У кнізе, якая выйшла ў смаленскім «Інбелкульце», сабраны запісы 1996–1997 гг. Па традыцыі народны паэт Беларусі шмат згадвае пра свае перакладчыцкія памкненні. Мастацкі пераклад усё жыццё суправаджаў вялікага мастака слова, які захоплена пераўвасабляў на беларускую мову здабыткі сяброў і класікаў.
Укладальнік Наталля Давыдзенка і ва ўступным слове звяртае ўвагу менавіта на гэты абсяг творчасці Рыгора Іванавіча ў 1996 – 1997 гг.: «Шмат часу і сіл паэта займала перакладчыцкая праца. Паэт перастварыў п’есы «Карлік Нос» В. Хаўфа, «Кошчын дом» С. Маршака, «Шчаслівыя жабракі» К. Гоццы для ТЮГа і «Тайбеле і яе дэман» І. Зінгера для віцебскага тэатра імя Я. Коласа. Ён пераклаў балады і санеты Я. Баршчэўскага, вершы Э. Гільвіка, Э. Дзікінсан, Ван Вэя, Г. Чарказяна, Н. Вылчэва. Часам з вялікай насалодай, часам жалячыся самому сабе: «Мазалі на мазгах… ад працы на галерах перакладу. Праца ледзь не рэзідэнцкая – мала хто будзе ведаць. І няўдзячная ў нашых умовах. Гэта болей для сябе, для душы, для гімнастыкі радка».
10 студзеня 1996 г.: «Дранько даў мне пытанне для дыялогу. Чаму не перакладаў Апалінэра. Люблю гэтага паэта, ведаю са студэнцтва. Ды ён мне халаднавата-шарнірны. Не хапае яму вар’яцінкі, якая мяне зачароўвае ў іншых паэтах. Апалінэр болей пасуе Лявону. Шматавата холаду, рамяства, як акторы кажуць – ігры з халодным носам».
На старонках дзённікавых запісаў чытача чакаюць сустрэчы з меркаваннямі, згадкамі Рыгора Барадуліна пра Льва Талстога, Іагана Вольфганга Гётэ, Райнера Марыя Рыльке, Іагана Крыстофа Фрыдрыха Шылера, Фрыдрыха Ніцшэ, Яна Райніса…
21 студзеня 1996 г.: «Закончыў нарэшце “Кошчын дом”. Узяўся за пераклад “Карліка Носа”. Выпускніца нешта напісала. Фраза правальваецца як нага на топкай балацявіне. Думаў-думаў і пачаў там-сям райком рабіць. Пасвяжэла. Аж самому захацелася перакладаць далей.»
Рыгор Барадулін перакладаў шмат твораў курда па нацыянальнасці паэта і празаіка Ганада Чарказяна, які з 1970-х гадоў жыве і працуе ў Беларусі (а нарадзіўся ў Арменіі ў 1946 годзе). Таму на старонках дзённіка шмат згадак пра яго, пра кнігі Ганада Чарказяна. 4 красавіка 1996 г.: «Паўдня Ганад распавядаў пра звычаі й норавы курдаў. Цікава, як рэлігія дзеліць і варожыць родных. Спаконна курды, што прынялі мусульманства, ужо ворагі сваіх жа братоў. Ці так Богу трэба, каб праверыць.» 22 красавіка: «Нарэшце скончыў перакладаць прозу Ганада!..» 11 мая: «Закончыў нарэшце! – перакладаць вершы Ганада. Сёння й перадрукаваў сам на машынцы. Як гара з плячэй звалілася…»
Дарэчы, Рыгор Іванавіч заўжды з цікавасцю ставіўся да прадстаўнікоў розных народаў, якія былі ў савецкай краіне, мякка кажучы, недзе па-за ўвагай, якія ўвогуле мелі розныя складаныя, гістарычным развіццём пазначаныя, праблемы. У дзённікавых запісах – і пра цыганскага паэта, перакладчыка Вальдко Калініна (нарадзіўся ў 1946 годзе). 17 красавіка 1996 г.: Перад ад’ездам заходзіўся ў выдавецтва Вальдко Калінін. Едзе зноў працаваць у Лёндан. Жыве там у беларускім асяродку. Дачушка Хрысцінка вучыцца. Толькі дзве мовы ва ўжытку – беларуская й ангельская. За рускае слова – ці посуд мыць, ці пяцьдзесят цэнтаў. І вясёла, і патрыятычна».
І з дня ў дзень Барадуліным кіруюць новыя ідэі, новыя прыдумкі. Паэт стараецца ахапіць увесь Сусвет. 19 красавіка 1996 г.: «Прыходзіў Яўген Кулік. Прынёс лацінскі арыгінал паэмы Вісліцкага. Трэба засесці за пераклад…»
Несумненна, дзённікавыя запісы народнага паэта Рыгора Барадуліна ўжо сёння ўяўляюцца своеасаблівым дакументам для гісторыі беларускай літаратуры, для гісторыі Беларусі.
Мікола Раўнапольскі
Крынiца: сайт https://sozvuchie.by