Кніга Алеся Карлюкевіча «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры» (Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», 2015 г.) – гэта краязнаўчы летапіс Пухавіччыны. Між тым аўтар задаецца пытаннем: «Літаратурная гісторыя аднаго раёна – ці можа гэта тэма быць прадметам асобнай, няхай нават і краязнаўчай кнігі?». Безумоўна, можа, бо кожны артыкул, нібыта ў вір, зацягвае чытача і адкрывае цікавыя старонкі гісторыі ды забытыя імёны.
Тут трэба сказаць аб асобе Алеся Карлюкевіча – журналіст, пісьменнік і краязнаўца. Чалавек, улюбёны ў сваю малую радзіму. За краязнаўчую і публіцыстычную працу адзначаны Прэміяй Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне». Ён напісаў некалькі кніжак, прысвечаных роднай Пухавіччыне і гістарычнай Ігуменшчыне. Потым, натуральна, інтарэсы пісьменніка пашырыліся і нават выйшлі за межы Беларусі – так з’явілася цудоўная кніга «У пошуках страчанага», створаная ў супрацоўніцтве з Уладзімірам Ліхадзедавым і Паўлам Якубовічам. Потым публікацыі Алеся Карлюкевіча з газеты «Голас Радзімы” былі сабраны пад адной вокладкай – у кнізе «Знічкі Айчыны». Гэта – вялікая даследчая праца, у якой распавядаецца пра 30 беларускіх гарадоў і іх ураджэнцаў. У 2011 годзе пабачыла свет кніга Алеся Карлюкевіча «Радзімазнаўства». Такім чынам, робім выснову, што краязнаўства – сталая тэма аўтара.
На жаль, беларусы найчасцей прыніжаюць сябе, маўляў, што мы…, вось іншыя народы. А чаму так адбываецца? Таму, што мы мала пра сябе ведаем. Павандраваўшы па Беларусі, у тым ліку ў складзе турыстычных груп, заўсёды дзівілася з людзей, якія нават з недаверам адносіліся да таго, што на нашай зямлі нараджаліся і пэўны час жылі тыя, чые імёны сёння вядомы ўсяму свету. Такім людзям як раз добра было б прачытаць хаця б адну з кніг Алеся Карлюкевіча.
А мы пагартаем старонкі «Краязнаўчага рэсурсу ў вывучэнні беларускай літаратуры». Напрыклад, артыкул «Дукора». Сёння Дукора – аграгарадок з насельніцтвам крыху больш за 1200 чалавек. А якая ж слаўная гісторыя ў гэтага мястэчка! Вось піша Алесь Карлюкевіч пра трох братоў Чарных, вядомасць якіх распаўсюджваецца на Амерыку. Але ж юнацтва іх прайшло на нашай зямлі і пакінула адбітак на ўсё жыццё. А яшчэ Дукора – радзіма аднаго з пачынальнікаў сучаснай беларускай драматургіі Васіля Гарбацэвіча і вядомага мовазнаўцы, доктара філалагічных навук Марыі Жыдовіч. Вельмі важна, што аўтар не піша пра тое, што і як магло быць, а вывучае першакрыніцы, адшуквае тых людзей, якія маюць дакладныя звесткі пра асоб і тыя ці іншыя падзеі. Акрамя размоў з мясцовымі краязнаўцамі, Алесь Карлюкевіч праштудзіраваў і друкаваныя крыніцы – мясцовую прэсу, у якой часта друкуюцца вельмі цікавыя матэрыялы.
А ці мае шырокую вядомасць вёска Балачанка? Ну, хіба што мясцовыя доўгажыхары ды неабыякавыя людзі з бліжэйшага наваколля ведаюць, што ў свой час тут працаваў Якуб Колас над 3-й кнігай трылогіі «На ростанях». Міхась Лынькоў і Пятрусь Броўка прыязджалі да яго ў госці. Менавіта гэтай вёсачцы паэт прысвяціў верш «Зімой у Балачанцы», таксама прыгадвае яе ў іншых творах.
Пятро Глебка на працягу трох гадоў наймаў лецішча ў вёсцы Падбярэжжа. І не толькі адпачываў, але і плённа працаваў. Калі паглядзець, дык кожная вёска Пухавіцкага раёна чымсьці адметная. Важна, каб людзі гэта ведалі і ганарыліся. Прафесар Адам Мальдзіс, які напісаў прадмову да кнігі «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры», лічыць, што «камернае краязнаўства» перарастае ў «радзімазнаўства, набывае глабальныя вымярэнні». І гэта тое, што сёння беларусам неабходна як паветра.
У сучаснай гісторыі пікі краязнаўства прыходзяцца на гады нацыянальнага ўздыму: 20-я, 80-я і 90-я. Здаецца, што цяпер зноў вяртаецца інтарэс грамадства да гісторыі краіны, літаратуры. І таму кніга Алеся Карлюкевіча можа быць добрым дапаможнікам для настаўнікаў і цікавая ўсім, хто хоча ведаць як мага больш аб выбітных асобах Беларусі.
Аўтар: Аксана ЯНОЎСКАЯ