Па часе іх разлучае семдзесят год, а яднае пісьменніцкі лёс, стойкасць характараў, патрыятычныя перакананні.

Алаіза Пашкевіч і Валянціна Коўтун… Прыгожыя рамантычныя жанчыны, высакародныя натуры прысвяцілі сябе роднаму слову, Айчыне, светлым ідэям. Абедзвюх аўтарак паяднаў векавечны «крыж міласэрнасці». Сімвалічна, што Валянціне Коўтун, аўтарцы дылогіі пра Алаізу Пашкевіч, сёлета споўнілася б таксама семдзясят год.

Дагэтуль застаецца для нас загадкай з’яўленне Валянціны Коўтун, маладзенькай выпускніцы сталічнага ўніверсітэта, у прыгранічных з Літвой Варнянах на Астравеччыне. Што Астравец — свету канец, на той час ведалі выпускнікі ўсіх устаноў. Вядома, прыказка вельмі перабольшвала. І ўсё ж — настаўніца са сталіцы! Хадзілі чуткі, нібыта маладая паэтэса ўдзельнічала ў студэнцкіх хваляваннях у Мінску, таму такое размеркаванне. Шкадую, што не запытаўся ў сваёй настаўніцы, добра знаёмай паэткі, пра гэты факт. Валянціна Міхайлаўна працавала на Астравеччыне ўсяго два гады. Выпусціла наш клас і з’ехала ў сталіцу.

Патрыятызм — адна з галоўных рыс Валянціны Коўтун. Кожная яе публікацыя як літаратуразнаўцы ці таленавітай паэтэсы была скіраваная супраць несправядлівасці, супраць скажэнняў беларускай гісторыі. Валянціна Міхайлаўна неаднойчы публічна станавілася заступніцай Беларусі. Ужо сталай, прызнанай паэтэсай яна стварае Усебеларускі жаночы фонд святой Еўфрасінні Полацкай і больш як дзесяць год са сваімі аднадумцамі працуе дзеля захавання памяці пра беларускую асветніцу, прысвячае ёй раман, нязменна нагадвае пра значную ролю жанчыны ў грамадстве. Выгадавала дваіх сыноў, працавала ў рэдакцыях часопісаў і дзяржаўных выдавецтвах. Заўсёды востра рэагавала на грамадскія праблемы, што не магло не адбіцца на здароўі.

Яшчэ падчас працы ў Варнянах Валянціна Міхайлаўна, помніцца, надавала асаблівае значэнне вывучэнню творчасці Цёткі. Ужо тады яна жыла вобразам паэтэсы-рэвалюцыянеркі, змагаркі за роднае слова, за лёс беларускага народа. Яны нават былі падобныя знешне ў хвіліны ўзрушэння: вытанчана прыгожыя, стройныя, артыстычна далікатныя ў адносінах. А на занятках задуменная сучасніца глядзела ў акно на вясенні сад, чытала Цётчыны вершы, і нам, вучням старэйшых класаў, здавалася, што дэкламуе сама аўтарка з далёкіх часоў, з Пяшчыны на Шчучыншчыне. Што цяпер таіцца, шмат якія хлопцы былі закаханыя ў маладую настаўніцу, бо некалькі гадоў розніцы ва ўзросце не мелі значэння ў маладосці.

Прайшло шмат часу. Зрэдзь мы сустракаліся на дванаццатым паверсе выдавецтва «Юнацтва», дзе Валянціна Коўтун працавала, перабіраючы ў тым ліку мае рукапісы. З’яўляліся адна за адной яе таленавітыя паэтычныя кніжкі, ужо абаронена кандыдацкая па літаратуры. І раптам — навіна пра вялікі, дасканалы, гістарычна і сацыяльна значны твор пра Цётку. Наступная прыступка да вядомасці і прызнання — літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. Стварэнне шырокамаштабнага мастацкага палотнішча запатрабавала працяглага часу, шмат духоўных і фізічных сіл. З цягам часу стала вядома пра шматлікія паездкі пісьменніцы па Цётчыных мясцінах, пачынаючы ад шчучынскіх Пешчыны, Старога Двара, Васілішак да беларускіх, літоўскіх, украінскіх і нават замежных архіваў — паўсюль, куды трапляла Алаіза Пашкевіч цягам кароткага, але бурлівага жыцця.

У прадмове да дылогіі «Крыж міласэрнасці» Валянціна Коўтун адзначыла, што шмат часу прысвяціла збору матэрыялаў. Па метрычных кнігах Васілішкаўскага касцёла, якія захоўваюцца ў фондах гістарычных архіваў Гродна, яна высвятляла гады і прозвішчы з радавога дрэва Пашкевічы-Вызгі-Вінчы-Яцэвічы, углыб да Цётчыных дзядоў. Адзін з запісаў метрычнай кнігі: 1876 год, 3 ліпеня. У ваколіцы Пяшчына нарадзілася Алаіза Пашкевіч. Ахрышчана ў Васілішкаўскім касцёле 8 верасня. Тут жа засведчана: Алаіза Пашкевіч павенчана са Стэфанам Кайрысам 7 лютага 1911 года…

Каб уявіць жыццёвы вобраз Цёткі, В. Коўтун гартала шматлікія тамы вядомых бібліёграфаў, успаміны аднакурснікаў па вучылішчы Веры Поразавай і іншых асоб. Цяжка зразумець, хто гаворыць на старонках, чые словы, думкі і пачуцці гучаць у большай ступені — аўтаркі альбо гераіні — настолькі духоўна блізкімі яны падаюцца ў творы.

З асаблівым замілаваннем гучаць радкі, дзе Алаізе сняцца ў Вільні родныя мясціны, дзе сябравала з братамі Іваноўскімі. Гучыць здагадка: «І ці не Вацлаў упершыню запаліў у яе свядомасці свечку — ідэю Беларусі, беларускі знак. Алаізу ўжо кранулі яго палкія словы і шчырая вера ў будучыню, яго гатоўнасць самаахвяравацца беларускаму змаганню».

Здаецца, што часам хвароба юнай Алаізы, якая пачала падступацца так рана, забірае і сілы аўтаркі кнігі. І яны пакутуюць разам, пакідаючы радзіму падчас эміграцыі. (Дарэчы, у Львоўскім універсітэце праз шмат гадоў пасля Алаізы Пашкевіч будзе вучыцца і Коўтун.) Быў у жыцці Пашкевічанкі пецярбургскі перыяд, дзе шлях барацьбы асветлены яркімі сустрэчамі з Антонам Луцкевічам, зноў жа з Вацлавам Іваноўскім. Сходкі, дэманстрацыі, спрэчкі. Нарэшце — арганізацыя спачатку падпольнага, а потым легальнага беларускага друка па ініцыятыве Цёткі і І. Луцкевіча.

Новае вяртанне ў Вільню. 1906 год — Цётка выдае «Беларускі лемантар», «Першае чытанне для дзетак беларусаў», «Гасцінец для малых дзетак». У наступнае расставанне з радзімай, у Львове, Цётка пры дапамозе сяброў выдае два паэтычныя зборнікі «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская».

З асаблівым замілаваннем напісаныя радкі дылогіі, дзе Алаіза Пашкевіч ўспамінае сваю радзіму ці на кароткую часіну прыязджае дадому, дзе старадворскія мужыкі «пакутліва змагаюцца з горкім сумам ад таго, што няма выйсця».

«…Ад сялібы Стэфана Пашкевіча да Васілішкаўскага гасцінца кіравала нешырокая дарога… Уся чорная і гразкая… Яна заўсёды здавалася Алаізе жывою і дрогкаю — дыхае, баліць…»

«…Алаіза любіла ўсё, што любіў бацька. І гэтую дзівосную арабінавую алейку, і вялізнае гумно з пахучым сенам і ластаўчынымі гнёздамі пад страхою…»

«…Вось і цяпер бачым, друкуюцца кніжкі, выходзіць ужо другая газета, ідзе перапіска з вучонымі — усё па-нашаму. І ніхто не смяецца, ніхто не плюе на нашу мову…» (з артыкула Цёткі «Шануйце роднае слова»).

Прыпамінаюцца 130-я ўгодкі з Дня нараджэння Алаізы Пашкевіч ля помніка на яе магіле ў Старым Двары. Валянціна Коўтун чытае вершы, падпісвае знаёмым адну з апошніх сваіх кніжак «Свяча любові», дзе нямала радкоў прысвечана любімай Цётцы. Асэнсаванне асобы гэтай беларускай паэтэсы пачалося з паэм «На зломе маланкі» і «Суд Алаізы».

Перад расстаннем Валянціна Коўтун даверыла свае шматлікія занатоўкі, рукапісы, задумы і таямніцы добра знаёмай жанчыне-архівісту дзеля захавання і вывучэння. Архіў пісьменніцы ўтрымлівае і шмат матэрыялаў з біяграфіі Цёткі, сведчыць пра вялікую чалавечую павагу і любоў да старэйшай сястры — Алаізы Пашкевіч. Нездарма, звяртаючыся ў прадмове да галоўнай гераіні, аўтар заўсёды піша займеннік «Ты» з вялікай літары.

Раман Валянціны Коўтун побач з творамі Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Рыгора Бярозкіна, Лідзіі Арабей пра Пашкевічанку вылучаецца як своеасаблівая споведзь перад старэйшай крывіначкай — дарадчыцай, настаўніцай, пуцяводнай зоркай.

Рычард БЯЛЯЧЫЦ