Паэтычны размоўнік, або Як правільна сцяліць дыванок
Адказ на большасць пытанняў, звязаных з прыродай паэзіі, я традыцыйна пачынаю з тэзісу аб тым, што паэзія ёсць асобай формай існавання мовы — або нават асобнай мовай, у якой, як і ў любой іншай мове, ёсць свой асобны слоўнік і граматыка і да якой — што асабліва істотна — не прыстасоўваюцца наўпрост тыя самыя правілы, якія з’яўляюцца для нас асновай разумення звыклай нам, штодзённай, мовы. Або шэрагу іншых — натуральных ці штучны — моў, якія, зноў жа, выяўляюць свае ўласныя непаўторныя сістэмы. І ўсё нібыта проста і відавочна ў гэтых развагах, але як толькі справа даходзіць да рэальнай паэтычнай практыкі, многія — як чытачы, так і паэты — дэманструюць пэўнае цемрашальства ў справе стварэння, прачытання і ацэнкі вершаванага твора.
Падставовая прычына гэтага непаразумення бачыцца мне ў прэтэнзіі людзей на безумоўнае чытанне паэзіі і ўзаемадзеянне з ёй, не падмацаванае неабходнымі для гэтага канструктыўнымі і інтэрпрэтацыйнымі навыкамі. Чамусьці, з нейкай невядомай мне прычыны, у недастаткова абазнаных колах пануе непарушная пераканасць у тым, што паэтычны тэкст — прадукт масавага спажывання, у які апрыёры павінны быць закладзены перадумовы для хуткага і бесперашкоднага яго засваення. У той час як нам не прыходзіць да галавы праграмаваць, не ведаючы мовы праграмавання, ці камунікаваць з кітайцам, не валодаючы кітайскай, мы чамусьці лічым цалкам апраўданым адкрыць кнігу вершаў без якой–кольвек, нават чыста ўнутранай, падрыхтоўкі і, абурыўшыся нахабнымі аўтарскімі містыфікацыямі, пагардліва хмыкнуць і закрыць кнігу з пачуццём найглыбейшай маральнай задаволенасці. Вы спытаеце мяне: а дзе ж тады можна купіць кішэнны паэтычны размоўнік? Я вам адкажу: а нідзе. Такіх няма — і правільна, што няма. Бо шлях да паэзіі — марудны і цярністы, як паломніцтва да сваёй унутранай святыні. І ніводны падручнік не дасць вам прамых інструкцый, як туды дабрацца, бо кожны ідзе сваім уласным шляхам, такім жа пакручастым, як і сама паэзія.
Тым не менш, нягледзячы на тое, што перадумова духоўнага пошуку — найважнейшая з перадумоў не толькі на шляху да паэзіі, але і на любым шляху, усё–ткі перад тым, як выйсці ў астрал, не зашкодзіла б спярша рассцяліць на падлозе дыванок. Я не прэтэндую на тое, каб указваць вам слушны накірунак у вашым асабістым пошуку, пагатоў што я сама яшчэ толькі на пачатку свайго ўласнага шляху, але, падаецца, я дакладна ведаю, як правільна сцяліць дыванок, каб пасадка па–любому была мяккая.
Віно ў келіху, або План зместу і план выражэння
Калі нехта ўрачыста заяўляе, што паэзія была прыдуманая, каб «выражаць чалавечыя эмоцыі», у мяне пачынае торгацца вока. Напэўна, калі зладзіць апытанку на прадмет задач паэзіі, гэты ўлюбёны ўсімі стэрэатып зойме першае месца сярод найбольш частых варыянтаў адказу. І як тут не прыгадаць Малармэ з яго ўжо хрэстаматыйным выказваннем: «Паэзія робіцца са слоў, а не з ідэй».
Калі я была маленькая, я займалася нечым накшталт «інтуітыўнага пісьма»: са словамі я рабіла прыблізна тое самае, што робяць дзеці, калі ўчыняюць на паперы дзівосную, ні з чым не параўнальную па сваёй энергіі мазню разнастайнымі фарбамі. Мяне не цікавілі ніякія там задачы і, тым больш, метады, у тыя імгненні я не мела ніякай «аўтарскай інтэнцыі» ў тым сэнсе, што я не мела на мэце нічога, што сягала б за берагі плыні маёй паэтычнай свядомасці. Увогуле, за жаданнем нешта выразіць заўжды стаіць канкрэтная камунікатыўная мэта. І любое — непаэтычнае — выказванне падрыхтавана пэўным інтэлектуальным прататыпам, які знаходзіцца ў галаве прамоўцы яшчэ да таго, як акт маўлення будзе спраўджаны. Гэта справядліва ў дачыненні да звычайнай камунікацыі, але толькі часткова — у дачыненні да камунікацыі паэтычнай. Таму што ля вытокаў паэзіі ляжыць моватворчы інсайт, які магчымы выключна праз непадрыхтаванае, «непрататыпічнае» выказванне.
З цягам часу ад маёй дзіцячай непасрэднасці мала што засталося. Быў перыяд, калі, насуперак усім запаветам, я пісала ідэі і пісала ідэямі. Мяркую, я не вельмі моцна перабольшу, калі скажу, што да таго, як нешта было перанесена на паперу ў паэтычным афармленні, яно ўжо існавала ў маёй галаве ў выглядзе амаль цалкам артыкуляванага канцэпту. І гэта азначае нішто іншае, як паэтычнае самагубства — бо тое, што ўжо было выказана і наогул можа быць выказанай звычайнай мовай (няхай і ў галаве), ад пачатку пазбаўлена паэтычнасці, хаця б і прыпудранае рыфмай.
Асэнсаванне многіх тонкасцей паэтычнай творчасці прыйшло да мяне як з інтэнсіўным практычным досведам, так і з тэарэтычнай дасведчанасцю. У думках я дагэтуль часта пераношуся ў дзяцінства, каб здагадаць тую цнатлівую плынь, пад уладу якой я цалкам сябе аддавала. І хаця цяпер у маім распараджэнні, безумоўна, знаходзіцца нашмат больш дасканалы творчы інструментарый, гэтыя ўспаміны служаць адным з рэсурсаў, якія падтрымліваюць унутраны паэтычны агонь.
Прыняты ў семіётыцы падзел знака на план зместу і план выражэння грунтуецца на ўмоўнасці сувязі паміж яго зместам і формай і, строга гаворачы, не падыходзіць для апісання структуры паэтычнага знака. Калі ў першым выпадку абодва планы — гэта два бакі медаля, то ў выпадку з паэзіяй план зместу і план выражэння — гэта два бакі стужкі Мёбіуса, якія, як мы добра ведаем, па факце з’яўляюцца адным. І калі ў штодзённым маўленні форма стабільна служыць выражэнню зместу, то ў паэзіі ўвогуле не існуе ніякай знакавай падначаленасці. Ні змест, ні выражэнне — нішто з гэтага не ёсць першасным або другасным, і нельга сказаць, адкуль усё–ткі пачынаецца стужка Мёбіуса: з гэтага боку ці з таго.
З гэтага вынікаюць дзве важныя высновы. Па–першае, нельга «наліць» нейкую ідэю або пачуцце ў рытмізавана–рыфмаваную «пасудзіну» і назваць гэта паэзіяй. Таму што віно можа існаваць асобна ад келіха, як і келіх ад віна; ідэя можа існаваць асобна ад знака (хаця і не заўсёды), а вось змест ад формы і форма ад зместу ў вершы — пардон, ніяк. І па–другое, у гэтай сувязі ўяўляюцца глупствам спосабы інтэпрэтацыі паэтычных тэкстаў, якія скіраваны на «выкрыццё» нейкіх таямнічых сэнсаў, што «хаваюцца» за мудрагелістымі або, наадварот, простымі словамі. Да паэзіі, дзе сэнс і форма ёсць адным цэлым, ды яшчэ і вывернутым шыварат–навыварат, патрэбныя іншыя падыходы, іншая герменеўтыка, якую людзі шукалі здавён і працягваюць шукаць дагэтуль.
Для мяне ідэя вербалізаванага пачуццёвага ўсплёску толькі судакранаецца з глыбінным азначэннем паэзіі і ні ў якім разе не пакрывае яго. Зыходзячы з асабістага вопыту, я магла б апісаць паэтычную творчасць, хутчэй, як адухоўленае моўнае рамяство, у якім нястрымная нумінозная плынь утаймоўваецца і ўраўнаважваецца жорсткай маўленчай дысцыплінай і ахайнасцю. Таму я надаю такое вялікае значэнне спрадвеку ўласцівай паэзіі матэматычнасці выражэння, бо строгасцю формы паток не знявольваецца, як прынята думаць, а дасягае ў ёй сваёй найвысакароднейшай праявы. І свабодныя формы, безумоўна, — прывілея тых, хто спярша па–майстэрску авалодаў як мінімум паэтычнай арыфметыкай.
У гэтай невялічкай занатоўцы я — досыць сумбурна — паспрабавала абазначыць невялічкую частку праблем з абшару сучаснай паэтыкі, якія мне хацелася б закрануць у далейшым больш дэталёва. Я ні ў якім разе не прэтэндую на агучванне ісціны ў апошняй інстанцыі ў гэтых пытаннях, бо яе няма і не можа быць. Мая галоўная задача — выклікаць у чытача, будзь тое знаўца або далёкі ад паэзіі чалавек, жывы інтарэс да праблем сучаснай паэзіі і звярнуць яго ўвагу на ўсю прыгажосць досведу судакранання з крыніцай паэтычнага мастацтва.
Кацярына Масэ