Адразу тры кнігі народнага песняра Беларусі Якуба Коласа пабачылі свет, дзякуючы замове Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

Да чытача краіны на роднай мове прыйшлі «Міхасёвы прыгоды», «Савось-распуснік. Рак-вусач», «Якуб Колас – дзецям». Выдаўцамі выступілі «Белстан» і «Альфа-кніга». Наклад у кожнага з выданняў – 200 экзэмпляраў. У праекта ёсць рэдакцыйная калегія, куды ўвайшлі: А. В. Храмы, В. В. Міцкевіч, А. І. Красоціна, У. А. Ліхадзедаў. Да паэмы «Міхасёвы прыгоды» праўнучка Якуба Коласа, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Мiцкевiч напісала лаканічную і выразную прадмову, у якой пераканаўча сведчыць, што: «У беларускай літаратуры для дзяцей наўрад ці знойдзецца другая такая кніга, якая б так прыгожа і маляўніча, проста, яскрава і вобразна паказала маленькаму чытачу багацце і разнастайнасць роднай прыроды». І вось што яшчэ піша Васіліна Міцкевіч: «Міхасёвы прыгоды» Якуб Коласа пісаў з асаблівай любоўю, бо прататыпам галоўнага героя твора быў яго малодшы сын Міхась. Міхаіл на аснове рэальных падзей, што адбываліся з ім у дашкольным узросце, а многія дзеючыя асобы паэмы: яго родныя браты – Даніла і Юрка, хлопчыкі і дзяўчынкі, з якімі ён сябраваў, – названы іх сапраўднымі імёнамі. Зачараванасць прыгажосцю прыроды роднага краю, любоў да рыбалкі, збору грыбоў і ягад, якія так паэтычна апісаны ў паэме, захаваліся ў Міхася Канстанцінавіча на ўсё жыццё».

Да кнігі «Савось-распуснік. Рак-вусач» прадмову напісала старшыня грамадскага аб’яднання «Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэння “Сакавік”», унучка Якуба Коласа Марыя МІЦКЕВІЧ. «Якуб Колас вельмі добра разумеў неабходнасць у дзіцячых творах, у якіх на роднай беларускай мове распавядалася б пра розныя з’явы прыроды, жыхароў лясоў, азёраў і рэчак. Ён вучыў беражлівым адносінам да ўсяго жывога, адмоўна ставіўся да ўзабойства жывёл і палявання, хоць і быў адным з лепшых стралкоў у Аляксандраўскім ваенным вучылішчы. Любімым заняткам класіка быў збор грыбоў. У лепшыя гады ён прыносіў за адзін раз больш за 200 баравікоў са сваіх лясных вандровак. Якуб Колас вучыў сыноў, як правільна збіраць грыбы і як захоўваць грыбніцу. Любіў ён і вудзіць рыбу, у тым ліку і са сваім сябрам і палечнікам Янкам Купалам. Напэўна, так яскрава ў паэме «Рак-вусач» Якуб Колас апісвае рачных жыхароў, раскрывае перад дзецьмі чароўны падводны свет».

Усе тры кнігі маляўніча аформіла таленавіты кніжны графік Алеся ЖЫТКЕВІЧ. Зробленыя ёй ілюстрацыі арганічна ўпісваюцца ў вымаўленыя Якубам Коласам мастацкія вобразы, параўнанні. Мастачка і расклала малюнкі па старонках кніг так спрактыкавана, вобразна, што часам здаецца, адкрыўшы ўжо тэксты паэм і вершаў, можна яшчэ раз і «перачытаць» і самі ілюстрацыі. Чаго варты адзін толькі разварот, дзе «Рыба з радасці такой/ Пайшла ў скокі талакой…», дзе «Муха на цымбалах/ Струны калыхала…», «Граў на скрыпачцы камар,/ На дудачцы – чмель-дудар»…

… Не за гарамі вясеннія канікулы. Па традыцыі розныя бібліятэкі, у тым ліку – і школьныя, будуць ладзіць Тыдзень дзіцячай і юнацкай літаратуры. Знаёмства з новымі выданнямі твораў Якуба Коласа, адрасаваных юнаму чытачу, – добрая нагода для прэзентацый, для сустрэч і ў Коласаўскім музеі, якія апошнім часам, нягледзячы на складанасці працы ва ўмовах пандэміі каронавіруса, уражвае рознымі цікавымі праектамі.

Мікола Берлеж

Крынiца: сайт http://sozvuchie.by