Кася Глухоўская

нарадзілася 2 чэрвеня 1995 года ў Мінску, адвучылася з чырвоным дыпломам на медыцынскага псіхолага ў 1, працуе псіхолагам у рэспубліканскай дзіцячай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі. Аўтар паэтычный кнігі «Калі дрэвы растуць з галавы» (2013). Марыць працягнуць навучанне ў магістратуры па спецыяльнасці «Арт-тэрапія» у замежжы, бо ў нас такіх спецыялістаў не рыхтуюць.

Саламяныя знічкі сноў

Пан і сон

Засынае дзяўчынка пад лапікавай самотай:

Ні малітвы на сон, ані покуці ў тым пакоі,

Дзе цвіце яе сэрца і роснай зіхціць крывёю,

Нічые імёны нагруквае небу ўпотай.

 

Толькі ўскосна сказаць пра каханне мажліва, коснай

Стала мова, прамова, дамова, надзея, вера.

Сніцца морак пра мора, пра Звера і ціхі бераг.

Побач з дзеўчынай Пан — заплятае ёй жахі ў косы.

 

Ён сядзіць вельмі ціха, каб бачыць, спусці павеі —

Промні дзённых агнёў тады лягуць, нібы праз лісце.

Ты пазнаеш яго, вы сябрамі былі калісьці,

Разумелі абодва, што нехта не так сталее.

 

Разумнейшы не той, хто расце, як трава ці горы, —

Пальцы Панавы здолелі б пераплесці ўсе травы,

Да пяскоў валуны перацерці, бо мае права,

Толькі правым ад гэтага зноў падаецца морак.

 

Толькі правым ад гэтага зноў падаецца вораг,

Звер прадоння, што вые пра вечнасць глыбінь адчаю.

Пан спакойна ўсе страты твае і свае страчае,

Гладзіць па галаве і цябе, і таго, хто ў моры.

 

***

Тут няма ні рэлігій, ні казак. Адны сусветы:

Ад касмічнай прасторы да сноў саламяных знічак,

Ад карціны Ван Гога да нашых святочных звычак,

Ад кахання ўсім сэрцам да «можа, наступным летам».

 

І не ведаю, гэта пакута ці гэта праўда.

І не ведаю, гэта старанне ці гэта старасць.

Дай, Пан, дурню руку, адвядзі мяне ў сон ці ў зарасць,

Дай, Пан, човен і ветразь дзяўчыне, нібы параду.

 

Сон

Закрываючы вочы, я стануся белым аленем:

Прарастуць мае рогі праз неба, а ногі — праз мох.

Чараўнічы куродым ад дэманаў, водар палення,

Чабаровы, ядлоўцавы, мятны над топямі смог.

 

Там, дзе шаты хавае туман, духі ходзяць па водах.

Чуеш пляскат ці не, чуеш лязгат даўгіх кіпцюроў?

Апроч кветак і дыму не будзе ніякае зводы,

Абароны ніякай не будзе ў краіне бароў.

 

Толькі белым аленям нішто не пагроза між зданяў,

Бо жыве не жыве, а свабодна лунае ўва сне

Статак постацяў белых. У песнях, калі нас не стане,

Застануцца паданні. І ў топі — аленевы след.

 

Медузы і музы

Музыка, музыка, музыка, за якой

З неба спускаецца вышні яго спакой,

З мора празрыстай медузы плыве ліхтар,

З вуснаў сплываюць словы, нібы з ліста.

Сэрца — каралавы рыф, дзе прыліў, адліў

Мора Чырвонага, рыбы і караблі,

І каралі, чые скарбы не там, на дне,

А сярод музыкі праўды ў людской мане.

 

*

Музыка, музыка. Зала, гірлянд святло.

Белы карыбскі пясок пад нагу змяло,

Лёгкі цытрынавы прысмак між нот і рук,

Позірк Медузы, які прыпыняе рух:

Ты Turritopsis Nutricula, дух вады

То скамянелы, то ў вечнасці малады,

Ты не святло, і не боль, і не сон, не спеў,

Толькі пакінуць свой след унутры паспеў.

Музыка, музыка, неба, вада, пяскі —

Сэрца з каралаў мне робіць апёк людскім.

 

***

Родны анёлак, не плач да крыві з носу

і не глядзі зарніцай вачэй раскосай,

каб не прабіў, як сцізорык, да сэрца грудзі —

позірк шалёна-ўтрапёны

трапляў наскрозь.

Мы не знікаем, а зведваем новы космас —

сэрца маё прывязуць табе ноччу Возы,

так мы заўсёды, заўсёды з табою будзем.

Гэткім законам

дагэтуль, напэўна, ёсць.

 

***

На досвітку, пакуль яшчэ блакіт

Не заахвоціў вочы ў пазалоце,

За Сонцам пакаціцца маладым

Да вечных вод бясконцае ракі

Купацца ў слёзнай цноце ўсёй галоце.

І пагалоўна ў пару альбо дым,

Смугу аблокі абярнуцца потым,

Ці кропляй лавы — каралеўскім потам

Самога Сонца — на імгненне быць...

На досвітку спакоем ахініся —

Пабачыш ззянне стомленых мятлушак

У чорных гнёздах ліпы і вярбы.

Пялёсткам міндаля скрозь сон гаіся,

Нябесны сок пускай, дзе гай і пушча,

Святло ў іх лёгкіх, звон у валасах,

І лес, і сад адна свяціць раса.

 

Развага пра

Самота цудаў — гэта небыццё.

І нават сэрца ціхае біццё

Не вызначае больш за шум падзення

З гары — каменных лапікаў адзення,

З лядашыка на вокны — капяжа,

Сняжынкі на сумёт. А дзе мяжа

Змыкаецца мастом ад чалавека

Да іншага — разбураным — там лекам

Атруты боль стаецца ці здаецца.

«Нішто наўпрост на свеце не даецца», —

Так кеміць той, хто раіць рою пчол,

Гатункам кветак — райскае плячо,

Атрамантам расшытае прыволле —

Вясновых макаў поле. І не болей.

Далей — боль абаіх і смерць. А мёду

Няма. Дарадца дорыць шлях і згоду,

А зводу знойдзе той, хто пойдзе сам, —

Нагоду быць пакутнікам знікнення —

«Жыццё як цуд» — то план ці то памкненне?

Ці могуць цуды мець які расклад?

Ці іншай з’ява гэткая б была?

Час метэораў для чароўнай знічкі

Такі ж трывалы, як благія звычкі,

Ці файныя, занесеныя ў лік

Чарговых добрых справаў на Зямлі,

Улік таго, што можна быць шчаслівым.

Што зарабіў, што белага наліву

Сарваць тады мажліва спелы плод,

Калі ты сам дагледжваў сад штогод.

І дрэва гадаванае табою.

Ці цуд світанак, што не мае збою

І быў без нас, і будзе пасля нас,

І мае свой амаль нязменны час?

Не мне рашаць, ці правіла сістэмы

Ёсць цуд, ці гэта выключэнне. З тэмы

Агульнае: самота, росквіт, твар,

Які амаль памёр без хараства, —

Нечалавечы, чалавечы, розны.

І зноў сусвет: світанак, знічкі, росквіт.

 

Асэнсаванне

Ты бясконца побач будзь, паі

Плазмай сонца сонныя завеі.

Ледзь заўважна сарамлівасць цмее

І смыліць, як драпіна ў баі,

Між дзіцячым жахам і запалам.

Прыгадаць не мушу мілых рук,

Прыглядзець прыгоды і ўгару

Бегчы так, каб неба згаладала

Па блакіце ў цемрашал да зор,

Абгладана-белых і кашчастых.

Ты бясконца будзь і часта-часта,

Калі ў свеце пошасць або мор,

Калі ў свеце новая навала,

Хвалі вал і навальніцы сполых.

Полы да пустэчы і бясполы,

Будзь любы, цябе заўсёды мала,

Любы будзь. Забудуцца далоні,

Голас, вочы, словы, твар і стан —

Новы зноў на капішчы паўстань

Палымянай воляй у палоне.

І штодзённа між чужых вачэй,

Позіркаў, дзе холад затаіцца,

Я сумую па тваіх зарніцах —

Да чужых туліцца не лягчэй.

 

***

Трымай мой цень —

Трымценне.