Актыўная і прынцыповая дзяўчына з акрэсленымі сацыяльна-палітычнымі поглядамі, якая вучыцца ва ўніверсітэтах буйнейшых еўрапейскіх гарадоў, свабодна вандруе па краінах Старога Свету і можа патраціць апошнія грошы, але дзіўным чынам вярнуцца з Італіі ў Беларусь… Алаіза Пашкевіч паўстае абсалютна сучасным нам чалавекам, вось толькі ўявіць яе эпоху даволі складана. Пачатак ХХ стагоддзя — гэта тысячы непісьменных сялян, сустрэчы рэвалюцыянераў на кватэрах у царскіх афіцэраў, эпідэміі смяротных хвароб… Барацьба за лепшую будучыню для рабочых і сялян натхняла Цётку на вершы, занадта радыкальныя для сучаснага гуманнага чалавека, — пры тым, што бацькі паэтэсы мелі ўласныя фальваркі, браты былі афіцэрамі, а ваеннаслужачых царскай арміі Пашкевічанка ратавала ад смерці падчас Першай сусветнай вайны, не шкадуючы ўласнага здароўя.

Алаіза Пашкевіч пазіцыянуецца альбо як паэтка-змагарка, альбо як асветніца, якая, па словах Антона Луцкевіча, «усе сілы аддала на служэнне святой ідэі адраджэння беларускага народа». Не менш істотна, што біяграфія Алаізы Пашкевіч — гэта ўзорны жыццяпіс «новай жанчыны» эпохі мадэрнізму. На пачатку ХХ стагоддзя гендарная прыналежнасць ужо не разглядалася як перашкода для самарэалізацыі ў публічнай сферы, і асяроддзе нешматлікай беларускай інтэлігенцыі было ў гэтым плане абсалютна адэкватным.

Здаецца, не ўзнікала ніякіх сумневаў у тым, што жанчына нароўні з мужчынам можа быць пісьменніцай, рэдактаркай, актрысай, сябрам палітычнай партыі, заснавальніцай перыядычных выданняў… Вобраз маладой нацыянальна свядомай інтэлігенткі паўстае абсалютна станоўчым, амаль узорным у аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» (1919), трагікамедыі Янкі Купалы «Тутэйшыя» (1922). Беларускія пісьменнікі, безумоўна, разлічвалі на ўдзел жанчын у справе нацыянальнага адраджэння і ўспрымалі іх як сваіх правамоцных калег у розных відах дзейнасці — пра што, у прыватнасці, сведчаць літаратурна-крытычныя артыкулы Максіма Багдановіча, дзе неаднойчы згадваецца творчасць Цёткі і Канстанцыі Буйло.

Намаганнямі мысляроў і творцаў з Еўропы і суседніх краін праблема месца і ролі жанчыны ў сацыякультурных працэсах не патрабавала актыўнага дыскутаваня. Праз жыццяпіс Алаізы Пашкевіч было фактычна зацверджана, што ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя жанчына магла свабодна абраць кірунак творчай працы і цалкам разлічваць на мужчынскае паразуменне. Дарэчы, у грамадска-палітычнай дзейнасці Цётка — жыхарка Расійскай імперыі — пачувалася больш вольна, чым многія і многія беларускія жанчыны, якія нарадзіліся пасля яе.

Праўда, жаночыя імёны, якія можна паставіць побач з імем Алаізы Пашкевіч, зоймуць літаральна некалькі радкоў побач з доўгім шэрагам імёнаў мужчынскіх. Канстанцыя Буйло, Зоська Верас, Паўліна Мядзёлка, Уладзіслава Луцэвіч, Ванда Лявіцкая, Леаніла Чарняўская… Як слушна адзначаў філосаф Уладзімір Конан, «бальшыня “заможных” афіцыйна далучаліся да “панскай” польскай альбо “господствующей” рускай культуры». Ідэя Беларусі была абсалютна новай для інтэлігенцыі Паўночна-Заходняга краю, элітарная беларуская культура толькі пачынала развівацца…

Нават у кампактным кнігазбораўскім выданні выбраных твораў Цёткі можна знайсці нямала пацверджанняў скептычнага стаўлення да справы адраджэння. «Звычайна не толькі чужыя, але і хатнія смяяліся нада мной і дакаралі за беларускасць як за “надуманую непатрэбшчыну”» — адзначала Уладзіслава Луцэвіч ва «Успамінах пра Цётку». Браты Іваноўскія, з якімі ў юнацтве сябравала Пашкевічанка, увогуле лічылі сябе прадстаўнікамі трох нацыянальнасцей. Паводле Юрыя Туронка, «...Юрка быў паляк, Вацлаў — беларус, а Тадэвуш — літовец».

Дзяўчаты з інтэлігентных сем’яў, як правіла, апыналіся большымі канфармісткамі, чым Цётка ці Уладзіслава Станкевіч. А вясковыя дзяўчаты, якія былі носьбітамі беларускай мовы і беларускага светапогляду, не мелі належнай адукацыі, каб далучыцца да нацыянальнай інтэлігенцыі. Аўтаркі сялянскага паходжання колькасна значна саступаюць «сынам беларускай вёскі» — з літаратуры ХХ стагоддзя самыя яркія асобы — гэта Еўдакія Лось, Яўгенія Янішчыц, Данута Бічэль-Загнетава.

Імя Алаізы Пашкевіч не толькі адкрывае пералік айчынных жанчын-літаратарак, але і на працягу стагоддзяў надае беларускам веры ў свае сілы. Жанчына можа быць не толькі эмацыянальнай, вытанчанай і артыстычнай, але і амбітнай, рашучай, мужнай. Інакш не атрымаецца значных здзяйсненняў — а ніва чакае…

Алеся ЛАПІЦКАЯ