Настасся Нарэйка
нарадзілася 28 кастрычніка 1986 года ў Маладзечне. Працуе журналістам. Аўтар зборніка вершаў «Магдэбургскае права маёй душы» (2013). Заўсёды з асаблівым хваляваннем чакае восені (у прыватнасці — кастрычніка) з той прычыны, што гэты месяц, як ні дзіўна прагучыць, самы цёплы. Бо ў кастрычніку казка, расказаная на печы глыбокім, змрочным вечарам, сагравае так, як ніколі…
Гарачыя кветкі кастроў
* * *
Усё пачалося з сякеры,
Сякерай скончыцца сёння.
Вочы адвыклі ад сонца,
Рукам кайданоў не хапае.
Я помню доўгія ночы,
Што гарэлі ў пажары бяссоння,
Калі пад падушкай клубочкам
Згарнулася стома тупая.
Скачуць прывіды цемры,
Хрыпам заходзяцца коні.
Ніхто ў свеце не чуе
Глухога дыхання майго.
Ноч сон з мяне вырывае,
Як цвік з халоднай далоні,
Што за гады пакуты
Прызвычаілася да яго.
Грэх страшэнны, пякельны
Плавіцца воскам чырвоным,
Сцякае мне на сукенку,
Разлітую па падаконні.
Ноч выбірае пакуты.
Я выбіраю праклёны.
Усё пачалося з сякеры.
Сякерай скончыцца сёння.
Кінжал памяці
— Я думала, сэрца не можа
Сыходзіць чужою крывёю.
Я думала, нельга ад болю
Чужога і чорнага выць.
Я думала так да таго,
Як сядзела з табою,
Чытала па вуснах гарачых
Бясконца: баліць!
Выла, спявала завея
Белай тваёй ліхаманкай.
Белых бінтоў павуцінне
Крэсліла чорная кроў.
Я занавешваю зноўку
Холад старэнькай фіранкай,
Я раскладаю ў каміне
Гарачыя кветкі кастроў.
Лязо кінжала тупога
З грудзей тваіх я дастала.
— Кіньце яго ў палонку,
У ледзяную ваду.
— Не. Я пакіну на памяць
Гэта маленькае джала,
Кнігу, што вам чытаю,
Сёння я ім закладу.
— Нашто?
— Я яму ўдзячна,
Яму і таму вар’яту,
Які вам зрабіў балюча
І да мяне прывёў.
Магчыма, яго сустрэну
І працягну адплату,
Кіну — пальецца долу
Густа-праклятая кроў.
Боль твой здаецца лёсам,
Ён робіць сінія вочы
Чорнымі, нібы ночы,
Чорнымі, нібы вуглі.
Не бойся. Я ўратую.
Мы тою сцежкай пакрочым,
Якою па двое вякамі
Да светлага шчасця ішлі.
Я думала, сэрца не можа
Плавіць каханне з адчаю,
Са шкадавання сляпога,
З болю, з якім не пражыць.
Я думала так дарэмна.
Цяпер я цябе кахаю.
І кроў твая з гэтай раны,
Бы з сэрца майго, бяжыць.
Я думала, сэрца не можа
Гаіць незагойныя раны.
Я думала, сэрца не зможа
Перажыць камення абвал.
Не кахаеш мяне? Сыходзіш?
О, мой на вякі абраны!
Ты помні: ляжыць у кнізе
Тупы і халодны кінжал.
* * *
Як Рагнеда
Аберуч
Нож
Упэўнена,
Моцна
І цвёрда,
Так трымаю цябе.
І ўсё ж
Усміхаешся
Вольна і горда.
Як Прадслава
Аберуч
Крыж
Надзейна…
Спакойна…
Вечна…
Так трымаю цябе.
Маўчыш.
Пазіраеш.
Без страху? —
Бясспрэчна.
Як Барбара
Аберуч
Яд
Непарушна!
Рашуча!
Прагна!
Так трымаю цябе.
Без крат.
Мой каханы!
Мой морак і багна…
Я трымаю цябе.
Кайданы,
Ланцугі
І вяроўкі
Ты носіш
Так, нібыта
Патрэбны яны,
І збавення
Ніколі не просіш.
Я ж пазбавіць цябе
Не змагу.
Лёс бяздумны
Садзіцца за кросны.
Я слабая, відаць,
На тугу.
Я кахаю цябе
Моцным.
* * *
Победила ль?
Побеждена ль?
М. Цвятаева
Падначалены мне,
Ты нічога не змог
Ні змяніць, ні аддаць.
Мне шкада.
Я — каханне тваё,
Твой палон і астрог.
Я — твая
Залатая Арда.
Падначалены мне,
Ты бяссілы ля ног,
Ты маўчыш,
Твае вочы — жуда.
Схіліш голаў сваю —
Пераступіш парог,
І цябе пашкадуе
Арда.
Падначалены мне…
Не сагнуўся ты ў рог.
Плечы выпрастаў. Хай.
Не бяда.
Ты гаворыш:
З табою
Сумленне і Бог.
Што з таго?
А за мною — Арда.
Падначалены мне?
Не пазбегнеш суда!
Кроў тваю пралію
На мурог.
Толькі ў сэрцы маім
Прарастае жуда.
Любы мой!
Хто каго перамог?
* * *
«Якая самота гатэльнай турмы!
Векавая якая туга!»
Нарэшце пад дахам! Дапяліся мы.
І боль замірае ў нагах.
І болей за шкірку нам зліва не лье,
І холад не лічыць касцей.
Набліжу да полымя рукі твае.
Мы разам. Нам сёння прасцей.
Мы разам ішлі праз імжу, і скажу,
Што лёгкай дарога была.
Не верыш? Дарма. Я ні ў чым не хлушу,
Не буду, калі б і магла.
Ніякай самоты, ніякай тугі.
Стагоддзі сплылі — што з таго?
Ты спі, ты не слухай мяне, дарагі.
Я — варта ля дома твайго.
Дзе б дом твой ні быў,
Пры парозе стаю.
І службу ніколі не кіну сваю.