Гэты год урадлівы на знакавыя падзеі ў айчыннай культуры. Сярод іх юбілей нашай выдатнай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Яе яскравы талент праявіўся і ў паэзіі, і ў прозе, і ў публіцыстыцы, а яшчэ яна была выдатным педагогам, асветніцай.
Сёння з поўным правам можна гаварыць пра актуалізацыю педагагічнай спадчыны Цёткі, бо гэты кірунак яе дзейнасці доўгі час заставаўся без належнай увагі. Больш таго, замоўчваўся або нават ставіўся ёй у віну. Так, М. Клімковіч у 1952 годзе пісаў, што Цёткай страчаны патрэбныя пазіцыі, а «распрацоўваюцца пераважна «агульначалавечыя» праблемы». Узятае ў двукоссе слова агульначалавечыя стала на доўгі час своеасаблівым забараняльным знакам на дарозе да метадалагічнага вывучэння асветніцкіх прынцыпаў Цёткі, пісьменніцы і педагога.
У літаратуру Цётка прыйшла менавіта з народнай школы, таму ўсе праблемы гэтай сферы былі ёй блізкімі, як і мара беларускага селяніна пра паўнавартаснае навучанне сваіх дзяцей (бо гэта быў рэальны шлях да лепшага жыцця). У сваіх успамінах Ю. Вітан-Дубейкаўская вылучае гэта як прычыну прыходу Алаізы Пашкевіч у прыватнае семінарскае вучылішча В. М. Прозаравай, якое рыхтавала настаўнікаў пачатковых школ. З вялікай пашанай Дубейкаўская згадвае, з якой «нязломнай энергіяй Алаіза Пашкавічанка прабіла сабе дарогу»: вучылася і адначасова зарабляла прыватнымі ўрокамі. У 1901-м — пачатку 1902 года Цётка настаўнічала. Яна вучыла дзяцей у беларускай (на той час нелегальнай) пачатковай школе і на практыцы пераканалася, якая вострая неабходнасць ёсць у вучэбнай літаратуры, напісанай на роднай мове. Самаадукацыя, слуханне лекцый у Пецярбургскім універсітэце, філасофскі факультэт у Львове, затым гуманітарны ў Кракаўскім універсітэце істотна пашыраюць яе веды. І ўсюды яна бесперапынку дбае пра адукацыю, пераймае досвед. Напрыклад, у Львове Цётка перакладае з украінскай мовы і ў 1906 годзе выдае ў друкарні Базыльянскага манастыра ўніятаў кніжачку (7 апавяданняў, некалькі загадак і прыказак) «Гасцінец для малых дзяцей». У тым жа годзе ў Пецярбургу яна выдае арыгінальны падручнік для пачатковай школы «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Але спачатку была каласальная праца па выданні «Лемантара», аўтарам якога доўгі час лічылі Каруся Каганца. Безумоўна, ён меў дачыненне да гэтай працы, але пераважна як мастак-афарміцель (у «Беларускім лемантары» 19 малюнкаў). Гэта даказала ў сваіх даследаваннях М. Яфімава, адшукаўшы сведчанне Якуба Коласа пра аўтарства Цёткі. Пачынаць пісьменніцы-асветніцы даводзілася фактычна з нуля. У канцы ХІХ стагоддзя пераважная большасць беларусаў былі непісьменныя. На васьмімільённае насельніцтва Беларусі ў 1905 годзе налічвалася толькі 25 сярэдніх навучальных устаноў. Беларуская мова нідзе не вывучалася, і валодала ёю толькі дзевяць працэнтаў настаўнікаў.
Уздым педагагічна-асветніцкай дзейнасці Цёткі прыпадае на 1914 год, калі яна бярэцца за выданне часопіса для беларускай моладзі «Лучынка», дзе змяшчае шмат цікавых і разнастайных матэрыялаў для юнага чытача. Нават у самых складаных умовах, калі Вільня была акупіравана немцамі, Цётка не перастае дбаць пра нацыянальную асвету. Вядомая праграма па справе беларускіх школ, з якой яна звярталася да нямецкіх акупацыйных улад (гэты факт пазней то ставіўся ёй у віну, то папросту замоўчваўся). У лістападзе 1915 года была адкрытая першая пачатковая беларуская школа ў Вільні. Настаўнікаў неставала, і Цётка наладзіла распрацоўку праграм для трохмесячных настаўніцкіх курсаў, спадзеючыся, што, падрыхтаваўшы першы выпуск, можна будзе адкрываць беларускія школы па ўсіх прадмесцях, дзе жыло больш беларусаў. На жаль, здзяйснення гэтай задумы ёй не суджана было дачакацца. А як адзначыла Зоська Верас, сустракаючыся ў год свайго 95-годдзя з настаўнікамі са Слоніма, больш «апантанай натуры», хто абазнана і самаахвярна падхапіў бы такую справу, на той час не было.
Без самаахвярнай працы сапраўды нельга было абысціся. Яшчэ распачаўшы працу над стварэннем навучальнай літаратуры на роднай мове, асветніца сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі. На працягу стагоддзяў беларуская мова пераважна развівалася як сродак вусных зносін. Трэба было неадкладна выпрацоўваць фанетычныя, графічныя і марфалагічныя нормы, неабходныя для навучання. Цётка зрабіла ў гэтым кірунку шмат. Выкарыстала лепшыя літаратурныя творы, а таксама шматлікія фальклорныя, этнаграфічныя і лінгвістычныя даследаванні вядомых вучоных: Я. Карскага, П. Шэйна, М. Нікіфароўскага і іншых. Фактычна быў зроблены значны крок па шляху стварэння навучальнай мовы. Сведчанне таму — ліст Цёткі ад 28 чэрвеня 1906 г. да Эпімаха-Шыпілы, дзе яна пісала: «што чутно з букваром, ці ўжо гатоў… і ў нас будзе фанетыка наша беларуская. Гэта вельмі важна, бо буду цяпер выдаваць папулярныя рэчы для народа, дык не ведаю як і чаго трымацца». Мелася на ўвазе «Першае чытанне для дзетак беларусаў», задуманае як хрэстаматыя, а яе неабходна было вытрымаць у адным моўным рэжыме, што з’яўляецца першасным метадычным патрабаваннем да кніг вучэбнага характару. Гэта быў жыццёва неабходны падмурак для дзейнасці нацыянальнай школы.
Яшчэ адна грань педагагічнай спадчыны Цёткі знайшла сваё ўвасабленне ў яе публіцыстыцы, у артыкулах «Да вясковай моладзі беларускай», «Шануйце роднае слова», «Аб душы маладзёжы», «Да дзяўчатак», «Да школьнай моладзі». Шматстайныя па палітры закранутых тэм і праблем, артыкулы аб’яднаны эмацыянальнасцю прамаўлення, падзвіжніцкім педагагічным зместам пастаўленай мэты.
Дбаючы пра выхаванне нацыянальнай свядомасці, патрыятызму, Цётка пазбягала напышлівых, безаблічна агульных заклікаў. Беспамылковым педагагічным чуццём абірала другі падыход, імкнулася ўзрасціць патрыятызм, які пачынаецца з дбання пра кожную кветку, пра кожнае дрэўца, пачынаецца з «маёй» хаты, рачулкі, мястэчка, перарастаючы ў патрыятызм маёй Бацькаўшчыны. Пісьменніца была перакананая: калі ў чалавека няма любові і пашаны да малой радзімы, да ўсяго, што яе складае, то ў яго не будзе гэтай любові і пашаны і да Радзімы вялікай. «Развівайце ў сабе любоў да чалавека, — мудра прамаўляе асветніца, — і для вас заўсёды будзе дораг родны край і народ…»
Гэта думка складае ідэйнае ядро яшчэ адной грані мастацка-педагагічнай спадчыны Цёткі — яе навуковай белетрыстыкі для дзяцей. І ў гэтай галіне яна была пачынальніцай. Сучасная дзіцячая навукова-папулярная літаратура бярэ свой выток з каларытных твораў пісьменніцы. Гэта і рэалістычна-казачныя апавяданні «Пчолы», «Гутарка аб птушках», і артыкулы «Пералётныя птушкі», «Папараць-кветка». Названыя творы дакладна разлічаны на дзіцячае ўспрыманне. Тонкае валоданне аўтаркай дакладным і разам з тым вобразным, эмацыянальным словам надае гэтым творам паэтычнасць і стылёвую лёгкасць. Арганічна ўплятаюцца ў мастацкае палатно і выхаваўчыя, павучальныя радкі. «Хто не знае пчолак?» — пачынае свой аповед Цётка і, адразу захапіўшы пытаннем увагу чытачоў, разгортвае перад імі дзівосны свет пчалінага жыцця. «Гультаяваты чалавек каб прыгледзеўся да пчалінае работы, то пэўне засароміўся б па вушы», — зазначае пісьменніца як бы між іншым. Але сказаныя з гумарам, без навязлівага маралізатарства словы адразу западаюць у свядомасць дзяцей.
Творы, якія адбірала Цётка для навучальных выданняў ці пісала сама, накіроўвалі на выхаванне ў маленькіх беларусаў любові да прыроды, да роднага краю, да людзей, на фарміраванне гуманістычных поглядаў і эстэтычных пачуццяў, на развіццё ўяўлення як неад’емнай рысы кожнай духоўна багатай асобы. На думку пісьменніцы-асветніцы, развівальны і выхавальны патэнцыял школьных чытанак крыецца ў звароце да фальклору. Азнаямленне з народнымі прыказкамі, прымаўкамі прыносіць маленькім чытачам усведамленне мудрасці, трапнасці і вобразнасці, узбагачае веды, развівае мысленне і мову, прывівае духоўнасць. У 8-м і 9-м раздзелах «Першага чытання для дзетак беларусаў» пададзены прыказкі і прымаўкі, якія Цётка занатоўвала яшчэ на Шчучыншчыне, сваёй малой радзіме. Пісьменніца Валянціна Коўтун, збіраючы ў Вільні матэрыялы для сваёй кнігі пра Алаізу Пашкевіч «Крыж міласэрнасці», даведалася, што тая мела намер падрыхтаваць невялікі дапаможнік для настаўнікаў, дзе былі б тэксты і метадычныя парады для іх, кшталту змешчаных у прадмове да лемантара «Пачытайце» (парады, як трэба вучыць чытаць). Асноўнае месца там павінны былі заняць фальклорныя творы, бо, на думку Цёткі, менавіта беларускі фальклор заключае ў сабе велізарныя выхаваўчыя і навучальныя магчымасці, бо ў ім захаваліся самыя глыбінныя пласты нацыянальнай гісторыі, бачныя карані беларускай культуры, выяўляецца светаўспрыманне і светаразуменне народа.
На жаль, архіў пісьменніцы, дзе, відаць, і захоўваліся матэрыялы да плануемага выдання, быў вывезены за мяжу яе мужам С. Кайрысам, і нам застаецца толькі меркаваць пра тое, колькі цікавых асветніцкіх ідэй і нерэалізаваных задум ён мог утрымліваць.
Алена РУЦКАЯ