На календары красавалася трыццатага снежня. Да нас павінны былі завітаць Дзед Мароз са Снягуркай. Вершык для гасцей я прыгатавала. Але падумала — гэтага мала. Усё ж я ўжо не маленькая — вучаніца 5 класа.
У пакоі я агледзела свае цацкі. Разгубілася, што з іх выбраць, каб падарунак быў памятны? Але нічога не нагледзела. Узяла альбомны ліст і алоўкі. Пайшла з імі на кухню. Мне захацелася намаляваць зімовы пейзаж.
У дзверы патэлефанавалі нечакана. Мы з бацькамі чакалі казачных персанажаў пазней. Я пабегла адчыняць. На парозе стаялі Дзед Мароз і Снягурка.
— Добры дзень таму, хто ў гэтым даму! — сказаў весела Дзед Мароз. — Мы з унучкай прыйшлі павіншаваць вас з Новым годам! Тут жыве дзяўчынка Насця?
— Гэта я! — адказала я.
— Праходзьце, праходзьце, — запрасіла чароўных гасцей у кватэру мама. — Распранайцеся — і да нашага стала! Пачастуем вас гарбатай з тортам.
Казачныя героі хацелі адмовіцца. Маўляў, іх чакаюць і іншыя дзеці. Але тата запярэчыў:
— І слухаць не будзем. Не адпусцім, пакуль не пачастуецеся ў нас!
Госці прайшлі на кухню, дзе мама ўжо паставіла на стол гарбату і торт. Мы дружна селі за стол і пачалі частавацца.
— Ну, Насця, павесяліце старога чалавека і яго ўнучку, — прамовіў Дзед Мароз. — Пакажыце, як вы ўмееце вершы чытаць ці спяваць, танцаваць. А мы са Снягуркай паслухаем ды і адпачнем з дарогі.
Я расказала гасцям вершык.
— Ну дзякуй, Настачка, павесяліла ты нас, — пахваліў мяне стары. —
А вось разгадай цяпер нашы загадкі. Што плача без слёз?
— Снег, — падумаўшы, адказала я.
— А цяпер мая чарга задаваць загадку, — сказала Снягурка. — Што без ног ідзе?
— Дождж, — здагадалася я.
— Ну і яшчэ адна табе загадка ад мяне, — прамовіў Дзед Мароз. — Што без вады плавае?
— Аблокі! — адказала я.
— Малайчына, — пахвалілі мяне казачныя персанажы.
— Дазвольце і ў вас запытацца, — сказала я і зірнула на казачных герояў. — Які падарунак быў для вас самы памятны ў дзяцінстве?
Казачныя героі пераглянуліся. Здаецца, яны не былі гатовыя да такога пытання.
— Калі мне было пяць гадоў, мне падарылі Снегавіка, — сказаў Дзед Мароз. — Я і зараз з ім неразлучны. Ён прыглядае за домам, калі я адсутнічаю — віншую дзяцей.
— А маім найлепшым падарункам была вялізная Сняжынка, — адказала Снягурка. — Такая ёсць толькі ў мяне. І мы з ёй сябруем да сёння.
А я прыгадала мядзведзяня, якога падарылі, калі мне было чатыры гады.
— Гэта мой самы любімы падарунак. Мы таксама будзем з ім сябраваць заўсёды, — падзялілася я таямніцаю з гасцямі.
— Вельмі добра, — узрадаваўся Дзед Мароз. — Ніколі не трэба забывацца на свае найлепшыя падарункі і мяккія цацкі, якія вам падарылі ў дзяцінстве. А то яны могуць пакрыўдзіцца...
З чароўнымі гасцямі мы сядзелі, мабыць, гадзіну. Успаміналі свае дзіцячыя мары, падарункі, і нам ад гэтага было добра і весела.
Ужо калі Дзед Мароз і Снягурка апраналіся і збіраліся выходзіць, я працягнула ім малюнак, які незаўважна малявала за сталом падчас бяседы.
На малюнку былі я, бацькі і казачныя героі. А яшчэ я дамалявала Снегавіка і Сняжынку, быццам яны таксама былі з намі. Мы разам пілі гарбату, а пасярод стала стаяў вялікі торт.
Андрэй СІДАРЭЙКА
Крыніца: інтэрнэт-партал
Выдавецкага дома «Звязда»