Пераглядаючы ўжо напісанае, заўважыў, як істотна змяніліся стыль і манера пісьма: ад кароткіх малазмястоўных допісаў, якія наўрад ці будуць каму-небудзь цікавыя, да вялікіх і падрабязных тэкстаў, якія, у прынцыпе, калі іх упарадкаваць, можна смела аддаваць у друк. Але рабіць гэтага, прынамсі цяпер, я не збіраюся — наўрад ці каго-небудзь зацікавяць прыватныя рэчы з жыцця простага чалавека. Але я разумею, што менавіта дзякуючы дзённіку я вырас прафесійна. І гэтым досведам хачу падзяліцца з вамі. Хоць, безумоўна, я не адзіны такі.

Сам па сабе дзённік, як літаратурная форма, нарадзіўся вельмі даўно. Можна меркаваць, што акурат тады, калі чалавецтва атрымала пісьменнасць. Чалавек заўжды імкнуўся адлюстраваць сваё жыццё і перадаць нашчадкам свой досвед. Нешта мо і прыпісаць — сабе ці свайму народу. Напрыклад, зрабіць мінулае больш гераічным. Узяць хоць бы старажытныя летапісы…

З часам вядзенне дзённіка стала прэрагатывай вышэйшых саслоўяў, розных дваран, чыноўнікаў, афіцэраў. Простым сялянам было не да дзённікаў. Дзякуючы гэтым запіскам мы можам вывучаць гісторыю паўсядзённасці з розных бакоў, пад рознымі ракурсамі. Спрабаваць асэнсаваць, накладаючы напісанае асобным чалавекам на глабальныя працэсы гісторыі.

Узяць хоць бы паўстанне Кастуся Каліноўскага. Захаваліся мемуары як непасрэдных удзельнікаў, так і тых, хто займаўся яго падаўленнем. І там і там ахвотны можа знайсці багаты факталагічны матэрыял. Можна павучыцца пісаць самому, а можна знайсці нешта для твора — калі ёсць жаданне пісаць пра тую слаўную эпоху.

Натуральна, што запісы простых людзей не такія цікавыя, як запісы публічных асоб. Але ўсе мы, прынамсі, большасць з нас, нараджаемся ў самых звычайных сем’ях. І кожны мае шанц стаць вядомым. Як гэта зрабіць? Як дабіцца поспеху? За што варта брацца, якіх памылак не трэба дапускаць? Адказы на ўсе пытанні можна знайсці ў ранніх дзённіках вядомых пісьменнікаў і паэтаў.

Узорнымі ў гэтым плане мне бачацца дзённікі Максіма Танка, якія апублікаваны ў 9 і 10 тамах поўнага збору твораў паэта. Іх можна адшукаць без праблем у сталічных кнігарнях. У сваіх запісах Максім Танк паўстае ў розных абліччах: і простага віленскага хлапца, і рэвалюцыянера, і вандроўніка, і літаратара, і дзяржаўнага дзеяча. А на іх старонках сустракаюцца знакавыя фігуры не толькі беларускай або савецкай гісторыі, але і сусветнай. Ну хоць бы Фідэль Кастра — асоба сапраўды легендарная.

Дзённікі Максіма Танка пачыналі публікаваць пры яго жыцці. Найбольш вядомыя — «Лісткі календара», прысвечаныя галоўным чынам яго жыццю ў міжваеннай Вільні. Яны вытрымалі некалькі выданняў і перакладаліся на рускую ды польскую мовы. Гэта бадай лепшае, што было напісана беларусам пра сталіцу былога Вялікага Княства ў перыяд паміж сусветнымі войнамі. Каб пераканацца ў гэтым, паспрабуйце гэтую невялікую кнігу прачытаць.

Такім чынам, весці дзённік карысна з некалькіх прычын:

— вы зможаце назаўжды захаваць дэталі. Добрая памяць — гэта добра, а занатаваная канкрэтыка — яшчэ лепш! Уявіце, што ў будучыні вы захочаце напісаць твор пра свае дзяцінства або маладосць. Аднавіць эпоху будзе прасцей па дзённіку, чым без яго;

— пракачаеце ўзровень уласнага майстэрства. Дастаткова некалькі хвілін траціць штодня на яго, каб з цягам часу гэтая справа пачала прыносіць не толькі асалоду, але і дывідэнды — вы гарантавана станеце пісаць лепш. Па гэтым прынцыпе працуюць спартоўцы, якія рэгулярна ходзяць у трэнажорны зал, каб трымаць цела ў форме. Рэжым — аснова ўсяго. І літаратура не выключэнне!

— будзеце мець гатовы твор. Незаўважна самі для сябе напішаце кнігу ў стылі нон-фікшн, які цяпер з’яўляецца адным з найбольш папулярных і запатрабаваных у свеце. Прыйдзе час, і для вашай кнігі знойдзецца выдавец.

Яскравы прыклад спалучэння ўсіх трох прычын — кніга Ніла Гілевіча «У віры быцця», якая пабачыла свет у 2015 годзе ў выдавецтве «Кнігазбор». Аўтар сабраў свае запісы розных гадоў, прысвечаныя самым розным справам. І атрымаўся гэты дзённікавы збор. Зусім нядрэнны.

Хто ведае, кім станеце вы і што напішаце праз 10, 20, 30 гадоў? Не марудзьце! Пачынайце пісаць! Ужо сёння!

Не так даўно злавіў сябе на думцы, што ўжо тры гады запар вяду дзённік. З таго самага часу, як пачаў больш-менш актыўна друкавацца. Зазвычай занатоўваю ў ім найбольш важныя для мяне моманты: дзе быў, што бачыў, што напісаў, з кім сустракаўся. Каб не забыцца…