Трэцякласнікам мінскай сярэдняй школы № 170 пашанцавала: да іх у госці завітала сапраўдная пісьменніца! Ніна Васільеўна Галіноўская, паэтэса, чый першы твор быў надрукаваны ў далёкім 1958 годзе, пазнаёміла дзяцей са сваімі беларускамоўнымі вершамі – сур’ёзнымі і не вельмі, расказала пра даваеннае дзяцінства, праверыла вучняў на кемлівасць з дапамогай мудрагелістых загадак пра літаратурных персанажаў.
Дарэчы, падчас сустрэчы пісьменніца ні разу не звярнулася “па дапамогу” да друкаванай версіі сваіх вершаў: яна выдатна памятае ўсе творы!
Трэцякласнікі таксама адказна падрыхтаваліся да мерапрыемства: яны парадавалі шаноўную госцю чытаннем яе вершаў на памяць. Напрыканцы сутрэчы ўсе жадаючыя сталі ўладальнікамі паэтычных зборнікаў Ніны Васільеўны “Калі я шчаслівы”, якія падрыхтаваў для іх Выдавецкі дом “Звязда”. Варта адзначыць, што гэта мерапрыемства стала магчымым дзякуючы неабыякаваму стаўленню Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і настаўнікаў пачатковых класаў школы № 170 да папулярызацыі сучасных беларускіх аўтараў і іх твораў. Аўтар: Алена КАРПЕНКА