Чаго так чакаюць дзеці напярэдадні Новага года? Чаго не хапае нават дарослым у гэтыя шэраватыя снежаньскія дні? Канешне ж, цудаў, казачнага настрою і прадчування чагосьці неверагоднага!
А ці можа звычайны чалавек ствараць цуды для іншых? Безумоўна! Але ў тым выпадку, калі ён не зусім звычайны, а... пісьменнік. Той, хто стварае свае ўласныя сусветы і засяляе іх выдуманымі героямі. Як, напрыклад, беларуская пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая. Яна з дзяцінства марыла стаць чараўніцай, скончыла Акадэмію фей, навучылася варыць спецыяльны эліксір і дарыць дзецям самыя цудоўныя сны... Не верыце? А калі пачытаеце кнігі Кацярыны ці прыйдзеце на сустрэчу з ёй у бібліятэку (трэба ж аўтару дзяліцца сакрэтамі свайго майстэрства з чытачамі), – абавязкова паверыце! Вось і днямі на адной з такіх сустрэч, што адбылася ў бібліятэцы Мінскага раённага цэнтра культуры, Кацярына прадэманстравала вучням пачатковых класаў 4-й гімназіі яшчэ адну сваю звышздольнасць – ператварацца ў... Зіму. Без гэтай здольнасці не атрымалася б у аўтара напісаць “снежную” і ўтульную кнігу – “Казкі чараўніцы Зімы” (дарэчы, яна пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”). А ў кнізе – казка пра клапатлівага лесавічка Жужыка, які абараніў елачку Харошку ад небяспечных злодзеяў з сякерамі, парады пра тое, як напісаць ліст Дзеду Марозу, каб усе жаданні здзейсніліся, навагодняя быль пра незвычайнае знаёмства ў святочную ноч. Пра ўсё гэта Кацярына расказала гасцям сустрэчы. А яшчэ яны атрымалі магчымасць убачыць навагодніх памочнікаў аўтара – Снягурку і таямнічага Снегавіка. Аўтар: Алена КАРПЕНКА