Дзмітрый Шулюк

Калі толькі з’явіліся першыя фільмы, нікому і ў галаву не прыходзіла назваць кіно мастацтвам, але ішоў час, змяняліся магчымасці – і з’яўляліся людзі, якія гэтымі магчымасцямі карысталіся і, больш таго, стваралі іх. У выніку мы маем тое, што маем. То-бок меркаванне, што камп’ютарныя гульні – гэта ўжо дакладна не мастацтва. Меркаванне, якое з кожным ходам робіцца ўсё менш упэўненым, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы такім людзям, як Хідэо Кадзіма.

Хідэо — не рамеснік, які працуе на канвееры атракцыёнаў, не пастаўшчык забаўлянак. Ён – стваральнік, мастак і, згодна з меркаваннем мільёнаў людзей, геній. Думаю, прачытаўшы гэтую кнігу, і вы далучыцеся да гэтых мільёнаў, будзеце разам з імі сачыць за станаўленнем новага віду мастацтва і тымі, хто, разрываючы шаблоны, стаіць ля крыніц, якім наканавана стаць морам.