Да 31 сакавіка 2019 года на адрасы рэгіянальных аддзяленняў СПБ прымаюцца творы аўтараў ад 18 да 35 гадоў на Рэспубліканскі літаратурны конкурс маладых паэтаў «Мы народжаныя для натхнення». Творчае спаборніцтва праводзіцца ў дзвюх намінацыях: «Што помніць свет уратаваны?» і «Гэты свет прыдуманы не намі». На фінальны тур, які адбудзецца ў Брэсце ў маі, прыедуць пераможцы адборачных конкурсаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Аўтарытэтнае міжнароднае журы вызначыць лепшых творцаў.

Рэспубліканскі літаратурны конкурс маладых паэтаў «Мы народжаны для натхнення» з’яўляецца важнай часткай VIII Міжнароднага фестывалю рускай паэзіі ў Рэспубліцы Беларусь «Сугучча слоў жывых», прысвечанага 220-годдзю з дня нараджэння А. Пушкіна і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Фэст адбудзецца 17-18 мая 2019 года ў Брэсце. Яго праводзяць Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Русское общество» і Саюз пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. У фестывалі возьмуць удзел паэты з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія пішуць на рускай мове, а таксама літаратары з Расіі і іншых краін СНД. У межах фэсту будзе ладзіцца свята рускай паэзіі, адбудуцца творчыя сустрэчы, майстар-класы для маладых удзельнікаў свята.

Сем папярэдніх фестываляў, якія праходзілі ў 2006-2017 гадах, сталі значнымі вехамі ў культурным жыцці краіны, адкрылі дарогу маладым талентам, далі новы зарад творчасці пісьменнікам і атрымалі шырокі міжнародны рэзананс.

 

Таццяна Дземідовіч

Крыніца: інтэрнэт-партал

Выдавецкага дома «Звязда»