Паэты, празаікі, якія пішуць для дзяцей, прыйшлі на сустрэчу са школьнікамі ў мінскую гімназію № 29.
Пакуль дарослыя галасавалі, выконвалі свой грамадзянскі абавязак, хлопчыкі і дзяўчынкі мелі магчымасць пагутарыць з казачніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, паэтамі Ірынай Карнавухавай, Віктарам Ляскоўскім, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь галоўным рэдактарам часопіса «Вясёлка» Уладзімірам Ліпскім.

Дарэчы, яшчэ за тыдзень перад нядзельнымі сустрэчамі ў гімназіі працавала кніжная выстаўка, прысвечаная творчасці менавіта гэтых аўтараў. Юныя чытачы мелі магчымасць падрыхтавацца да сустрэч, прачытаць творы літаратараў, якія пасля вялі дыялог з вучнямі. А непасрэдна ў нядзелю «Белкніга» арганізавала ў гімназіі шырокі кніжны гандаль.

Настрой, які панаваў у гэты дзень у гімназіі, пераконвае, што такі фармат зносін пісьменнікаў са школьнікамі патрабуе пашырэння. Аўтар:Мікола БЕРЛЕЖ