчымасць задавальнення падобнай просьбы. Перашкодамі былі юны ўзрост першага ды старэчы другога, крайняя занятасць, адсутнасць навыку настаўніка і многае іншае. Акрамя гэтага, Антоніа, які і без таго не жадаў адцягвацца на такія дробязі як сон і ўжыванне ежы, баяўся абцяжарваць сябе яшчэ чым-небудзь, што магло адарваць яго ад важнага і любімага занятку. Але Сімоне быў непахісны і ўсё ж такі здолеў пераканаць старога бібліятэкара надаваць яму хоць бы па гадзіне на месяц.
Так Сімоне пачаў наведваць дом Антоніа Мальябекі кожную другую суботу месяца. Як і бібліятэкар, хлопчык паходзіў з небагатай сям’і, а таму яму ўжо з дзяцінства прыйшлося працаваць пасыльным. З гэтай прычыны іх сустрэчы праходзілі не раней за дзесяць гадзін вечара. Сімоне быў не такім здольным, як Антоніа ў яго гады, але браў хутчэй упартасцю. Ён з’яўляўся поўнай супрацьлегласцю вялікага бібліятэкара: амбітны, часам дзёрзкі, настойлівы да непрыстойнасці. Мальябекі бачыў, вучоба давалася хлопчыку вельмі складана, але, нягледзячы на гэта, ён не адступаў, што выклікала яшчэ большую павагу ў старога настаўніка.
Часам стары параўноўваў сябе ў дзяцінстве з Сімоне, згадваючы іх сустрэчы. Антоніа схіляўся да меркавання, што малады вучань, мусіць, заслугоўвае большай павагі, чым ён сам. У юнацтве, калі ён яшчэ працаваў у краме кнігагандлёўца, многія ім захапляліся. Але яму ўсё давалася значна лягчэй, бо ў яго былі нейкія прыроджаныя здольнасці, якімі яго надзяліў Бог. Сімоне ж даводзілася прыкладаць у тры, ці нават у дзясяткі разоў больш намаганняў, чым яму самому. Калі б гэты хлопчык валодаў тым жа дарам, што і ён, Сімоне абавязкова стаў бы самым адукаваным з усіх людзей, што жылі калі-небудзь.
Сімоне прыходзіў усё часцей. Праз некаторы час Антоніа ўсвядоміў, што іх заняткі праходзяць ужо па два, а то і па тры разы на тыдзень, прычым часам размовы іх доўжыліся ўсю ноч. Але, раскусіўшы маленькую хітрасць, Антоніа толькі ўсміхнуўся і нічога не сказаў хлопчыку. Ён стаў яму амаль як сын, якога стары з пяшчотаю і клопатам вучыў усяму, што ведаў сам.
Навучыўшыся чытаць, Сімоне падзяліўся з настаўнікам марай сабраць уласную бібліятэку. Маленькі пасыльны, нават калі б адкладваў ўсё заробленае, і за год не здолеў бы назапасіць хоць на адну кнігу. Таму Мальябекі час ад часу дарыў вучню кнігі, за якія той быў шчыра ўдзячны. А крыху пазней, калі хлопец падрос, стары ўладкаваў яго на службу ў бібліятэку, каб нішто не адцягвала Сімоне ад вучобы.
Раўняцца памяццю з настаўнікам Сімоне не мог, але, дзякуючы стараннай працы, ужо да дзевятнаццаці гадоў вывучыўся чытаць і пісаць на некалькіх мовах. Акрамя таго, ён мог пацягацца эрудыцыяй з многімі вучонымі мужамі горада. Веды настаўніка і ўседлівасць вучня прыносілі дзіўныя плады. Часам Сімоне станавіўся цалкам нелюдзімым і закрытым, паглыбляючыся на некалькі дзён, а то і тыдняў ва ўласныя разважанні, старанна нешта запісваючы. У гэтыя перыяды ён не наведваў нават свайго любімага настаўніка, які настолькі прывык да зносін з Сімоне, што ўсё цяжэй пераносіў доўгую разлуку з ім.
Амбітны фантазёр Сімоне гадамі выношваў планы, марыў пра штосьці большае, чым простае паглынанне кнігі за кнігай. Ён не жадаў, як геніяльны Антоніа, гібець кніжным чарвяком да старасці, маючы магчымасць дасягнуць большага. Яму хацелася чагосьці маштабнага, усёабдымнага, вялікаснага. Так, калі ў думках і на паперы сфарміраваліся больш ці менш выразныя планы, ён вырашыў падзяліцца імі са сваім сябрам і настаўнікам. Нягледзячы на даўняе сяброўства і блізкую сувязь, яму доўга было боязна, як успрыме яго ідэі Антоніа. Але, усё ж сабраўшыся з духам, аднойчы хлопец наважыўся раскрыць плён уласных спадзяванняў і памкненняў.
Малады Сімоне прапанаваў сабраць ды сістэматызаваць усе існуючыя веды на зямлі. Але ў адзіночку — ды і нават удваіх — гэтая задача выглядала недасяжнай і нават абсурднай. Падобная ідэя пацешыла Антоніа Мальябекі. Хто, як не ён, мог у поўнай меры разумець усю фантастычнасць падобнай задумы! Ён яшчэ здолеў бы зразумець, калі б падобнае прапанаваў нейкі дурань, што прэтэндуе на ўсёведанне, але Сімоне— яго вучань, якога Антоніа лічыў адным з самых разважных і разумных сярод гараджан! Аднак малады бібліятэкар супрацьпаставіў пярэчанням і сумневам старога настаўніка выразны план.
Сімоне мроіў пра нешта накшталт ордэна кніжнікаў, якія б сталі скрыптарамі ды захавальнікамі ўсіх ведаў чалавецтва, у тым ліку і самых таемных. Ён марыў пра магутны ордэн, улада якога была б заснавана на ведах. Сябе ж ён бачыў у якасці аднаго з яго правадыроў, гэткага егіпецкага жраца. Але пра гэтыя мроі ў размовах са сціплым і цнатлівым Антоніа ён, вядома, не згадваў.
Паводле задумкі Сімоне, першымі рэкрутамі ў ордэн павінны былі стаць самыя таленавітыя і разумныя сярод маладых фларэнційцаў, якія у далейшым павінны былі б выправіцца ў доўгія падарожжы ва ўсе канцы зямлі, каб знайсці ды запомніць усе магчымыя тэксты, перш за ўсё старажытныя. У Мальябекі падобная ідэя, нягледзячы на ўсе аргументы і падрабязныя планы, усё яшчэ не без падстаў выклікала сумневы. Было ў ёй нешта юнацкае, наіўнае і такое недасяжнае. Стары не верыў, што з гэтага што-небудзь магло атрымацца, ды і ўзрост быў ужо не той. Аднак, не жадаючы засмучаць палкую душу, якая ўжо паспела ўзнесціся на крылах натхнення, Антоніа пагадзіўся ўдзельнічаць у гэтым сумнеўным мерапрыемстве.
Заручыўшыся згодаю настаўніка, Сімоне адразу ж разгарнуў актыўную дзейнасць, натхнёна займаючыся адборам магчымых членаў будучага ордэна. Задача была не з простых. У адзіночку яму давялося праэкзаменаваць сотні маладых людзей. У першую чаргу ён адбіраў тых, хто валодаў найлепшай памяццю. Ужо праз месяц перад Антоніа паўстаў тузін юнакоў, да якіх Сімоне ужо даўно і грунтоўна прыглядаўся. Але, вядома ж, не ўсім з іх у далейшым выпадала стаць часткай яго грандыёзнага плана.
Сістэма адбору юнакоў праходзіла ў некалькі этапаў — Сімоне надзвычай грунтоўна падыходзіў да працэсу стварэння ордэна і адбору яго членаў. Таму праз два гады навучання з трынаццаці навабранцаў засталося толькі восем, якія здолелі дасягнуць найбольш значных вынікаў. Цяпер перад імі заставалася яшчэ тры гады навучання з Антоніа, пасля чаго адсеялася яшчэ чацвёра юнакоў.
Рафаэль, Бенісіа, Умберта і Сільвіа апынуліся ў ліку тых, на каго ўскладаліся асноўныя надзеі. Кожны з іх быў па-свойму ўнікальны. Так, Рафаэль адразу ж запамінаў усё прачытанае, убачанае і пачутае. Бенісіа дасягнуў такой хуткасці чытання, што ўжо неўзабаве здолеў бы пацягацца з самім Антоніа Мальябекі. Умберта чытаў крыху павольней, чым Бенісіа, і запамінаў трошкі горш, чым Рафаэль, але адрозніваўся асабліва гнуткім розумам і кемлівасцю. Сільвіа ж мог пахваліцца усімі пералічанымі вартасцямі. Ён, як ніхто іншы, быў падобны на Мальябекі, не толькі ў здольнасцях, але таксама ў звычках і манерах.
За пяць гадоў, якія яны правялі разам, вучні і настаўнікі так зрадніліся, што ўжо лічылі адзін аднаго не проста сябрамі, але сям’ёй. Для Сімоне гэтыя юнакі сталі братамі, для Антоніа — дзецьмі, нароўні з першым вучнем. Як і ў любой сям’і, тут таксама не абыходзілася без сварак і крыўдаў. Іх характары моцна адрозніваліся. Адзін быў надзвычай запальчывым, часам агрэсіўным, другі — спакойным і нават меланхалічным, трэці — хітрым і ашчадным, чацвёрты — баязлівым і нерашучым, але, нягледзячы на ўсю непадобнасць, яны любілі адзін аднаго. Здаралася, што і Сімоне — старэйшы з іх — як маленькае дзіця, раўнаваў старога сябра да маладых падапечных. Але падобнае доўжылася не доўга, бо ён быў досыць адыходлівы і велікадушны.
Канчатковая мэта навучання не з’яўлялася сакрэтам для Рафаэля, Бенісіа, Умберта і Сільвіа. Сімоне, аднойчы распавёўшы ім пра ідэі ордэна, паступова ўводзіў будучых яго членаў у свае далейшыя планы. За апошнія гады ён здолеў распрацаваць статут ордэна, яго знакі і атрыбуты.
Маладыя члены ордэна меліся выправіцца ў падарожжа так далёка, як толькі было магчыма, у пошуках старажытнай мудрасці. Кожнаму на гэта адводзілася каля пяці гадоў. Вярнуўшыся, сабраныя тэксты трэба было ўзнавіць па памяці, адначасова сістэматызуючы і запісваючы іх згодна з спецыяльна распрацаванай сістэмай, якая б дазволіла цэлыя кнігі змяшчаць у некалькіх абзацах. Распрацоўка падобнай сістэмы была ўскладзена на найстарэйшага і найразумнейшага з членаў наваяўленага ордэна. Калі б задумка ўдалася, стала б магчымым зашыфраваць усе тэксты чалавецтва ў адну кнігу. У такім выпадку ордэн здолеў бы, з аднаго боку, сабраць разам усе веды чалавецтва, пазбягаючы пры гэтым простага перапісвання тэкстаў. З другога боку, што яшчэ больш важна, таемныя веды можна было б зберагчы ад старонніх вачэй.
Ці меліся дзе-небудзь гэтыя самыя «таемныя веды», пра якія мроілі стваральнікі ордэна, ці ўдасца распрацаваць унікальную тэхніку шыфравання і ці скончыцца наогул, у канчатковым выніку, поспехам іх задума, ніхто не мог сказаць дакладна. Было ў гэтай ідэі многа недаказанасці, абсурду ды юначай наіўнасці, якую калісьці ўлавіў Мальябекі і якая з гадамі перастала заўважацца. На паверхні засталіся адно амбіцыі, заснаваныя, аднак, на надзеях і летуценнях.
Між тым у той перыяд перспектывы ордэна здаваліся досыць светлымі, а яго члены адчувалі сябе першапраходцамі і нават, у пэўным сэнсе, героямі.
Праз год, праведзены ў практычных зборах, Сімоне склікаў усіх членаў ордэна ў доме Мальябекі, які ўжо даўно ператварыўся для юнакоў ў святыню. Некалькі свечак, здольных у імгненне знішчыць гэтае месца і працу ўсяго жыцця яго ўладальніка, асвятлялі сход, надаючы яму належную загадкавасць. Ужо заўтра яны выпраўляліся ў дарогу. Гэта была іх апошняя сустрэча перад доўгім расстаннем.
Найперш Сімоне зачытаў статут ордэна. Затым зноў агучыў план далейшых дзеянняў яго членаў. Рафаэлю мелася адправіцца на поўдзень, Бенісіа на паўднёвы ўсход, Умберта на паўночны ўсход, Сільвіа на поўнач, Сімоне на захад. Так, прасоўваючыся ўсё далей і далей, ордэн, нібыта імперыя, што заваёўвае новыя тэрыторыі, захопліваў бы ўсё болей і болей ведаў. Мальябекі ж належала за гэтыя гады завяршыць распрацоўку таемнай мовы будучай кнігі.
Як і ў кожнага ордэна, у іх былі і свае атрыбуты. Сімоне падрыхтаваў і ўрачыста ўручыў кожнаму члену ордэна, у тым ліку Антоніа, залатыя пярсцёнкі з гравіроўкай імя яго ўладальніка і сімвалам ордэна — кнігай, заключанай ў цярновы вянок. Атрымаўшы ордэнскі знак, кожны прамаўляў клятву вернасці агульнай справе. Па завяршэнні ўрачыстай часткі сходу, усе шасцёра перайшлі да больш ці менш нязмушаных зносін, праглынулі сціплую вячэру ды трохі віна. Чым бліжэй падыходзіла развітанне, тым мацней нарастала ў кожным трывога. Нават віно не дапамагала расслабіцца. Здавалася, выпі яны хоць па бутэльцы кожны, ап’яненне так і не наступіла б.
Яны ўсклалі на сябе адказную місію. Хваляванне і страх перад невядомым з кожнай секундай усё глыбей пускалі карані. Ніхто, нават іх геніяльны настаўнік Мальябекі, не мог дакладна ведаць, што будзе там, у самым канцы, ніхто не мог сказаць, што будзе з кожным з іх праз два гады, год і нават месяц. Не было тут сэрца, у якім бы асцярога няўдалага зыходу не пусціла парасткі, але ніхто не адважваўся агучыць свае сумневы.
Справа была не ў тым, што яны чагосьці ці кагосьці баяліся. Хутчэй разумелі, што нават адно неасцярожнае слова здольнае разбурыць веру кожнага ў агульную місію, якая так зблізіла іх. Бо менавіта місія зрабіла іх і ордэнам кніжнікаў, і сям’ёй. Разбурыць веру, хай і хісткую, значыла страціць сям’ю, сяброў, страціць гэтых людзей, што сталі адзін для аднаго самым дарагім у жыцці. У любым выпадку, ім трэба было расстацца. Але гэта было не страшна, бо пасля вяртання яны стануць яшчэ бліжэй. Толькі прадчуванне будучай сустрэчы здольна было іх крыху падбадзёрыць.
Больш іншых трывога раздзірала Сімоне. Ён спрабаваў удзельнічаць у абмеркаваннях, паводзіць сябе нязмушана, але падоўгу, захоплены думкамі, нібыта застываў, гледзячы ў адну кропку. Магчыма, думаў ён, некаторыя не вернуцца, загінуўшы ў чужых краях. Некаторыя ж, расчараваўшыся альбо паддаўшыся спакусам, пакінуць ордэн. Зыход задуманага, як яму падавалася, цалкам ляжаў на ягоных плячах. Ён, можа, быў бы і рады адмовіцца ад прадпрыемства, але адступаць было занадта позна.
Ніхто, вядома, яго не асудзіў бы. Члены ордэна хутчэй з удзячнасцю і палёгкай прынялі б яго рашэнне застацца дома, у Фларэнцыі. Але Сімоне нёс адказнасць, перш за ўсё, перад самім сабой, перад сваім рашэннем. Ён ведаў дакладна: зрабі ён так — і больш не здолеў бы жыць у гармоніі з сабой. Паспрабаваць і прайграць было ў любым выпадку лепш, чым адмовіцца, не паспрабаваўшы, пад ціскам уласнай няўпэўненасці і нерашучасці.
Гэтай ноччу ніхто не мог пахваліцца моцным сном. А Антоніа Мальябекі і зусім прасядзеў да раніцы, не заплюшчваючы вачэй. Ён не быў, як звычайна, паглынуты чытаннем або роздумам пра кнігі. Яго душу напоўнілі настальгія і горыч, прадчуванне будучай адзіноты. Магчыма, яго вучні не хацелі заўважаць, што ён занадта стары для падобных задумак, але Антоніа быў упэўнены, што больш ніколі не ўбачыць сваіх хлопчыкаў. Таму ён смакаваў апошнія імгненні, пакуль вучні яшчэ знаходзіліся побач з ім.
Зранку, калі яшчэ толькі пачынала днець, а цела ахутвала лёгкая прахалода, усе шасцёра выйшлі на двор. Ледзь стрымліваючы пачуцці, без лішніх слоў, развітаўшыся з Антоніа і адзін з адным, маладыя кніжнікі разышліся кожны ў сваім напрамку. Сімоне, перамагаючы сябе, спрабаваў прайсці як мага далей. Слёзы набягалі аднекуль з глыбіні, захрасаючы камяком у горле. Ён пабег з усяе сілы, так хутка, як толькі мог. Не здолеўшы стрымацца, Сімоне расплакаўся. Затым спыніўся каля дрэва, прысеў на траву і, ужо не спрабуючы сябе суняць, зарыдаў. Ён адчуваў, як надыходзіць палёгка. Пакрысе ён супакоіўся, абцёр рукавом слёзы. Цяпер яму стала лягчэй, і Сімоне перапоўніла натхненне. Нарэшце адпусціўшы ўсю горыч і страхі, ён быў гатовы кінуцца ў бой, быццам леў.
Яго браты па ордэне, магчыма, ужо хутка прымуцца за працу. Іх стратэгія палягала ў тым, каб прасоўваючыся ўсё далей і далей знаходзіць новыя веды на сваім шляху, а дасягнуўшы мяжы, вярнуцца дадому. Але было цалкам не вядома, як далёка яны прасунуцца і колькі часу на гэта спатрэбіцца. У адрозненне ад іх, Сімоне планаваў адразу забрацца як мага далей. Ён хацеў перш дасягнуць апошняй магчымай кропкі падарожжа, толькі там прыняцца за працу, а затым рухацца ў напрамку Фларэнцыі. Так, здавалася, будзе прасцей, бо ён здолеў бы скласці план працы, акрэсліць, хоць прыкладна, часавыя рамкі. Усё гэта было немалаважна для натуры з такімі рацыянальнымі і ўладнымі рысамі. Акрамя таго, ведаць, што ўжо вяртаешся дадому, будзе нашмат прасцей, чым знаходзіцца ў няведанні, кожны дзень думаючы пра Радзіму і не ўяўляючы, калі зможаш зноў пабачыць дарагія сэрцу мясціны.
Праз некалькі месяцаў Сімоне здолеў дабрацца да Гішпаніі, адкуль збіраўся адплыць затым у Новую Гішпанію. Да гэтага часу сціплыя сродкі, што ён меў, якія Антоніа здолеў здабыць для іх ордэна, амаль скончыліся. Наяўнай сумы не хапала не толькі на далейшае падарожжа, але нават на тыднёвае пражыванне. Таму Сімоне прыняў рашэнне ненадоўга тут затрымацца і трохі падпрацаваць, каб назапасіць грошай для далейшага шляху. Доўга шукаць настолькі адукаванаму чалавеку не прыйшлося, аднак заробак быў не вельмі высокі. Маладому чалавеку ўдалося ўладкавацца памочнікам у адну з кніжных крамаў Мадрыда.
Нягледзячы на сітуацыю, Сімоне не губляў час марна, і ўжо ў Мадрыдзе ўзяўся за выкананне сваёй місіі. У вольны час працаваў у Каралеўскай бібліятэцы Эскарыёла. Праседжваў па пятнаццаць гадзін за сталом, «паглынаючы» кнігу за кнігай, зусім як дома. Ён праводзіў бы тут і цэлыя суткі, калі б не трэба было клапаціцца пра хлеб надзённы.
Ужо за некалькі першых месяцаў Сімоне прачытаў і запомніў амаль усе кнігі і рукапісы бібліятэкі. Дзіўны малады чалавек не мог не звярнуць на сябе ўвагу. Чуткі пра яго неўзабаве дасягнулі каралеўскага духоўніка Пэдра Робіна. Аднойчы ён нават асабіста прыбыў у бібліятэку, каб паназіраць і пазнаёміцца з эрудытам, чыя персона спарадзіла за такі кароткі перыяд мноства плётак і падазрэнняў.
Перад позіркам высокай асобы паўстала маленькая скурчаная фігура, акружаная высокімі стосамі кніг. Малады чалавек хутка гартаў старонкі. Скончыўшы гартаць адну кнігу, ён адразу пераходзіў да наступнай. Пэдра падобнае відовішча не захапіла, але раззлавала: навошта яго адарвалі ад важных спраў, ці не для таго, каб палюбавацца на непісьменнага вар’ята, што апаганьвае каштоўныя фаліянты сваімі бязглуздымі дзеянням?. Ён намерыўся выкінуць вар’ята і больш не пускаць, але найперш вырашыў прыстрашыць яго асабіста, настолькі велізарным было абурэнне каралеўскага духоўніка.
Але абурэнне адразу замяніла такое ж велізарнае здзіўленне, калі Сімоне спакойна, ні на момант не збянтэжыўшыся, прапанаваў на памяць працытаваць урывак з любой кнігі бібліятэкі. Зніякавелы, Пэдра Робін накіраваўся да самай далёкай шафы, адкуль, падняўшыся на драбінкі, дастаў з апошняй паліцы кнігу ў зялёнай вокладцы. Затым, асцярожна спусціўшыся, ён назваў старонку і абзац. Яго голас рэхам пачуўся па ўсёй зале. Пачакаўшы, пакуль стане ціха, Сімоне у сваю чаргу, як і абяцаў, агучыў зададзены ўрывак, ні разу не запнуўшыся. Тады духоўнік узяўся за другую, потым трэцюю кнігу. Агаломшаны, ён бегаў з боку ў бок, ад адной шафы вялізнай залы бібліятэкі да другой, па чарзе выцягваючы кнігі.
Праверка доўжылася амаль гадзіну, пакуль задыханы і стомлены ад летаніны Пэдра не прысеў побач. Нядоўга думаючы, ён прапанаваў маладому унікуму працу ў Каралеўскай бібліятэцы, план якой належаў яму і быў зацверджаны за два гады да гэтага каралём Філіпам IV. Сімоне таксама, доўга не разважаючы, адказаў згодай. Магчымасць паскорыць збор неабходных для далейшага падарожжа сродкаў без адрыву ад сваёй місіі была надзвычай дарэчы. На наступны ж дзень Сімоне прыступіў да працы на новым месцы.
У Гішпаніі ён планаваў затрымацца не больш чым на пару месяцаў, але прайшоў амаль год. За гэты час Сімоне прачытаў не толькі ўсе кнігі Каралеўскай бібліятэкі, але і ўсіх даступных прыватных збораў Гішпаніі. Яго фінансавае становішча таксама кардынальна змянілася. Зараз ён валодаў буйнымі грашовымі сродкамі, якіх, мабыць, хапіла б на некалькі гадоў падарожжаў па рэалізацыі місіі ордэна. Нягледзячы на гэта, Сімоне не спяшаўся адпраўляцца ў плаванне на іншы кантынент, знаходзячы ўсё новыя нагоды затрымацца. Так доўжылася некалькі гадоў, пакуль не мінула паловы адведзенага на місію часу. Тады Сімоне вырашыў прабыць у Мадрыдзе яшчэ некалькі месяцаў і ўсё ж адправіцца ў плаванне. Пакідаючы Фларэнцыю, члены ордэна разумелі, што тэрмін, адведзены на місію, дастаткова ўмоўны і мог вар’іравацца, павялічваючыся на некалькі гадоў. Ад спазнення Сімоне на два-тры гады нічога істотна не змянілася б. Магчыма, ён будзе нават не самым апошнім.
Прайшло паўгода, тры гады, дзесяць гадоў, але Сімоне, як і раней, працягваў працаваць у Каралеўскай бібліятэцы. Калі ён упершыню з’явіўся ў гэтым горадзе, то нават уявіць не мог, што сталіцу Гішпаніі будзе так складана пакінуць. У самім Мадрыдзе не было нічога асаблівага. Яго хутчэй прыцягвала новае палажэнне, якім ён не мог пахваліцца ў родным горадзе. Дома яму — выхадцу з беднай сям’і — даводзілася ўвесь час эканоміць, нават пасля таго, як Антоніа ўладкаваў яго працаваць у бібліятэку. На яго глядзелі не столькі з павагай, колькі са здзіўленнем, з цікаўнасцю, з якой глядзяць на дзіўнага заморскага звярка. Дома ў яго не было ні становішча ў грамадстве, ні грошай, ні славы, ні павагі. Тут жа Сімоне меў магчымасць ні ў чым сабе не адмаўляць, есці і піць, колькі і што пажадае, жыць у раскошных апартаментах. У Мадрыдзе ў яго з’явілася мноства прыяцеляў, знаёмых, якія ставіліся да яго са шчырай павагай.
Але прызнацца сабе ў сапраўднай прычыне затрымкі ён не адважваўся, перабіраючы апраўданні адно па адным. Сімоне спрабаваў пераканаць сябе, што задума з ордэнам, як лічыў некалі Антоніа, наіўная і дурная, што ніхто з місіянераў, хутчэй за ўсё, так і не вернецца. Часам яго адольвалі сумневы і пачуццё віны: а што, калі яны ўсё ж вярнуліся, што, калі ён апынуўся адзіным, хто падвёў ордэн? У любым выпадку, незалежна ад зыходу, яму не варта было здраджваць сябрам і старому настаўніку, ён мусіў вярнуцца ў прызначаны тэрмін. Чым хутчэй бег час, тым мацней яго апаноўвалі пакуты. Душэўны боль быў настолькі моцным, што Сімоне нарэшце вырашыў вярнуцца дадому, да сваіх бацькоў, якіх пакінуў у няведанні, сяброў і настаўніка, якія так і не дачакаліся яго.
Мінула шаснаццаць гадоў з таго часу, як малады Сімоне пакінуў Радзіму. Ён адчуваў сябе тут ужо чужым. Шмат што змянілася. Вялікіх намаганняў каштавала рашэнне вярнуцца, але яшчэ большых высілкаў патрабавала сустрэча з бацькамі, Антоніа і іншымі членамі ордэна. Вярнуўшыся, ён арандаваў сціплыя, але годныя апартаменты. Хваляванне суправаджала яго несупынна, што б ён ні рабіў, куды б ні пайшоў. Таму, не адкладаючы, на наступны ж дзень Сімоне выправіўся да блізкіх. Магчыма, ён на гэта ніколі і не адважыўся б, каб ведаў, што яго чакае.
Перш на яго абрынулася вестка пра смерць бацькоў. Бацька спачыў праз тры гады пасля таго, як Сімоне, нічога не паведаміўшы і не развітаўшыся з бацькамі, пакінуў Фларэнцыю. Маці да апошняга спадзявалася на вяртанне сына, але, так і не дачакаўшыся яго, памерла пяць гадоў таму. Затым высветлілася, што яго настаўнік Антоніа памёр ўсяго праз год пасля іх развітання. Сімоне спрабаваў даведацца хоць штосьці пра Рафаэля, Бенісіа, Умберта і Сільвіа, але ніхто не здолеў нічога прыгадаць.
Засмучаны і паглыблены ва ўласныя думкі, Сімоне доўга блукаў па горадзе і апынуўся непадалёк ад месца, дзе раней жыў Мальябекі. Сыходзячы ўсё далей ад дома настаўніка, Сімоне натрапіў на дрэва, пад якім плакаў шмат гадоў таму, пакідаючы Фларэнцыю, развітваючыся з усім, што было яму гэтак дорага.
Перад вачыма пранеслася карціна ранейшай жыцця: знаёмства з Антоніа, праца ў бібліятэцы, апошні вечар з сябрамі. Успаміналася толькі лепшае, самыя цёплыя моманты. Ён зноў, як у тую раніцу, прысеў пад дрэвам. Саракагадовы мужчына плакаў, быццам маленькі хлопчык. За ўсё жыццё ён плакаў тры-чатыры разы. Сімоне было горка і сорамна. Сорамна за здраду бацькам, за тое, што пакінуў іх і збег, за тое, што так і не сказаў, як любіць іх. За тое, што ў апошні момант жыцця яго бацькі засталіся зусім адны. Сорамна за здраду не толькі сябрам, але і Антоніа. Ён ведаў, што ўжо ніколі не здолее загладзіць віну, таму адмовіўся ад задумы шукаць астатніх членаў неіснуючага ордэна. Яму было страшна ўявіць, што аднойчы лёс зноў звядзе яго з кім-небудзь з чатырох, што яму давядзецца паглядзець сваёй ганьбе ў вочы.
Увесь астатні дзень ён правёў у апартаментах, нерухома седзячы за сталом. Сімоне, не адрываючыся, глядзеў у акно. На вуліцы і ў пакоі цямнела, але ён нават не запаліў камін, працягваючы глядзець у цемру. У поўным змроку ён прасядзеў да самай раніцы, пакуль першыя промні сонца зноў не асвятлілі пакой.
Усё вакол знікла, усё адышло для яго ў нябыт, у той час як у душы адбываліся найглыбейшыя змены, пасля якіх ранейшы Сімоне памер і адрадзіўся зноў, нібы Фенікс. З ім былым загінулі ранейшая цікавасць да жыцця, амбіцыі, азарт. Усю яго сутнасць паглынула суцэльная беспрасветная меланхолія.
Сімоне больш нічога не трымала ў гэтым горадзе, і ён прыняў рашэнне вярнуцца ў Гішпанію. Перад ад’ездам яму хацелася апошні раз убачыць бібліятэку, кожную кнігу якой ён ведаў на памяць. Усе кнігі сваёй багатай калекцыі — амаль пяцьдзясят тысяч кніг і рукапісаў — Антоніа пакінуў у спадчыну гораду. Зараз калекцыя захоўвалася ў фларэнційскай Лаўрэнцыяне.
Як і дваццаць сем гадоў таму, рукі дрыгатліва перабіралі старонкі. Сімоне прынюхваўся да кніжнага паху, адчуваючы сябе трынаццацігадовым хлопчыкам. Унутры станавілася цёпла і лёгка.
На адной з паліц яго ўвагу прыцягнуў вялікі рукапіс у чорным пераплёце, якога раней не было ў доме Антоніа. Магчыма, ён набыў яго незадоўга перад смерцю. Тэст быў напісаны лацінскімі літарамі, але не на латыні. Штосьці ў ім здавалася незвычайным, але Сімоне ніяк не мог зразумець, што іменна. Ён хутка гартаў кнігу, спрабуючы зразумець хоць бы слова. У некаторых месцах трапляліся урыўкі, напісаныя не толькі лацінскім пісьмом, але і нейкімі невядомымі яму значкамі. Толькі цяпер у яго паўстала здагадка, што урыўкі або зашыфраваныя, або пісаліся з выкарыстаннем некалькіх моў. Няўжо Антоніа ўсё ж такі здолеў распрацаваць новую пісьменнасць? Але, у такім выпадку, што гэта? Калі апісанне сістэмы пісьма, то чаму яно было такім аб’ёмным? Калі ў руках у яго была тая самая кніга, дзеля якой быў створаны ордэн, то чаму яго таварышы вярнуліся так рана і чаму кніга апынулася тут? Сімоне задаваўся дзясяткамі пытанняў, забыўшыся на некаторы час пра нядаўняю меланхолію. Рукі мужчыны адолела дрыготка. Што, калі ў руках ён трымаў найвялікшыя таямніцы на зямлі?..
Усю ноч Сімоне зноў не спаў, няспынна думаючы пра сваю знаходку. На наступны дзень ён цвёрда намерыўся займець дзівосны тэкст. У бібліятэцы, як і ўсюды, не абыходзілася без людзей, не надта чыстых на руку. Таму Сімоне было нескладана, падкупіўшы аднаго з наглядчыкаў, вынесці схаваны пад вопраткай рукапіс. У той жа дзень ён пакінуў Фларэнцыю назаўсёды і адправіўся ў Гішпанію, на сваю новую радзіму. Кнігу, як гэта нярэдка робяць з каштоўнасцямі, Сімоне схаваў як мага глыбей сярод рэчаў. Зноў прыняцца за яе вывучэнне ён рызыкнуў толькі ў Мадрыдзе.
Сімоне закінуў працу ў бібліятэцы, марнуючы ўвесь час на спробы разгадаць рукапіс. Праходзілі дні і месяцы, а ён, з усёй сваёй эрудзіраванасцю, так і не здолеў прасунуцца наперад. Меланхолія, некалі заглушаная знаходкай, цяпер ізноў адраджалася, усё мацней паглынаючы Сімоне. Толькі віно было здольнае трохі яго разварушыць, надаць густ новаму жыццю. Неўзабаве ён ужо піў амаль увесь дзень. Перш цнатлівы і аскетычны, бібліятэкар пачаў шукаць суцяшэнне ў алкаголі, картах і жанчынах.
Ён прачынаўся ўжо не на світанні, а бліжэй да поўдня, праводзячы яшчэ некаторы час у ложку, зрэдку прыпадымаючыся, каб запіць брыдкі прысмак выпітага напярэдадні. Затым Сімоне ўставаў, спусташаў бутэльку віна і адпраўляўся гуляць або наведваў адну са сваіх палюбоўніц. Часам і іх яму станавілася мала. У такія перыяды ён цягаўся па самых бедных раёнах у пошуках бацькоў, гатовых за вялікую плату аддаць чужынцу сваю дачку на знеслаўленне. Тыя ў сваю чаргу, знаходзячыся на мяжы галечы, нярэдка згаджаліся, хапаючыся за апошнюю магчымасць выжыць, і прыводзілі ўласных дачок у апартаменты Сімоне, дзе той сілай авалодваў як дзяўчатамі, так і дзяўчынкамі. Самай малодшай з ягоных ахвяр было каля васьмі гадоў, а самай старэйшай — пятнаццаць.
У няспынных гулянках грошы, некалі заробленыя цяжкай працай у Каралеўскай бібліятэцы, раставалі, нібы снег у летні сонечны дзень. Калі сродкі ўсё ж скончыліся, а ўсе каштоўныя рэчы былі прададзеныя, Сімоне навучыўся жыць у доўг. З некалі элегантнага і станістага маладога чалавека ён паціху ператварыўся ў нахабнага агіднага п’яніцу. Яго адзенне было пакрытае ліпкім брудам, ад строгай акуратнай прычоскі не засталося і следу, а смурод быў адзіным, што ўсюды суправаджала Сімоне. Нават прыяцелі, якіх ён цяпер толькі зрэдку сустракаў дзе-небудзь на вуліцы, не пазналі яго.
Аднойчы, позна ўначы, Сімоне быў заспеты каля дома адным з бацькоў яго чарговай маленькай ахвяры, з якім ён так і не здолеў разлічыцца. Не знайшоўшы, чым пажывіцца, раз’юшаны мужчына перарэзаў Сімоне горла. Так нерамантычна і бясслаўна перапынілася жыццё некалі жыццярадаснага і амбіцыйнага хлопчыка, што шмат гадоў таму пагрукаў у дзверы вялікага бібліятэкара, і што апаганіў ўласнаручна сваё жыццё. Астатнюю маёмасць, якая засталася, арэндадаўца апартаментаў Сімоне усё ж здолеў прадаць у кошт доўгу. Была прададзеная і загадкавая кніга з бібліятэкі Антоніа, якой мелася ў бліжэйшы час змяніць яшчэ мноства ўладальнікаў.
Перш яна трапіла ў рукі да кнігагандлёўца, якога звалі Хорхе, што неўзабаве перапрадаў яе гідальга па імені Альварэс. Той прайграў яе свайму прыяцелю Джону, ангельцу па паходжанні, які падарыў кнігу сыну Герберту. Праз восем гадоў, падчас знаходжання Герберта ў англійскім горадзе Эксэтэр, кнігу ўкраў злодзей, якога звалі Том. Ён, у сваю чаргу, прадаў яе калекцыянеру па імені Джордж. Калі ж надышлі цяжкія часы, Джордж заклаў кнігу Бенедыкту — знаёмаму сябра траюраднага брата ягонай жонкі, так і не здолеўшы выкупіць кнігу назад. Бенедыкт, у сваю чаргу, умудрыўся згубіць фаліянт, праязджаючы праз горад Сан-Мало, дзе кнігу падабраў афіцэр Альфрэд.
Менш чым за дзвесце гадоў кніга змяніла больш за дваццаць уладальнікаў, пабываўшы ў мностве еўрапейскіх гарадоў. Часам яна доўга ляжала на паліцах з іншымі кнігамі, забытая ўладальнікам, нібы занядбанае дзіця. Бывалі і такія ўладальнікі, што пяшчотна краналіся яе старонак з дня ў дзень, спрабуючы хоць б наблізіцца да таямніцы рукапісу. Для адных яна не адрознівалася ад смецця, для іншых жа служыла рэліквіяй. Толькі некаторыя здзяйснялі нясмелыя спробы разгадаць, што на самай справе было схавана пад вокладкай, але ўсе як адзін цярпелі няўдачу за няўдачай. Пасля доўгіх падарожжаў кніга трапіла да швейцарскага гандляра, у якога яе выкупіў і прывёз у Нясвіж Антоній Альбрэхт з роду Радзівілаў.
Уплывовы палітык і дыпламат, прадстаўнік аднаго з найвялікшых беларускіх родаў наведваў у 1918 годзе еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку і Швейцарыю, для забеспячэння дыпламатычнай падтрымкі нядаўна створанай Беларускай Народнай Рэспублікі. Новы набытак павінен быў заняць годнае месца ў Нясвіжскай бібліятэцы. У момант пакупкі Антоній Альбрэхт не змог ацаніць каштоўнасці кнігі, не ведаў яе паходжанне і ўзрост, але ўсё ж аддаў за яе досыць вялікую суму. Варта было ўзяць рукапіс у рукі, як Антоній адчуваў цеплыню, што разлівалася па целе, і нішто вакол у гэтыя імгненні не было здольна парушыць яго спакой і заміранасць. Нешта таямнічае і зачаравальнае суправаджала знаходку Антонія Альбрэхта.
Пасля яго смерці ў 1935 годзе вялікую спадчыну перадапошняга ардыната Нясвіжа атрымаў малодшы брат Леан Радзівіл, які і стаў новым уладальнікам кнігі. Ён быў чалавекам лагодным і адкрытым. Як і многія прадстаўнікі свайго роду, ён не толькі цікавіўся, але і займаўся мастацтвам. Мабыць, варта адзначыць, што па дзіўным збегу абставін рукапіс, знойдзены ў Швейцарыі, усё яшчэ не быў занесены ў бібліятэчныя каталогі Нясвіжскага палаца. Пра існаванне кнігі Леан даведаўся ад аднаго служачага, што працаваў у брата. Той не толькі займаўся працай у бібліятэцы Радзівілаў, але быў таксама захавальнікам кнігі. Пры жыцці Антонія Альбрэхта пра яе ведалі толькі яны двое.
Леана падобныя акалічнасці здзівілі, і ён вырашыў падысці да вывучэння старажытнага рукапісу як мага больш грунтоўна, перш чым уносіць яго ў каталогі. З гэтай мэтай ён нават звязаўся з некаторымі еўрапейскімі даследчыкамі. Але і ў Леана рукапіс не затрымаўся на доўга усяго толькі на чатыры гады. Даследаванню так і не наканавана было адбыцца. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, 17 верасня 1939 года Нясвіж быў заняты салдатамі Чырвонай Арміі. Леан быў арыштаваны, і яго з сям’ёй вывезлі ў Маскву, а палац, што некалі быў адным з самых багатых і пышных у Еўропе, чарговы раз за сваю гісторыю падверглі варварскаму рабаванню.
На кароткі час кніга трапіла ў рукі камкора Чырвонай Арміі Аляксандра Міхайлавіча, які падараваў яе ў знак удзячнасці маскоўскаму навукоўцу — Віктару Сямёнавічу — пад чыім кіраўніцтвам працаваў ягоны сын Юрый. Неўзабаве камкор быў прызнаны ворагам народа і расстраляны. Аляксандр апынуўся адным з многіх, хто памёр у хуткім часе пасля таго, як стаў уладальнікам старажытнай кнігі, таямніцу якой так ніхто яшчэ і не здолеў разгадаць.
Ці была ў гэтым нейкая містыка або проста выпадковасць — вызначыць немагчыма.
Аўтар пра твор
Фігура Антоніа Мальябекі захапіла мяне даўно. Інфармацыя, веды —каштоўны рэсурс і сёння, у эпоху Інтэрнэта, не кажучы пра перыяд, калі такіх сродкаў камунікацыі не існавала. Чалавек з падобнымі здольнасцямі — гэта вялікая сіла. А што, калі такія людзі аб’яднаюцца ды стануць яшчэ большай сілай?.. Разважанні далі штуршок да напісання апавядання. Але гэта датычыцца сюжэтнай лініі. А вось расповед пра сутнасны бок апавядання я перакладаю з сябе на чытача.